25 снежня 2024, Серада, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя затрыманні актывістаў Саюза палякаў. Польскі дом канфіскавалі (Фота)

16

Лідэр Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс і актывісты саюза былі зноў затрыманыя па дарозе ў Валожын.

Як паведаміла намеснік старшыні неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) Анжаліка Арэхва, лідэр саюза Анжаліка Борыс і восем актывістаў гэтай арганізацыі затрыманыя міліцыяй 17 лютага.

Гэта адбылося каля поўдня. Актывісты арганізацыі накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна (Менская вобласць), каб падтрымаць кіраўніка Івянецкай арганізацыі СПБ Тэрэзу Собаль.

Спачатку Анжаліка Борыс і двое актывістак аб'яднання, якія яе суправаджалі, разам з кіроўцам аўтамабіля былі затрыманыя ў раёне Ліды (Гарадзенская вобласць), астатнія пяцёра сябраў СПБ - недалёка ад Валожына.

Кіраўнік СПБ перасела ў іншы аўтамабіль і працягнула шлях у Валожын. Аднак на ўездзе ў горад аўтамабіль з Анжалікай Борыс быў зноў спынены машынай ДАІ. Тады кіраўнік Саюза палякаў выйшла з аўтамабіля і пайшла ў горад пешкі. Жанчыну дагнаў аўтобус, з яго выскачылі невядомыя людзі ў цывільным, адштурхнулі журналістаў, якія ішлі разам з Борыс, сілай зацягнулі кіраўніка СПБ у машыну і павезлі.

Анжаліку Борыс адвезлі ў Валожынскі РАУС і вызвалілі толькі па патрабаванні польскага консула. Яна змагла прыйсці на суд над Тэрэзай Собаль. Аднак кіраўніка СПБ, як і польскага консула Марэка Новака, на працэс не пусцілі і не дазволілі Борыс выступіць сведкай.

Гэта ўжо другое за апошнія тры дні масавае затрыманне актывістаў неафіцыйнага СПБ. 15 лютага ў розных гарадах Беларусі былі затрыманыя каля 40 актывістаў і кіраўнікоў арганізацыі. За арганізацыю мітынгу ў Гародні 10 лютага Анжаліка Борыс была аштрафаваная на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. рублёў), Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту.

Сёння ў судзе Валожынскага раёна праходзіла папярэдняе паседжанне па грамадзянскай справе лідэра Івянецкай арганізацыі неафіцыйнага СПБ Тэрэзы Собаль. Яна абвінавачвалася ў захопе Дома польскага ў Івянцы. Пазоў у дачыненні да Собаль падаў старшыня афіцыйнага СПБ Станіслаў Сямашка. Абедзве арганізацыі прэтэндуюць на Дом польскі ў Івянцы.

Працэс у Валожынскім судзе скончыўся на карысць праўладнага Саюза палякаў. Польскі дом перайшоў пад яго юрысдыкцыю, знаходжанне ў ім Тэрэзы Собаль прызналі незаконным. Лідэра Івянецкага аддзялення СПБ абавязалі вызваліць памяшканне.

Раскол у СПБ адбыўся ў 2005 годзе. Частка арганізацыі афіцыйна зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Беларусі. Неафіцыйнае крыло СПБ на чале з Анжалікай Борыс падтрымліваюць польскія ўлады.

16 лютага прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім выказаў «сваю заклапочанасць і рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў у Беларусі».

У той жа дзень 16 лютага вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па знешняй палітыцы, віцэ-старшыня Еўракамісіі Кэтрын Эштан асудзіла дзеянні міліцыі ў адносінах да Саюза палякаў і «спробы ўладаў навязаць польскай супольнасці новае кіраўніцтва». Яна заявіла, што сітуацыя вакол СПБ падрывае намаганні Еўразвяза па наладжванні стасункаў з афіцыйным Менскам.

Фотa "Наша Ніва"

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках