26 снежня 2024, Чацвер, 17:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Цыганкоў: «Лукашэнка не вельмі ўзрадуецца перамозе Януковіча»

9

Эксперты прагназуюць, што ў выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Віктара Януковіча стасункі афіцыйнага Кіева і Менска не будуць бясхмарнымі.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» выказаў беларускі аналітык Віталь Цыганкоў, абмяркоўваючы папярэдняе лідэрства старшыні Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах Украіны.

- Наколькі нечаканым быў такі вынік выбараў – для вас асабіста і для многіх беларусаў?

- Дастаткова нечаканым, я б сказаў. Пасля першага туру здавалася, што Цімашэнка можа акумуляваць галасы тых выбаршчыкаў з патэнцыйна «памаранчавага» флангу, якія галасавалі ў першым туры за іншых кандыдатаў. Такіх, як Віктара Юшчанку, спікера Арсеня Яцэнюка, часткова Цігіпку, які заняў трэцяе месца, іншых. Мне, прынамсі, здавалася, што пасля першага туру ў Януковіча няма вялікіх рэзэрваў для павялічэння свайго электарату. Але раздоры паміж «памаранчавымі» аказаліся настолькі глыбокімі, што, як выглядае, нават многія прыхільнікі Віктара Юшчанкі не пажадалі галасаваць за Юлію Цімашэнку.

Натуральна, што пасля эмацыйнага ўздыму «памаранчавай» рэвалюцыі былі вялікія спадзяванні на тое, што новая ўлада прывядзе краіну да хуткага росту і прагрэсу. Гэтага, як выглядае, не атрымалася, і Януковіч атрымаў яшчэ і галасы людзей, якія адчуваюць настальгію па стабільнасці «кучмаўскіх часоў», калі, нагадаю, Януковіч быў прэм’ерам.

- Ці можа Віктар Януковіч паспрабаваць стаць на шлях Аляксандра Лукашэнкі ў сэнсе канцэнтрацыі ўлады?

- Мне асабіста здаецца, што якраз Юлія Цімашэнка мае большую палітычную волю і яна магла б паспрабаваць правесці такія змены, які прывялі б Украіну да большай прэзідэнцкай улады. Адзін з вынікаў «памаранчавай» рэвалюцыі якраз тое, што яна прывяла да падзелу ўлады, пэўнай, хаця і хісткай, раўнавагі. Ніводзін інстытут, ніводная партыя ня мае паўнаты ўлады ці нават кантрольнага пакету. І такі балянс, здаецца – нармальны выхад на гэты момант для краіны, дзе ў другім туры за Януковіча ў Львоўскай вобласці галасуе 8 працэнтаў, а ў Данецкай 91 працэнт. Ламаць такую краіну праз калена было самагубствам і для краіны і для палітыка.

- Што азначае перамога Януковіча для беларускай улады? Наколькі значны гэта будзе партнёр для афіцыйнага Менску?

- Выкажу такую непалітычную думку, што цяпер у некаторых украінцаў у адносінах да беларусаў паменее фанабэрыі і сарказму. Цяпер і ў іх, магчыма, будзе прэзідэнт, які называе Чэхава ўкраінскім паэтам і паважае паэтку Ану АхмЕтаву. Так што яны трошкі пабудуць у нашай скуры.

Калі ж ацэньваць палітычныя вынікі абрання Януковіча, дык мне здаецца, Лукашэнка не вельмі ўзрадуецца такому выбару ўкраінскага народу. Мы бачым, якія плённыя адносіны ўсталяваліся ў афіцыйнага Менску апошнім часам з афіцыйным Кіевам, як з прэзідэнтам Юшчанкам, гэтак і з прэм’ерам Цімашэнкай. І відавочна, што наладжваліся яны на грунце агульнай антырасейскай зацікаўленасці, найперш у энергетычных пытаннях. Януковіч, прынамсі напачатку, будзе успрымацца як прарасейскі палітык і, адпаведна, будзе на гэтым полі складаць канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку. А як мы ведаем, унутрывідавая канкурэнцыя – самая зацятая. Дастаткова ўзгадаць, якімі напружанымі доўгія гады былі стасункі паміж Лукашэнкам і Назарбаевым.

Думаю, Расея будзе вітаць абранне Януковіча з захапленнем – расчараванне надыйдзе потым. Але напачатку на фоне гэтага захаплення Януковічам Лукашэнка з яго патрэбамі адыдзе ў Крамля на другі план, і, як вынік, адносіны Кіева і Менску не будуць надта бясхмарнымі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках