23 лiстапада 2024, Субота, 23:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавес дасць Лукашэнку нафту ў абмен на зброю?

18

Продаж ваенных тэхналогій і ўзбраенняў быў адной з мэтаў візіту беларускага кіраўніка ў Каракас, сцвярджаюць беларускія СМІ.

Выступаючы 16 сакавіка ў Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў свайму венесуэльскаму калегу Уга Чавесу падзяліцца досведам стварэння сістэмнай абароны дзяржавы. Сістэма дазволіць апошняму не баяцца любога, нават самага магутнага ворага, паведамляе газета «Белорусы и рынок».

На думку некаторых ваенных экспертаў, гаворка можа ісці аб стварэнні ў Венесуэле інтэграванага абарончага комплексу, які ўключае супрацьпаветраную абарону, сродкі радыёэлектроннай барацьбы і супрацьдзеяння высокадакладнай зброі.

Зыходзячы з гэтай здагадкі, а таксама з неаднаразовых выказванняў венесуэльскага лідэра, можна зрабіць выснову аб тым, якія менавіта віды ўзбраенняў і тэхнікі абароннага прызначэння Каракас мае намер набыць у Менску.

Так, у студзені 2008 года напярэдадні візіту ў Беларусь Уга Чавес заявіў, што адной з галоўных мэтаў яго паездкі з'яўляецца ўзгадненне канкрэтных дэталяў кантракта па набыцці комплекснай сістэмы СПА. У яе павінны будуць увайсці «радары далёкага выяўлення і ракеты адпаведнага радыусу дзеяння».

Стварэнне комплекснай сістэмы СПА прадугледжвае выкарыстанне ў якасці яе «мозгу» аўтаматызаванай сістэмы баявога кіравання тыпу АСК «Бор-1М», які ў цяперашні час з'яўляецца своеасаблівым інтэлектуальным ядром супрацьпаветранай абароны Беларусі.

Важным элементам венесуэльскай СПА можа стаць мабільная радыёлакацыйная станцыя метровага дыяпазону «Усход», здольная выяўляць бамбавікі B-52 і самалёты ДРЛА на адлегласці да 255 км. У новай РЛС у некалькі разоў павялічаныя магчымасці выяўлення не толькі цэляў тыпу F-16, але і самалётаў, вырабленых па тэхналогіі «Стэлс».

Што ж тычыцца зенітна-ракетнага ўзбраення, то, на думку шэрагу аналітыкаў, прадпрыемствы беларускага ВПК могуць прапанаваць венесуэльскім ваенным арыгінальныя версіі дапрацаваных зенітных комплексаў блізкага дзеяння С-125 і далёкага - С-200.

Вылучаецца таксама версія аб магчымасці паставак Венесуэле зенітна-ракетных комплексаў уласнай вытворчасці, створаных на базе С-300 яшчэ савецкай распрацоўкі. У якасці падставы для падобных гіпотэз аналітыкі выкарыстоўваюць той факт, што на 2566-м заводзе па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення ў Барысаве ўжо наладжаны капітальна-аднаўленчы рамонт гэтых комплексаў.

Калі ж казаць аб сродках вядзення радыёэлектроннай барацьбы, то ў гэтым кантэксце часцей за ўсё згадваюцца беларускія комплексы радыётэхнічнай разведкі 85В6-А і 85В6-Б, прызначаныя для выяўлення, распазнавання і суправаджэння да 100 наземных марскіх і паветраных аб'ектаў па выпраменьванні іх радыёэлектронных сродкаў. Паветраныя цэлі на вышыні 10 км яны выяўляюць на адлегласці 400 км.

Для падаўлення бартавой электронікі баявых самалётаў нашым венесуэльскім сябрам могуць быць прапанаваныя станцыі магутных шумавых перашкод СНП-2 і СНП-4. З апошніх распрацовак - станцыі радыёперашкод Р-934УМ «Удар» і Р-378УМ «Укол».

Вельмі верагодна, што ў Венесуэлу будуць пастаўлены і найноўшыя сродкі процідзеяння высокадакладнай зброі. Частка з іх ужо паступіла ў беларускую армію для вопытнай эксплуатацыі. У прыватнасці, комплекс пастаноўкі перашкод лазерным сістэмам навядзення «Сапфір» і комплекс радыёперашкод у сістэме глабальнай радыёнавігацыі GPS «Навес-У».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках