25 снежня 2024, Серада, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З-за будаўніцтва метро тры сям’і перасяляюць у дзве кватэры

21

Рашэнне аб зносе дамоў па вуліцы 1-я Уманская, якія перашкаджаюць працы метрабудаўцаў, прынятае судом Маскоўскага раёна Менска 11 лютага.

І калі рашэнне не будзе адмененае судом вышэйшай інстанцыі, дамы будуць знесеныя. Пра гэта «Еўрарадыё» заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна Менска Уладзімір Танкевіч:

«Будзем зносіць і перасяляць. Рашэнне прынятае. Калі ён на працягу 10 дзён абскардзіць — значыцца гэта крыху даўжэй будзе. Пойдзе па інстанцыях абскарджванне: Менскі гарадскі суд, далей яшчэ».

Нагадаем, што супрацьстаянне ўладальніка дома па вуліцы 1-я Уманская Аляксея Васкабовіча з менскімі гарадскімі ўладамі працягваецца больш за два гады. Увесь гэты час ён дамагаецца праз суд адпаведнай кампенсацыі за свой прыватны дом, які павінны знесці ў сувязі з будаўніцтвам метро. І пакуль безвынікова.

Перш за ўсё Аляксея Васкабовіча абурае тое, што насуперак закону яму не даюць выбраць — якая кампенсацыя яго больш задавальняе.

«Няма ў іх права такога: узяць і выселіць мяне! Мяне могуць забраць на Валадарскага, пасадзіць, у Жодзіна завезці. Але тут правіла такое, і ў Жыллёвым кодэксе прапісаныя чатыры варыянты на выбар грамадзяніна. Мне ж акрамя аднаго варыянта — пагадзіцца на кватэры — не прапаноўваецца», -- кажа менчук.

У доме Васкабовіча пражывае тры сям’і: ён з жонкай і два сыны з жонкамі і дзецьмі. Агулам — дзевяць чалавек. А прапаноўваюць ім пераехаць у дзве кватэры — двух- і трохпакаёвую. У параўнанні з тым, што атрымалі суседзі, такая кампенсацыя падаецца ўладальніку дома неадпаведнай.

«Як можна, калі ва ўласніка было каля 40 метраў квадратных, і на 4 чалавекі даюць 2 кватэры двухпакаёвыя. У другога ўласніка каля 50 квадратных метраў было — атрымаў двух- і аднапакаёвую кватэры. А маю сям’ю разганяюць так, што ні ў воднай з кватэраў не атрымліваецца 15 квадратных метраў на чалавека», -- абураецца ён.

У Васкабовічаў дом у 210 квадратных метраў. Больш за тое, яго цагляны дом павышанай камфортнасці чамусьці ацанілі танней, чым драўляныя дамы суседзяў.

«Мой дом лепшы за тыя, якія пазносілі. І калі ў іх драўляны дом ацэньваўся у 1580 даляраў за метр квадратны, а цагляны — па 1640 даляраў, дык мой атрымаўся па 1100», -- заяўляе менчук.

Але больш за два гады безвыніковых судовых разбіральніцтваў прывялі да таго, што Аляксей Васкабовіч вырашыў пагадзіцца на кампенсацыю па такіх расцэнках. Тым больш, што з-за хваляванняў і перажыванняў пагоршылася здароўе і ў яго, і ў жонкі. А трое суседзяў, якія раней ніколі не скардзіліся на кепскае самаадчуванне, раптоўна пайшлі з жыцця. Таму, кажа, падчас сустрэчы 18 лістапада 2009 года з выканаўцам абавязкаў старшыні Менгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам яны нібыта дамовіліся, што Васкабовіч забірае гэтыя грошы, а выканкам выдзяляе яму ўчастак зямлі ў горадзе пад будаўніцтва новага дома.

«18 лістапада мы дасягнулі пагаднення наконт таго, што я падаю дакументы ў раён, там іх зацвярджаюць, і ён ім дасылае ліст. Я атрымліваю кампенсацыю, яны мне ўчастачак даюць — і я будуюся», -- адзначае ён.

Але, паводле яго словаў, праз некалькі дзён прадстаўнік Дырэкцыі па будаўніцтве Менскага метрапалітэна сказаў, што ніякага ліста ад Ладуцькі ім не прыходзіла, і ўвогуле — гэта была не канчатковая дамоўленасць, а скарга, якую Ладуцька выслухаў і перанакіраваў на рэагаванне ў Дырэкцыю. А рэакцыя застаецца ранейшай — акрамя двух кватэраў, ніякія іншыя варыянты перасялення сям’і Васкабовічаў не разглядаюцца. Такое рашэнне прыняў і суд.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках