26 снежня 2024, Чацвер, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэлегацыя Еўрапарламента адмовілася сустракацца з «палатачнікамі»

5

У Менск прыбывае група дэпутатаў Еўрапарламента на чале з кіраўніком дэлегацыі ЕП у Еўранэсце.

Дэлегацыя пад старшынствам балгарскага дэпутата Крысціяна Вігеніна правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска, апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і журналістамі. Еўрапарламентары падрыхтуюць справаздачу аб сітуацыі ў краіне, якая будзе ўлічаная падчас разгляду ў сакавіку Еўрапарламентам рэзалюцыі па Беларусі.

«Усе высновы і ўражанні, якія прывязе дэлегацыя, будуць мець важнае значэнне пры фармаванні пазіцыі парламента. І вядома, непазбежна будуць мець значэнне «выбары» у мясцовыя саветы ўлады, якія маюць адбыцца», - заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» чалец дэлегацыі, еўрадэпутат Юстас Палецкіс.

Паводле яго словаў, сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам наўрад ці адбудзецца, але будуць сустрэчы на «высокім узроўні».

«Зыходзячы з таго, што Еўрапарламент усё ж не прызнае «парламент» Беларусі, у нас у гэтым сэнсе звязаныя рукі. Не будзе, як бывае, калі прыязджаеш ва Украіну, Расею ці Малдову, дзе праходзяць афіцыйныя сустрэчы ў парламенце і гэтак далей», - сказаў Палецкіс.

Нагадаем, што рэзалюцыя Еўрапарламента адносна пераследу польскай меншасці ў Беларусі не была прынятая ў сераду, як планавалася, а будзе разгледжаная толькі на сакавіцкай сесіі парламента. Паколькі сярод дэпутатаў не было згоды па гэтым пытанні, старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек вырашыў перанесці галасаванне.

Супраць галасавання па рэзалюцыі выступілі дэпутаты-сацыялісты і камуністы, якія аргументавалі гэта тым, што спачатку трэба пачакаць вынікаў парламенцкай місіі ў Беларусь.

Ежы Бузек правёў 23 лютага прэс-канферэнцыю для польскіх СМІ. Закранаючы сітуацыю з Саюзам палякаў Беларусі, палітык сказаў:

«Для Польшчы, безумоўна, найважнейшым з'яўляецца польская меншасць у Беларусі. Але калі мы хочам вырашыць гэтую праблему, дык павінны паставіць яе шырэй. Трэба казаць пра пагрозы для дэмакратыі, для дэмакратычных свабодаў, для ўсіх незалежных арганізацыяў. У Беларусі зноў запоўненыя турмы, і не толькі прадстаўнікамі польскай меншасці, часова арыштаванымі, але і проста дзеячамі беларускай апазіцыі».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках