2 лiстапада 2024, Субота, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Коктыш: «Не хачу нават чуць ні пра МУС, ні пра КДБ»

7

17 лютага ў рэдакцыі газеты «Народная воля» каля гадзіны працягваўся ператрус і допыт намесніка галоўнага рэдактара выдання Марыны Коктыш.

Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што робяць гэта ў рамках крымінальнай справы за паклёп на вышэйшых службовых асоб упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці. Чаму менавіта Марыну Коктыш дапытвалі па гэтай справе, журналістка распавяла ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Вам патлумачылі, чаму прыйшлі да вас?

- Прыйшлі да нас. Мяне дапытвалі па крымінальнай справе, якая заведзеная гомельскім УУС, па гэтай справе я праходжу ў якасці сведкі. Чаму мяне выклікалі? Таму што я мела адносіны з сваякамі тых міліцыянтаў, якім 17 лютага, як стала вядома, абвесцілі прысуд. Я не адмаўляла, што сустракалася з гэтымі людзьмі. У рэдакцыю «Народнай Волі» наогул прыходзіць вельмі шмат наведвальнікаў, кожны са сваім болем, праблемамі. Яны прыходзяць са сваімі дакументамі, дасылаюць свае паперы, лісты, у тым ліку і на электронныя скрыні. Гэта нармальная практыка. Прыходзілі і гэтыя людзі, я з імі і размаўляла. І відаць, следчыя палічылі, што паколькі я з імі размаўляла, то, магчыма, я магла рабіць і нейкія матэрыялы, хаця ні інтэрв'ю з сваякамі, ні з тым жа Дудкіным я не рабіла.

- Ці не лічыце вы, што варта працягнуць журналісцкае расследаванне аб высокапастаўленых гомельскіх паляўнічых?

- «Народная воля» пра гэтую справу не пісала, мы толькі некаторы час таму давалі невялікую нататку, што прысуд па гэтай справе яшчэ не аб'яўлены. Я не займалася журналісцкім расследаваннем аб высокапастаўленых гомельскіх «паляўнічых» або чыноўніках МУС ці КДБ. Магчыма, варта было б заняцца журналісцкім расследаваннем, але варта адзначыць, што судовыя слуханні праходзілі за зачыненымі дзвярыма. І я думаю, што журналістам будзе вельмі няпроста правесці незалежнае расследаванне, таму што і КДБ дае зразумець, што яны супраць, каб быў нейкі рэзананс.

Наколькі я зразумела, нехта з тых міліцыянтаў 17 лютага выйшаў на волю, і не думаю, што ён запатрабуе журналісцкага расследавання, хоць, быць можа, я і памыляюся. Але, шчыра кажучы, пасля таго, што адбылося (ператрус «Народнай Волі» - заўв. сharter97.org), у мяне няма ўвогуле не тое, што чалавечага жадання звяртацца да міліцэйскіх і кэдэбэшных тэмаў... Можа, суцішацца эмоцыі і зноў з'явіцца такая спартовая журналісцкі цікавасць да пошуку сенсацыі, каб было цікава чытачам. Але на сёння я настолькі стамілася, шчыра кажучы, што нават не хачу чуць ні пра МУС, ні пра КДБ, ні пра тых міліцыянтаў, якія трапляюць у складаную сітуацыю і ідуць да нас. Я памятаю, што пісала пра справу з катэджамі, якія адбіралі ў міліцыянтаў у пасёлку Крынічны. Усе яны цягнуліся да нас са сваімі дакументамі, са сваім болем... Шчыра кажучы, у мяне проста няма жадання глядзець у бок міліцыянтаў і кэдэбэшнікаў.

- Марына, у «паляўнічай» справе менавіта Малаева, чалавека, які звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з відэазваротам, выпусцілі. Як Вы думаеце, чалавек, які звяртаецца да Лукашэнкі, мае шанец на амністыю? У беларускай сістэме такога роду звароты дзейсныя?

- Цяжка сказаць, я не валодаю падрабязнасцямі гэтай «паляўнічай справы». Нават матэрыялы, якія былі ў інтэрнэце, чытала па дыяганалі. Што тычыцца зваротаў... звароты бываюць вельмі розныя - гэта і слёзныя лісты з СІЗА, са сваім болем звярталіся жонкі зніклых палітыкаў. Некаторыя наадварот адмаўляюцца пісаць звароты... Я не ведаю, як рэагуе Лукашэнка на гэтыя звароты. Ці дапамагаюць такія лісты? Ці дапамог гэты зварот Малаеву выйсці на свабоду? Магчыма, ён цяпер на волі, дзякуючы, у тым ліку, і Аляксандру Рыгоравічу. Не ведаю...

- Вы не ведаеце, Лукашэнка чытае «Народную Волю»?

- Думаю, што чытае. Ён сам неаднаразова на прэс-канферэнцыях прызнаваўся ў тым, што адсочвае нейкія публікацыі. Не ведаю, ці гартае газету, альбо яму прыносяць нарэзкі. Але думаю, што публікацыі чытае, нават журналістаў ведае па імю і прозвішчу.

- Ці ёсць у «Народнай Волі» самацэнзура? На якія тэмы газета не будзе пісаць?

- Мы будзем пісаць на ўсе тэмы, якія хвалююць нашых чытачоў, будзем адклікацца на ўсе падзеі, якія адбываюцца ў краіне. У нас няма забаронаў на нейкія тэмы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках