Міліцыя спрабавала трапіць у офіс тэлеканала «Белсат» (Фота)
22- 3.02.2010, 15:49
Каб трапіць у офіс тэлеканала, міліцыянты нават адключылі святло.
Як паведаміла сайту charter97.org журналіст Яніна Мельнікава, спачатку ў кватэру прадстаўніка офіса «Белсата» Міхаіла Янчука на вуліцы Дарашэвіча патэлефанаваў па дамафоне нейкі чалавек і паведаміў: «Не адкрывайце дзверы, да вас ідзе міліцыя». Потым, паводле яе словаў, невядомыя людзі пачалі грукаць у дзверы. Пры гэтым яны не называлі сябе і нічога не патрабавалі. Пасля адмовы журналістаў адкрыць дзверы, у офісе адключылі святло.
Каля 16.30, калі міліцыянты былі на вуліцы і туды пад'ехалі карэспандэнты розных СМІ, журналісты змаглі выйсці з офіса.
Міліцыянты назваліся супрацоўнікамі Савецкага РУУС, але з імі знаходзіліся людзі ў цывільным, як мяркуецца, супрацоўнікі спецслужбаў. Супрацоўнікі РУУС заявілі, што ім нібыта паступіла скарга ад суседзяў, што ў дадзенай кватэры шумна і знаходзяцца невядомыя падазроныя людзі. Гаспадара кватэры - Міхаіла Янчука - міліцыя збіралася даставіць у РУУС для дачы тлумачэнняў.
У 17.00 у кватэру прадстаўніка тэлекампаніі «Белсат» прыехаў намеснік начальніка Савецкага РУУС. Ад яго стала вядомая яшчэ адна «версія» прыбыцця ў офіс супрацоўнікаў міліцыі. Міліцыянты заявілі, што журналіст Іван Шульга, які выйшаў з гэтай кватэры, пабачыўшы міліцыянтаў ля ўваходу, нібыта ударыў аднаго з іх і сарваў з формы шаўрон. Шульга быў затрыманы.
У рэшце рэшт, тлумачэнні ў хазяіна кватэры Міхаіла Янчука міліцыянты ўзялі на лесвічнай пляцоўцы - у кватэру іх так і не пусцілі. Янчука запытвалі, што тут робіць столькі журналістаў і што тут знаходзіцца.
«Без сумневу, гэта працяг кампаніі масавых рэпрэсій супраць прадстаўнікоў незалежных СМІ, якія беларускія ўлады вядуць ужо шмат гадоў, каб запалохаць усіх журналістаў, якія не згодныя з іх палітыкай», - заявіў Міхаіл Янчук у інтэрв'ю сайту charter97.org.
Нагадаем, што ўлады Беларусі ўжо тройчы адмовілі ў рэгістрацыі тэлеканалу «Белсат», нягледзячы на тое, што ў кастрычніку 2008 года Еўрапейскі Парламент заклікаў Еўрапейскую Камісію паспрыяць таму, каб урад Беларусі «паскорыў працэс афіцыйнай рэгістрацыі «Белсата» ў Беларусі».
Пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь» было падпісана 23 красавіка 2007 года паміж Польскім грамадскім тэлебачаннем (TVP) і Міністэрствам замежных спраў Польшчы. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, які атрымаў назву «Белсат». 10 снежня 2007 года з выпуску навінаў пачалося тэставае вяшчанне «Белсата». Тэлеканал фінансуецца з рэзервовага бюджэту польскага МЗС. Праграмы «Белсата» выходзяць у асноўным на беларускай мове. Галоўная задача тэлеканала - даваць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную і праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў краіне, Еўропе і свеце.
У сакавіку 2008 года ў Беларусі прайшлі масавыя ператрусы ў офісах замежных СМІ, уключна з тэлеканалам «Белсат». У журналістаў канфіскоўвалі тэхніку.
Прадстаўнік тэлеканалу "Белсат" Міхаіл Янчук
Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»