26 снежня 2024, Чацвер, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кэтрын Эштан расчараваная і заклапочаная сітуацыяй у Беларусі

5

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы, віцэ-старшыня Еўракамісіі Кэтрын Эштан выступіла 16 лютага з заявай.

У заяве кажацца, што развіццё сітуацыі ў Беларусі «падрывае высілкі Еўразвяза па наладжванні стасункаў з краінай».

Кэтрын Эштан «расчараваная нядаўнім арыштам 40 сябраў Саюза палякаў у Беларусі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці дэмакратычна абранай кіраўнічкі СПБ Анжалікі Борыс». У заяве Кэтрын Эштан выказаная «глыбокая заклапочанасць вялікім штрафам, які накладзены на Борыс», перадае БелаПАН.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ асудзіла дзеянні міліцыі ў дачыненні да СПБ і «спробы ўладаў навязаць польскай супольнасці новае кіраўніцтва».

«ЕЗ прадэманстраваў істотную адкрытасць у стасунках х з Беларуссю, напрыклад, уключыўшы краіну ў палітыку Усходняга партнёрства. Поспех гэтых стасункаў залежыць ад крокаў беларускага ўрада ў накірунку дэмакратызацыі і захавання правоў чалавека, уключаючы правы нацыянальных меншасцяў», — кажацца ў заяве. Эштан лічыць вельмі важным, каб Беларусь выконвала свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне абароны і пасоўвання правоў нацыянальных меншасцяў краіны.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ мае намер сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі.

15 лютага ў розных гарадах Беларусі былі затрыманыя актывісты і кіраўніцтва неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс.

Борыс аштрафаваная на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мячыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гародні мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі СПБ.

Лідэр івянецкай арганізацыі Тэрэса Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома польскага, у хуткім часе над ёй адбудзецца суд. Пазоў падаў старшыня афіцыйна зарэгістраванага СПБ Станіслаў Сямашка.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках