25 снежня 2024, Серада, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: «Чакаю выкліку на допыт»

15
Наталля Радзіна: «Чакаю выкліку на допыт»

Ператрусы, канфіскацыя кампутараў, зняцце пабояў, удзел у праваабарончым форуме ў Лондане, чаканне выклікаў у міліцыю - такое сёння жыццё беларускага журналіста.

Сёння мы публікуем інтэрв'ю з журналісткай charter97.org Наталляй Радзінай.

- Вядучая брытанская праваабарончая арганізацыя «Індэкс цэнзуры» намінавала вас і сайт charter97.org на прэмію «Свабода слова». Што гэта значыла для вас?

- Сёння, калі сайт charter97.org пераследуецца з боку ўладаў, для нас вельмі важная салідарнасць міжнароднай супольнасці. Падчас цырымоніі ў Лондане да мяне падыходзілі і выказвалі падтрымку шматлікія вядомыя брытанскія праваабаронцы, журналісты, грамадскія дзеячы, якія займаюцца падтрымкай свабоды слова ў свеце. Праблема цэнзуры сёння застаецца актуальнай ў шмат якіх краінах. І тое, што Беларусь - еўрапейская краіна - апынулася ў спісе «Індэкс цэнзуры» нароўні з такімі краінамі, як Эфіопія, Азербайджан, Чачэнія, Іран, Самалі і Кітай красамоўна кажа пра стан свабоды выказвання ў нашай краіне.

Каласальна важным я лічу той факт, што праблема з правамі чалавека і свабодай выказвання ў Беларусі абмяркоўваецца на сусветным узроўні. Размаўляючы з брытанцамі, я адзначала, што мне цяжка распавесці пра 16 гадоў дыктатуры, пры якой жыве мая краіна. Гэта роўна палова майго жыцця. Усе гэтыя гады ў Беларусі забівалі, выкрадалі, арыштоўвалі, запалохвалі, шантажавалі людзей. У маёй радзімы няма нафты і газу, але там жыве 10 мільёнаў чалавек. Прыкладна столькі ж жыве ў Лондане. І вось уявіце сабе, казала я брытанцам, што тое ж самае адбываецца з вамі і вашымі сем'ямі, а ўвесь свет моўчкі назірае за гэтым жахам, і кажа: затое ў вас не забіваюць людзей проста на вуліцах.

Мы, незалежныя журналісты, працягваем казаць праўду пра сітуацыю ў нашай краіне, нягледзячы на ціск уладаў. І заклікаем свет таксама казаць праўду пра Беларусь. За беспрынцыповым падлашчваннем некаторых еўрапейскіх палітыкаў да дыктатара Лукашэнкі нам назіраць значна больш балюча, чым атрымаць ўдар кулаком у твар ад амапаўца.

- Дарэчы, а як ідуць справы з канфіскаванымі міліцыяй кампутарамі?

- Я атрымала па пошце апавяшчэнне, што па канфіскаванай тэхніцы прызначаная «кампутарна-тэхнічная экспертыза». Правядзенне экспертызы даручана супрацоўнікам Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС. Я таксама падала скаргу ў пракуратуру Ленінскага раёна Менска аб тым, што ператрус праходзіў з найгрубейшымі парушэннямі: міліцыянты ў цывільным спрабавалі спачатку патрапіць у памяшканне з ужываннем сілы, без прад'яўлення пастановы пра ператрус, нанеслі мне ўдар кулаком па твары. Канфіскацыя тэхнікі таксама адбывалася з парушэннямі - серыйныя нумары сістэмных блокаў не былі перапісаныя. У мяне ёсць асцярогі, што ў нашыя кампутары могуць змясціць інфармацыю, якой там ніколі не было.

Зараз я чакаю выкліку на допыт. Сітуацыя парадаксальная. Ператрус у мяне правялі, кампутары ўсе канфіскавалі, а на допыт нават не выклікалі! Праз некалькі дзён пасля ператрусу я сама патэлефанавала дазнаўцу Ленінскага РУУС Аляксандру Чую і папрасіла выклікаць мяне на допыт. Ён адмовіўся, заявіў, што яму «проста даручылі» правесці ператрус, а справу вядзе гомельскі следчы. Пасля гэтага мне патэлефанаваў з Гомеля следчы Аляксандр Пусеў і запрасіў прыйсці на допыт 26 сакавіка чамусьці ў Савецкі РУУС Менска. Я не змагла прыйсці, бо знаходзілася ў гэты час у Лондане. Верагодна, допыт адбудзецца на гэтым тыдні.

- Ці верыце Вы ў тое, што журналістаў выклікаюць на допыты ў межах «паляўнічай справы»?

- Не веру. Мы сапраўды атрымалі па электроннай пошце ліст, падпісаны сваякамі арыштаваных у Гомелі ў межах «паляўнічай справы» міліцыянтаў. Тэма «разборак» паміж МУС і КДБ нас ніколі не цікавіла, і мы яе не асвятлялі. Перш чым публікаваць інфармацыю на сайце, мы яе правяраем. У матэрыялах абавязкова павінна стаяць гіперспасылка на крыніцу інфармацыі, ці спасылка на канкрэтных людзей. Пад гэтым лістом стаялі прозвішчы сваякоў міліцыянтаў, таму было прынятае рашэнне апублікаваць яго. Пазней у інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што гэтыя людзі да ліста дачынення не маюць. Тады было вырашана зняць гэты матэрыял з сайта, што і было аператыўна зроблена.

Затым мне неаднаразова тэлефанавалі невядомыя людзі, прапаноўвалі сустрэцца і перадаць нейкія дакументы. Я катэгарычна адмаўлялася ад гэтых сустрэчаў. Так што ўсе сённяшнія прэтэнзіі да нас абсалютна беспадстаўныя.

- Дык навошта ж улады ладзяць зараз пагромы ў рэдакцыях незалежных СМІ і сайтаў?

- Мне здаецца, што гэта правакацыя, арганізаваная спецслужбамі. Патрэбная была падстава знішчыць апошнія крыніцы свабоднай інфармацыі ў Беларусі. Да таго ж, атака на наш сайт дзіўным чынам супала з абвяшчэннем лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым намеру ісці ў кандыдаты ў прэзідэнты. Ператрус адбыўся на наступны ж дзень пасля публікацыі інтэрв'ю з ім.

Яшчэ адным пацверджэннем таго, што «паляўнічая справа» - гэта толькі падстава, стала тое, што сёння сайт charter97.org згубіў памяшканне. На гаспадыню кватэры, якую я здымаю, аказваецца сур'ёзны ціск, і яна вымушаная скасаваць дамову аб арэндзе.

Так што абсалютна відавочна, што міліцыянты вымушаныя сёння выконваць палітычную «замову» на поўнае знішчэнне свабоды слова ў Беларусі. Але я веру, што ў цэнтры Еўропы ў 21-м стагоддзі гэта немагчыма.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках