26 снежня 2024, Чацвер, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: АМАП легальна займаецца гвалтам і катаваннямі

21
Алесь Бяляцкі:  АМАП легальна займаецца гвалтам і катаваннямі

Праваабаронцы маюць намер звярнуцца ў ААН, АБСЕ і Еўразвяз у сувязі з шырокамасштабнымі рэпрэсіямі супраць апазіцыі ў Беларусі.

«Песімістычныя прагнозы праваабаронцаў, якія гучалі ў канцы мінулага года, пачынаюць спраўджвацца. Як паказвае досвед «падрыхтоўкі» уладаў да выбарчых кампаніяў – такія этапы суправаджаюцца шырокамаштабнымі рэпрэсіямі супраць актыўных грамадзянаў. Становіцца відавочна, што існуе нейкі план, паводле якога пад жорсткі прэсінг уладаў у чарговы раз падпадаюць грамадскія арганізацыі, незалежныя прафсаюзы, сродкі масавай інфармацыі», - заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца нагадаў, што ў пачатку гэтага года адбыўся разгон мірных акцыяў апазіцыі 8, 14 і 16 лютага. Адбываецца ціск на Саюз палякаў Беларусі, цкаванне якога было распачатае яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2005 годзе, калі арганізацыя была штучна расколатая на дзве часткі. Характэрным выглядае і скандал вакол Польскага дома ў Івянцы, які быў гвалтам захоплены міліцыяй і паказаў варожае стаўленне беларускіх уладаў да грамадскай арганізацыі.

Алесь Бяляцкі адзначыў «актыўную і паслядоўную» практыку нерэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў. У пачатку 2010 года атрымала канчатковую адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя, у Мінюсце – Асамблея няўрадавых арганізацыяў і прафсаюз прадпрымальнікаў «Разам».

«Мы фіксуем беспрэцэдэнтны ціск на прэсу, на незалежных журналістаў, якія спрабуюць асвятляць падзеі грамадскага жыцця ці акцыі, якія праходзяць у Беларусі. Бачнае жаданне ўладаў не дапусціць правядзення мірных маніфестацыяў і акцыяў. Акрамя разагнаных у Менску акцыяў, можна ўзгадаць нядаўнія арышты прадстаўнікоў польскай меншасці ў Гародні за пікет салідарнасці з актывістамі СПБ», - адзначыў праваабаронца.

Віцэ-прэзідэнт МФПЧ адзначае з'яўленне ў Беларусі яшчэ аднаго палітвязня – віцебскага актывіста Алега Сургана.

«Сітуацыя ў Віцебску дастаткова напружаная і пачалося гэта ад пачатку года, пасля таго, як Сяргей Каваленка вывесіў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы. Пасля гэтай падзеі мясцовыя спецслужбы і праваахоўныя органы літаральна ашалелі: пачаліся бясконцыя затрыманні грамадскіх актывістаў, далі ход справе Алега Сургана, якая была ўзбуджаная яшчэ ў мінулым годзе, а затым прыпыненая. Сургана затрымалі і моцна збілі за вывешванне нацыянальнага сцяга, яго падвешвалі за кайданкі і збівалі, ўжываючы пры гэтым катаванні і гвалт. А тое, што ён нібыта падчас яго перавозкі, з кайданкамі за спіной, лежучы на падлозе «казла», біўся галавой аб дзверы і ўкусіў міліцыянта за палец -- абсалютна непераканаўча. Нават сустрэчны пазоў міліцыянты высунулі толькі пасля таго, як Сурган зняў збіццё, і была пададзеная скарга ў пракуратуру на супрацьпраўныя дзеянні працаўнікоў міліцыі. Тады яны заварушыліся, каб замяць гвалт і катаванні, якія самі і здзейснілі, і падалі сустрэчны пазоў. Я асабіста перакананы, што Алег Сурган атрымаў свой тэрмін не за хуліганства, а менавіта за палітыку, што б там у міліцыі ні выдумлялі», – адзначыў Бяляцкі.

Кіраўнік «Вясны» нагадаў, што на мінулым тыдні прадстаўнікі некаторых беларускіх праваабарончых арганізацыяў запрасілі чыноўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў і КДБ на сустрэчу па пытаннях свабоды сходаў і забеспячэння правапарадку пры правядзенні мірных сходаў.

«Мы хацелі б выкласці тыя прэтэнзіі, якія маем на сённяшні дзень да прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Мы бачым, што практыка ўжывання катаванняў, гвалту, непраўдзівых сфабрыкаваных паказанняў з боку супрацоўнікаў міліцыі супраць грамадскіх і палітычных актывістаў Беларусі ўваходзіць у паўсядзённы ўжытак. Пасля таго, як мы збіраем скаргі ад людзей, якіх збіваў АМАП падчас акцыяў і затрыманняў, і накіроўваем іх у пракуратуру, тая фактычна пакрывае гэтыя злачынствы.

Пры такой сітуацыі кіраўніцтва ўнутраных справаў, спецслужбаў павінна задумацца аб тым, што яны робяць, і спыніць крыміналізацыю малодшага складу праваахоўных органаў, які легальна займаецца такімі бруднымі справамі, як збіццё, гвалт і катаванні грамадзянаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці.

У дадзеным выпадку даводзіцца канстатаваць, што беларуская міліцыя з органа, які павінен ахоўваць парадак, ахоўваць правы і свабоды грамадзянаў, ператвараецца ў карны орган, накіраваны на ахову беззаконня і ўсёдазволенасці, і які сам бесцырымонна парушае і Канстытуцыю Беларусі.

Гэтая сустрэча, на жаль, не адбылася, з боку запрошаных не з'явіўся ніводзін чыноўнік, яны нават не даслалі сяржанта з гумовым дручком. Ці пабаяліся, ці пасаромеліся, не ведаю.

Мы будзем максімальна прыцягваць да праблемаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі ўвагу міжнароднай супольнасці, бо сённяшняя сітуацыя супярэчыць падпісаным краінай міжнародным пагадненням і пагадненням і ў межах ААН і АБСЕ, і ў межах новай праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства», - заявіў Алесь Бяляцкі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках