26 снежня 2024, Чацвер, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША трывожыць сітуацыя ў Беларусі

20
ЗША трывожыць сітуацыя ў Беларусі

Мірныя дэманстрацыі апазіцыі ў Беларусі жорстка разганяюцца сілавымі структурамі, а асвятленне акцыяў свядома блакуецца, заяўляе місія Злучаных Штатаў у АБСЕ.

25 лютага місія Злучаных Штатаў Амерыкі ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) выступіла з заявай аб свабодзе сходаў у Беларусі. Выступленне палітычнага дарадцы Кейсі Крыстэнсена адбылося на паседжанні Пастаяннай рады ў Вене.

У тэксце заявы, якая паступіла ў распараджэнне сайта charter97.org, кажацца, што Злучаныя Штаты неаднаразова выказваліся пра сур'ёзныя і канкрэтныя праблемы у галіне асноўнай свабоды сходаў і аб'яднанняў у розных краінах АБСЕ. Як вядома, гэтая асноўная свабода пазначаная ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і шматлікіх канкрэтных абавязальніцтвах АБСЕ. Найбольш паказальнае з апошніх было прынятае ў 1990 годзе ў Капенгагене, калі ўсе дзяржавы-удзельніцы абавязаліся выконваць для «кожнага... права на мірныя сходы і дэманстрацыі», а таксама «гарантаваць права на стварэнне аб'яднанняў… у тым ліку права на ўтварэнне, далучэнне і эфектыўны ўдзел у няўрадавых арганізацыях».

Таксама, нагадвае місія ЗША у АБСЕ, у Капенгагене дзяржавы-удзельніцы прынялі абавязальніцтва, паводле якога «асобы, якія належаць да нацыянальных меншасцяў, маюць права свабодна ажыццяўляць, захоўваць і развіваць сваю этнічную, культурную, моўную ці рэлігійную ідэнтычнасць, а таксама падтрымліваць і развіваць сваю культуру ва ўсіх яе аспектах».

Менавіта з гэтых прычынаў, адзначыў Кейсі Крыстэнсен, місія ЗША у АБСЕ павінна выказаць сваю заклапочанасць у сувязі з вельмі трывожным развіццём падзеяў у Беларусі ў апошні час.

«Гэта не спроба палітызаваць сітуацыю, як маглі б меркаваць некаторыя дзяржавы-удзельніцы. Гэта адзін з крокаў, які, у адпаведнасці з нашымі абавязальніцтвамі перад АБСЕ, мы робім сёння.

На працягу некалькіх месяцаў мы назіралі эпізоды, якія, як мы спадзяваліся, сведчаць пра пазітыўнаю рэакцыю беларускага кіраўніцтва на мірныя сходы і аб'яднанні. Былі дазволеныя штомесячныя дэманстрацыі салідарнасці, якія праходзілі без умяшальніцтва і без інцыдэнтаў. На жаль, абыходжанне з дэманстрантамі ў апошні час звяло на нішто больш пазітыўны падыход. 8, 14 і 16 лютага мірныя дэманстрацыі жорстка перапыняліся супрацоўнікамі беларускіх сілаў бяспекі, шмат хто з якіх адмаўляўся назвацца, дэманстрантаў пераследвалі, адціскалі, арыштоўвалі і затрымлівалі. Больш за тое, мелі месца свядомыя спробы блакаваць асвятленне гэтых акцыяў у СМІ у парушэнне беларускага заканадаўства», - заявіў палітычны дарадца місіі ЗША.

У той жа час, адзначаецца ў заяве, урад Беларусі ўзмацніў меры па мэтанакіраваным выцісканні і уціску асобных групаў польскай меншасці ў Беларусі, што назіралася, у прыватнасці, у апошні час у Івянцы пад Менскам. Гэта выклікала сур'ёзную заклапочанасць у Злучаных Штатах, гэтак жа як і ў Еўропе.

«Мы адзначаем, што ўрад Беларусі так і не адмяніў нормы, якія ўтрымліваюцца ў крымінальным кодэксе і прадугледжваюць – насуперак абавязальніцтвам краіны перад АБСЕ – пакаранне за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў. Мы ізноў заклікаем ўрад Беларусі перагледзець гэтыя законы і іх ужыванне, забяспечыўшы іх адпаведнасць абавязальніцтвам перад АБСЕ у дачыненні да асноўнай свабоды сходаў і аб'яднанняў і правоў нацыянальных меншасцяў», - заяўляе місія ЗША у АБСЕ.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках