26 снежня 2024, Чацвер, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пачобут: «Нашая рэакцыя на рэпрэсіі ўладаў – мабілізацыя»

5
Анджэй Пачобут: «Нашая рэакцыя на рэпрэсіі ўладаў – мабілізацыя»

Лідэры Саюза палякаў Анджэй Пачобут, Мячыслаў Яскевіч і Ігар Банцар 20 лютага вышлі на волю.

Яны былі асуджаныя 15 лютага на пяць сутак адміністрацыйнага арышту судом Ленінскага раёна Гародні за арганізацыю 10 лютага ў гэтым абласным цэнтры мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі незарэгістраванага СПБ (Валожынскі раён Менскай вобласці), якая падпалі пад ціск ўладаў.

«Мы адбывалі арышт у ізалятары часавага ўтрымання Кастрычніцкага РУУС Гародні. Спачатку нас усіх траіх пасадзілі на ноч у адну камеру, а потым раскідалі па розных камерах. Я сядзеў з крымінальнікамі, людзьмі з некалькімі судзімасцямі. Нармальныя хлопцы, проста так у іх склалася жыццё, што парушылі закон. Прыхільнікаў Лукашэнкі я не сустракаў ні сярод тых, хто сядзіць, ні сярод тых, хто ахоўвае. Міліцыя вельмі не задаволеная тым, што ў іх знізіліся зарплаты. У параўнанні з 2005-2006 гадамі, калі мне прыходзілася адбываць арышт, ніхто з супрацоўнікаў міліцыі па нашай справе стараннасці не праяўляў. Ёсць загад, і яны яго выконваюць», - распавёў Анджэй Пачобут у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Што датычыцца ўмоваў утрымання ў ІЧУ, дык актывіст СПБ сцвярджае, што ў параўнанні з мінулымі гадамі яны палепшыліся. Адбылося гэта, на яго думку, толькі дзякуючы праваабаронцам. «Гэтага дамагліся гарадзенскія праваабаронцы, у тым ліку Валеры Леванеўскі, які доўга за гэта змагаўся. У камерах з'явіліся матрацы, затрыманых сталі выводзіць на шпацыры. Раней усяго гэтага не было. Хаця, вядома, гэтае месца, дзе адбываюць пакаранне, непрыемнае месца, з дрэнным пахам, з недахопам свежага паветра», – адзначыў Анджэй Пачобут.

Свой арышт Анджэй Пачобут лічыць абсалютна незаконным.

«Я гатовы быў з'явіцца ў суд у панядзелак у 15 гадзінаў па позве. Але мяне затрымалі ў 9.40, заявіўшы, што я падобны на злачынцу, адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС, а затым у суд. Гэта было незаконна і звязана з падзеямі ў Валожыне, з судом над Тэрэзай Собаль, які праходзіў там. Мы ехалі яе падтрымаць, я нават збіраўся даваць паказанні сведкі на працэсе.

На судзе па маёй справе сведкамі былі толькі супрацоўнікі міліцыі, ніводнага сведкі абароны не выклікалі. Я тлумачыў, што мы апынуліся ў такой сітуацыі, што былі вымушаныя выйсці на мірную акцыю, каб абараніць свае правы, але суддзя Ксенія Стасюкевіч гэтага не ўлічыла, яе гэта не цікавіла. Яна разгледзела справу фармальна: парушаная артыкул КоАП – у турму. Усе прысуды ў дачыненні да нас былі, як пад капірку. Рэпрэсіі супраць Саюза палякаў працягваюцца. Чытаю зараз афіцыйныя СМІ, той бруд, які яны на нас выліваюць, і разумею, што рэпрэсіі будуць працягвацца. Ніякіх высноваў з сітуацыі 2005 года беларускія ўлады не зрабілі. Мы хочам, каб нашае аб'яднанне магло працаваць легальна і само выбіраць сабе кіраўніцтва. Высвятляецца – гэта занадта шмат», - кажа актывіст СПБ.

Падчас арышту лідэраў Саюза палякаў у Менску і іншых гарадах Беларусі дэмакратычная апазіцыя праводзіла акцыі салідарнасці з імі.

«Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто быў салідарны з намі, усім беларусам. Я сам у 90-я гады ўдзельнічаў у шматлікіх акцыях пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі, і я вельмі ўдзячны, што беларусы сёння выходзяць у нашую падтрымку. Сёння парушаюцца правы ўсіх нас. Гэта не этнічны канфлікт, а грамадзянскі. Беларускія ўлады душаць розныя грамадскія арганізацыі. Прастора свабоды настолькі звузілася, што нават арганізацыі нацменшасцяў патрапілі «пад раздачу». Нас лічаць небяспечным прыкладам таго, што можна ваяваць за свае правы і рабіць гэта небеспаспяхова. Нашая арганізацыя загартавалася і стала мацней. Улады не ўлічваюць, што рэакцыя на рэпрэсіі – гэта мабілізацыя. І гэта адбываецца сёння з намі. Палітыка ціску на Саюз палякаў не дала ніякага выніку», -- заявіў Анджэй Пачобут.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках