27 лiстапада 2024, Серада, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даніэль Альбрыхскі: «Жыве Беларусь - дэмакратычная і ў адзінай Еўропе!» (Відэа)

10
Даніэль Альбрыхскі: «Жыве Беларусь - дэмакратычная і ў адзінай Еўропе!» (Відэа)

Легендарны польскі акцёр з сусветным імем звярнуўся да беларусаў.

«Вельмі рады, што магу звярнуцца да беларусаў. Самыя лепшыя ўспаміны маёй маладосці звязаныя з Беларуссю. Я ездзіў з Тэрэспаля на машыне праз Берасце ў Менск, дзе здымаўся ў фільме «Патоп». Нам дапамагалі беларусы са студыі «Беларусьфільм». Фільм «Патоп» здымаўся ў пачатку 1970-х гадоў, і з таго часу ў мяне захаваліся самыя цёплыя ўспаміны пра вашую краіну і беларусаў, з якімі мы так цудоўна працавалі.

Ужо амаль 20 гадоў жывем у іншай Польшчы, чым тая, у якой прайшла мая маладосць. Прыемна ўзгадаць маладосць: фільмы, тэатр… Але зараз у нас зусім іншая краіна. Дэмакратыя, якая да нас прыйшла, якую мы заслужылі сваёй барацьбой, змяніла Польшчу неверагодна. А сяброўства ў Еўразвязе азначае, што мы сталі грамадзянамі свету. Мы можам свабодна ехаць праз межы на машыне і толькі па надпісах заўважаць, што мы ўжо ў іншай дзяржаве. Гэта цудоўна. Жадаю гэтага ўсім добрым людзям у Беларусі. Жыве Беларусь! Жадаю вам як мага хутчэй стаць дэмакратычнай краінай і быць з намі ў адзінай Еўропе!», -- заявіў Даніэль Альбрыхскі ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

Даведка charter97.org: Даніэль Альбрыхскі – вядомы польскі акцёр. Першую вядомасць яму прынесла роля ў фільме Анджэя Вайды – «Попел» (1965 год). Пасля Альбрыхскі сыграў у шмат якіх знакамітых фільмах Вайды: «Усё на продаж», «Пейзаж пасля бітвы», «Беразняк», «Вяселле», «Зямля запаветная», «Паненкі з Вілька», «Пан Тадэвуш». Граў Альбрыхскі і ў фільмах іншых вядомых польскіх рэжысёраў: Ежы Гофмана («Патоп») і Кшыштафа Занусі («Сямейнае жыццё»), вугорскага рэжысёра Міклаша Янча («Ягня Божае», «Пацыфістка»).

Сусветная кар'ера Альбрыхскага пачалася пасля таго, як ён сыграў складаныя ролі ў фільмах буйных заходнееўрапейскіх рэжысёраў: К. Лелуша - «Адны і другія», Дж. Лоўзі - «Фарэль», Маргарэтэ фон Трота - «Ружа Люксембург», а таксама М. Баланьіні, М. Андэрсана, Ж. Руфіа, Ф.Каўфмана, І. Забермана.

У гады камуністычнай Польшчы актыўна падтрымліваў прафсаюз «Салідарнасць», быў даверанай асобай экс-прэзідэнта Польшчы, лідэра «Салідарнасці» Леха Валенсы.

Лаўрэат прэміі імя Збігнева Цыбульскага, уладальнік «Залатых масак», «Залатых камераў», «Супервіктараў», Даніэль Альбрыхскі ніколі не быў улюбёнцам уладатрымальнікаў. Таму ў яго няма ніякіх узнагародаў, якія так шчодра раздаваліся камуністычнымі ўладамі ПНР. Затое ў 1999 годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Польшча ён узнагароджаны крыжом вышэйшага польскага ордэна - «Палонія рэсцітута».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках