23 лiстапада 2024, Субота, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хартыя’97 – у сусветных лідэрах барацьбы за свабоду слова

30
Хартыя’97 – у сусветных лідэрах барацьбы за свабоду слова

Вядучая брытанская праваабарончая арганізацыя «Індэкс цэнзуры» намінавала сайт charter97.org і журналістку сайта Наталлю Радзіну на прэмію «Свабода слова».

Сайт быў прадстаўлены ў намінацыі «За барацьбу супраць рэпрэсіяў і за дзейнасць, накіраваную на змену палітычнага клімату».

Цырымонія ўручэння прэміяў «Індэксу цэнзуры» (Index on Censorshiр) прайшла 25 сакавіка ў Лондане. Самая буйная цырымонія за гады існавання арганізацыі (з 1972 года) адбылася ў Каралеўскім інстытуце брытанскай архітэктуры. У ёй прынялі ўдзел 250 выбітных грамадскіх дзеячоў, мецэнатаў, журналістаў Вялікабрытаніі.

Адкрываючы цырымонію, выканаўчы дырэктар «Індэксу цэнзуры» Джон Кампфнер заявіў:

«Выклікі, якія кідае сёння цэнзура, становяцца больш разнастайнымі. Як ні сумна гэта ўсведамляць, традыцыйныя атакі набылі нечуваны размах у шмат якіх краінах: запалохванні, турэмныя зняволенні, а таксама забойствы пісьменнікаў, актывістаў за тое, што яны шукаюць сваё права на свабоду слова. Але цэнзура і самацэнзура набываюць разнастайныя формы: ад кібератакаў на вэб-сайты да забаронаў на пратэсты».

На прэмію намінавалі больш за 80 чалавек з 30 краінаў свету. «Нашыя ўзнагароды ўшаноўваюць тых людзей з усяго свету, хто змагаецца з цэнзурай. Гэтыя людзі значна больш таленавітыя за тых, хто спрабуе іх цэнзураваць», – адзначыў Джон Кампфнер.

У намінацыі «За барацьбу супраць рэпрэсіяў і дзейнасць, накіраваную на змену палітычнага клімату і прадузятасцяў» з усяго свету былі абраныя чатыры прэтэндэнты: беларускі сайт charter97.org і яго журналістка Наталля Радзіна; расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял», актывістка якога Наталля Эстэмірава была выкрадзеная і забітая; дырэктар азербайджанскага Інстытута правоў медыяў Рашыд Хаджылі, які займаецца абаронай журналістаў і блогераў, што церпяць рэпрэсіі з боку ўладаў; і юрыст з Эфіёпіі Дэніэл Бекеле, што адседзеў у турме 2,5 гады за раскрыццё фактаў фальсіфікацыі выбараў.

Падчас прэзентацыі на цырымоніі сайта charter97.org было адзначана, што «у Беларусі гэты вэб-сайт з'яўляецца галоўнай незалежнай крыніцай інфармацыі па правах чалавека і свабодзе выказвання. Сайт церпіць пастаянныя атакі з боку беларускіх спецслужбаў. Разам са сваёй камандай рэдактарка сайта Наталля Радзіна працуе дзеля таго, каб інфармаваць пра выпадкі арыштаў, затрыманняў, пераследаў апазіцыі, нягледзячы на тое, што яны самі ўвесь час пераследуюцца. Толькі дзякуючы такім адважным людзям, як Наталля Радзіна, і ўсёй камандзе сайта charter97.org, адданай праўдзе і маральнасці журналістыкі, увесь свет ведае праўду пра тое, што адбываецца ў апошняй дыктатуры Еўропы».

Лаўрэатам прэміі ў гэтай намінацыі стаў юрыст з Азербайджана Рашыд Хаджылі. Дарэчы, у намінацыі «Новыя медыя» перамогу атрымаў Twitter – сацыяльная сетка і сэрвіс мікраблогінгу. Падчас масавых акцыяў пратэсту ў Іране Twitter сыграў найважную ролю ў мабілізацыі пратэстоўцаў і дапамог людзям з усяго свету даведацца пра тое, што адбываецца ў краіне, фактычна ў рэжыме анлайн. У намінацыі «Міжнародная выдавецкая ўзнагарода» перамагла Ёэл Лерэр з Ізраілю – заснавальніца ўнікальнага выдавецкага дому, які перакладае арабскую літаратуру на хібру. У намінацыі «Свабодная музыка» перамаглі спявачка з Ірана Масха Вахдат (за супраціў кансерватыўнай частцы іранскага грамадства, які пазбаўляе жанчынаў права займацца музыкай) і Ферхад Тунч з Турцыі, які настойвае на праве спяваць на курдскай мове.

«Выхад сайта charter97.org у фінал галоўнай брытанскай праваабарончай прэміі – гэта прызнанне таго, што Хартыя’97 робіць важную справу для абароны свабоды выказвання не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Бо з лакальных кропак складаецца агульнае сусветнае поле Свабоды», – адзначыла Наталля Радзіна.

Index on Censorship – лідэр у барацьбе за свабоду выказвання ў Вялікабрытаніі, і не толькі

Адкрыццё цырымоніі ўзнагароджання

Прадстаўленне Наталлі Радзінай і сайта Хартыі’97

Фіналісты ў намінацыі «За барацьбу супраць рэпрэсіяў і дзейнасць, накіраваную на змену палітычнага клімату і прадузятасцяў» Дэніэл Бікеле, Наталля Радзіна і Рашыд Хаджылі

Наталля Радзіна і знакаміты іранскі рэжысёр і журналіст Мазір Бахары

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках