25 снежня 2024, Серада, 8:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэп ЗША жорстка раскрытыкаваў апошнюю дыктатуру Еўропы

46
Дзярждэп ЗША жорстка раскрытыкаваў апошнюю дыктатуру Еўропы

11 сакавіка Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў штогадовы даклад аб захаванні правоў чалавека ў свеце.

Вельмі крытычныя ацэнкі ўтрымлівае раздзел, прысвечаны становішчу з правамі чалавека ў Беларусі.

Прадстаўляючы гэты дакумент журналістам, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан падкрэсліла: «Гэтая справаздача з'яўляецца важным інструмантам для актывістаў, якія змагаюцца за правы чалавека ва ўсім свеце, для журналістаў і навукоўцаў, якія адсочваюць парушэнні правоў чалавека і паведамляюць пра тых, хто змагаецца, а таксама для ўрадаў, уключаючы наш ўласны, у стратэгіі падтрымкі абароны правоў чалавека для вялікай колькасці людзей у вялікай колькасці краінаў».

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША адзначыла трывожную тэндэнцыю, якая летась назіралася ў свеце: «Мы перажываем перыяд, калі ўсё больш урадаў уводзяць новыя і ўсе больш жорсткія абмежаванні на дзейнасць няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца праваабарончай дзейнасцю і падвышэннем узроўня падсправаздачнасці ўлады».

Кажучы пра тое, што асновы справаздачы паўплываюць на фармаванне палітыкі Злучаных Штатаў, Хілары Клінтан сказала: «Апублікаваная сёння справаздача паказвае, дзе мы знаходзімся, які існуе стан рэчаў. Яна забяспечвае фактычную базу, на падставе якой Злучаныя Штаты будуць фармаваць сваю дыпламатычную, эканамічную і стратэгічную палітыку адносна іншых краінаў у бягучым годзе. Яна не вызначае гэтую палітыку, але забяспечвае важнай інфармацыяй кожнага ва ўрадзе ЗША, хто працуе над вызначэннем гэтай палітыкі».

У прадмове да справаздачы аб стане правоў чалавека ў свеце адносна Беларусі адзначаецца, што «пасля нешматлікіх пазітыўных крокаў, зробленых уладамі ў 2008 годзе, адсутнасць рэформаў на працягу 2009 года выклікала расчараванне».

Прапануем вашай увазе прэамбулу беларускага раздзелу з невялікімі скарачэннямі:

«З моманту свайго абрання прэзідэнтам у 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка канцэнтраваў у сваіх руках уладу над усімі дзяржаўнымі ўстановамі і падрываў прынцып вяршэнства закона з дапамогай аўтарытарных сродкаў, маніпулявання выбарамі і адвольных дэкрэтаў. Апошнія прэзідэнцкія выбары не былі свабоднымі і справядлівымі, парламенцкія выбары ў верасні 2008 года не адпавядалі міжнародным стандартам. Хаця грамадзянскія ўлады ў цэлым эфектыўна кантралююць сілы бяспекі, прадстаўнікі гэтых сілаў працягвалі здзяйсняць шматлікія парушэнні правоў чалавека.

Сітуацыя з правамі чалавека заставалася вельмі дрэннай, паколькі беларускія ўлады працягвалі здзяйсняць частыя сур'ёзныя парушэнні гэтых правоў. Права грамадзянаў на змену ўлады строга абмежаванае. Улады не расследуюць мінулыя палітычна матываваныя знікненні людзей. Умовы ўтрымання ў турмах заставаліся на вельмі нізкім узроўні і працягвалася жорсткае абыходжанне са зняволенымі і затрыманымі.

Адвольныя арышты, затрыманні і пазбаўленне волі грамадзянаў па палітычных матывах за крытыку службовых асобаў ці за ўдзел у дэманстрацыях таксама працягваліся. Судовая сістэма заставалася пазбаўленай незалежнасці, судовыя прысуды звычайна былі перадвызначаныя, шматлікія судовыя паседжанні праходзілі за зачыненымі дзвярыма.

Улады таксама абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, словы, сходаў, асацыяцыяў і рэлігіі, і па-ранейшаму выкарыстоўваўся палітычна матываваны прызыў у армію лідэраў апазіцыйнай моладзі.

Улады канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы ў актывістаў грамадзянскай супольнасці і абмяжоўвалі распаўсюджванне тыражоў незалежных СМІ. Службы бяспекі выкарыстоўвалі празмерную сілу для разгону мірных дэманстрацыяў.

Карупцыя працягвала заставацца праблемай. Няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі цярпелі ціск, штрафы і судовы пераслед. Рэлігійныя дзеячы былі аштрафаваныя і дэпартаваныя за адпраўленне службаў, таксама цэрквы працягвалі сутыкацца з пераследам з боку ўладаў. Гандаль людзьмі заставаўся сур'ёзнай праблемай, хаця быў дасягнуты некаторы прагрэс у барацьбе з ім. Мела месца дыскрымінацыя ў дачыненні да цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасцяў, а таксама супраць тых, хто карыстаецца беларускай мовай.

Улады пераследвалі незалежныя прафсаюзы і звальнялі іх чальцоў, што ў значнай ступені адбівалася на здольнасці працоўных ствараць і ўступаць у незалежныя прафсаюзы і арганізоўваць і весці калектыўныя перамовы з працадаўцамі».

Даклад Дзярждэпартамента, сярод розных фактаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі за мінулы год, адзначае:

Выкраданне апазіцыйных актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Уладзіміра Лемеша, лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча агентамі спецслужбаў у цывільным і вываз іх па-за межы Менска:

«У снежні 2008 года супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным выкралі лідэра апазіцыйнай арганізацыі «Маладая Беларусь» Артура Фінькевіча, збілі яго і пакінулі ў лесе пад Ракавым у 25 мілях ад Менска. 27 лістапада актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Лемеша гвалтам пасадзілі ў машыну, надзелі кайданкі і вывезлі за 10 міляў ад Менска. 5 снежня супрацоўнікі спецслужбаў выкралі моладзевага лідэра Змітра Дашкевіча каля яго дома ў Менску і адвезлі яго за 40 міляў на поўнач ад Менска. На наступны дзень спецслужбы выкралі каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля і вывезлі за горад»;

Разгоны і збіццё дэманстрантаў у Дні салідарнасці і разгон дэманстрацыі супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў 9 верасня:

«16 лютага была жорстка разагнаная акцыя ў Дзень салідарнасці ў Менску, некалькі актывістаў апазіцыі былі збітыя і вымушаныя звярнуцца за медычнай дапамогай. У той жа дзень АМАП жорстка разагнаў акцыю актывістаў, якія маліліся ў касцёла. 14 лютага АМАП разагнаў мірную акцыю пратэста ў Менску, у якой удзельнічалі 100 чалавек.

17 красавіка, берасцейская міліцыя затрымала пяць актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», якія аштрафаваныя на 70 тысячаў беларускіх рублёў (25 даляраў) за правядзенне акцыі ў Дзень салідарнасці. 30 чэрвеня, міліцыя затрымала актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і Уладзіміра Кумца. Абодва былі аштрафаваныя на 350 тысячаў беларускіх рублёў (125 даляраў) 1 ліпеня і вызваленыя. Іх паплечнік Максім Сергіец быў аштрафаваны па аналагічным абвінавачванні на 875 тысячаў рублёў (305 даляраў) 24 чэрвеня і 700 тысячаў рублёў (250 даляраў) 14 верасня за ўдзел у акцыі пратэсту 9 верасня. Вінярскага зноў затрымалі 21 верасня і вызвалілі 22 верасня, прызначыўшы яму штраф у 1 мільён 50 тысячаў рублёў (375 даляраў)

16 ліпеня некалькі акцый салідарнасці былі разагнаныя па ўсей краіне. Каля 10 актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» былі затрыманыя і збітыя ў міліцэйскім аўтобусе ў Менску.

9 верасня актывісты апазіцыі правялі акцыю пратэсту ў Менску супраць беларуска-расейскіх манёўраў, якія праходзілі ў той час. Міліцыя ўжыла сілу для разгона акцыі. Так, па словах актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бародкі, міліцыянты разбілі яму нос. 17 актывістаў апазіцыі былі дастаўленыя ў РАУС, дзе з іх здзекваліся і збівалі. Міліцыянты таксама адмаўляліся выклікаць лекараў для затрыманых».

Затрыманні і арышты без захавання законнай працэдуры, уключаючы арышты прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, а таксама актывіста «Маладога Фронту» Арцёма Дубскага:

«13 лютага Арцём Дубскі быў арыштаваны на ўездзе ў краіну за парушэння правілаў адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Дубскі быў асуджаны за ўдзел ў мірнай дэманстрацыі прадпрымальнікаў у Менску ў студзені 2008 года. Ён быў вызвалены да суду 15 красавіка і прысуджаны да аднаго года зняволення 7 ліпеня. 27 лістапада Дубскаму было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, ён застаўся ў турме да канца года.

8 лютага былыя палітычныя вязні і прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў і іх паплечнік Уладзімір Асіпенка былі арыштаваныя байцамі АМАПа ў Ваўкавыску. 18 лютага ім былі прад'яўленыя абвінавачванні ў наўмысным знішчэнні маёмасці, падпале і незаконным валоданні зброяй. 23 чэрвеня Аўтуховічу таксама былі прад'яўленыя абвінавачванні ў тэрарызме. Следчыя працягвалі тэрмін іх затрымання пад вартай да суду кожныя тры месяцы. Былы палітычны вязень Лявонаў быў вызвалены 8 жніўня. Усе абвінавачванні супраць яго былі знятыя 24 верасня. Аўтуховіч і Асіпенка працягвалі знаходзіцца ў следчым ізалятары на канец года»;

Парушэнне працэсуальнай працэдуры ўключна з вынясеннем пакарання in absentia;

Пераслед няўрадавых арганізацыяў і праслухоўванне тэлефонных размоваў актывістаў апазіцыі:

«Улады пераследвалі як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя НУА, праглядалі іх перапіску і праслухоўвалі тэлефонныя размовы. 26 красавіка міліцыя абшукала офіс сайта charter97.org, такім чынам перашкаджаючы асвятленню дэманстрацыі «Чарнобыльскі шлях»;

Выкарыстанні адбыцця абавязковай вайсковай службы як меры стрымання супраць апазіцыянераў;

Судовы пераслед асобаў, якія адмаўляюцца служыць у арміі па рэлігійных ці светапоглядных прычынах і дамагаюцца альтэрнатыўнай службы;

Адмова ў распаўсюджванні незалежных перыядычных выданняў праз дзяржаўную сетку кіёскаў Белсаюздрука і падпіску праз Белпошту, адмова ў рэгістрацыі незалежных выданняў:

«8 лютага ўступіў у сілу новы закон аб СМІ, які дазваляе ўладам і далей абмяжоўваць свабоду друку. Закон абавязвае электронныя сродкі масавай інфармацыі падпарадкоўвацца тым жа патрабаванням што і друкаваныя выданні, патрабуе перарэгістрацыі СМІ да 8 лютага 2010, вызначае правілы акрэдытацыі журналістаў і абмяжоўвае дапамогу ад замежных арганізацыяў да 30 адсоткаў… Урад можа блакаваць любыя незарэгістраваныя сайты»;

Адлічэнне студэнтаў за грамадска-палітычную актыўнасць;

Абмежаванне свабоды сходаў і аб'яднанняў;

Дыскрымінацыя людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай;

Абмежаванне свабоды рэлігійнага жыцця для «нетрадыцыйных» веравызнанняў;

Дыскрымінацыя актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі;

Дыскрымінацыя незалежнага прафсаюзнага руху.

Цэнзура Інтэрнэту:

«Улады часткова абмяжоўваюць доступ да Інтэрнэту, кантралююць электронную перапіску і чаты.

Улады кантралююць інтэрнэт-трафік. Уладальнікі інтэрнэт-кавярняў абавязаныя весці ўлік сваіх наведнікаў і даваць гэтую інфармацыю на запатрабаванне спецслужбаў. Паводле закона, Белтэлекам і іншыя ўпаўнаважаныя ўрадам арганізацыі маюць эксклюзіўнае права на дамены ў сетцы Інтэрнэт.

У снежні Савет Міністраў падрыхтаваў праект указа, які прадугледжвае рэгістрацыю ўсіх электронных СМІ і ідэнтыфікацыю інтэрнэт-карыстальнікаў. Указ дазволіць уладам блакаваць доступ да «экстрэмісцкіх» і іншых спрэчных сайтаў. Згодна з ўказам, які не быў прадстаўлены на абмеркаванне грамадскасці, інтэрнэт-правайдэры будуць адказныя за інфармацыю, размешенную іх кліентамі. Лукашэнка заявіў 30 снежня, што ўрад павінен навесці парадак у Інтэрнэце і жорстка яго рэгуляваць.

Дзяржаўныя правайдэры блакавалі незалежныя і апазіцыйныя сайты падчас важных палітычных падзеяў. 8 чэрвеня ўлады заблакавалі сайт charter97.org пасля з'яўлення на ім сатырычнага відэароліка пра Лукашэнку і іншых матэрыялаў, якія крытыкуюць урад».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках