Ідэолагі пагражаюць сваякам кандыдатаў у дэпутаты
6- 1.03.2010, 14:34
Апазіцыянеры сведчаць, што на сваякоў кандыдатаў у дэпутаты аказваецца сур'ёзны ціск з боку мясцовых уладаў.
Як паведаміў БелаПАН каардынатар руху «За Свабоду» па Гарадзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк, ён валодае фактамі ціску на сваякоў прэтэндэнтаў у дэпутаты мясцовых саветаў.
Апошнім часам пачасціліся выклікі сваякоў прэтэндэнтаў у выканаўчыя камітэты да начальнікаў ідэалагічных упраўленняў альбо да намеснікаў дырэктараў па ідэалагічнай працы на прадпрыемствах.
«Там у сваякоў цікавяцца, навошта ваш муж або жонка, брат або дачка вырашылі балатавацца ў дэпутаты. Пры гэтым ідэолагі прапануюць «добра падумаць», якія наступствы гэтага могуць быць, і раяць родным і блізкім адгаварыць сваяка вылучацца кандыдатам у дэпутаты», - паведаміў Зарэмбюк.
Акрамя таго, паводле яго словаў, ціск аказваецца на сваякоў членаў ініцыятыўных груп, якіх просяць паўплываць на сяброў ініцыятыўных груп адмовіцца ад удзелу ў іх.
«Ідэолагі папярэджваюць: калі інфармацыя аб гутарках куды-небудзь трапіць, то непазбежныя праблемы на месцы працы. Таму канкрэтных імёнаў я назваць пакуль не магу, але факты гутарак ёсць, і яны пацверджаныя», - заявіў Зарэмбюк. Паводле яго словаў, такія факты зарэгістраваныя ў Мастах, Астраўцы, Слоніме (Гарадзенская вобласць).
Паводле яго словаў, раней выбарчая кампанія праходзіла без эксцэсаў. «Ціск пачаўся толькі апошнім часам», - адзначыў ён.
Сам Зарэмбюк зарэгістраваў у Мастах 15 ініцыятыўных груп па сваім вылучэнні кандыдатам у дэпутаты. «Па якой акрузе я буду балатавацца - пакуль не ведаю. Справа ў тым, што тую акругу, ад якой я быў абраны дэпутатам Мастоўскага гарсавету ў 2003 годзе, і дзе прайграў толькі два галасы ў 2007-м, падзялілі на тры часткі ў сувязі са змяншэннем колькасці насельніцтва. Акругі «нарэзалі» па-новаму, таму зараз трэба думаць, дзе мая пазіцыя найбольш выйгрышная», - патлумачыў каардынатар руху «За Свабоду» па Гарадзенскай вобласці.