26 снежня 2024, Чацвер, 8:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэры Саюза палякаў у турме, Тэрэзу Собаль судзілі ў вайсковай частцы

45
Лідэры Саюза палякаў у турме, Тэрэзу Собаль судзілі ў вайсковай частцы

Напярэдадні суду над лідэрам Івянецкай арганізацыі Саюза палякаў былі арыштаваныя 40 актывістаў арганізацыі.

Актывісты Саюза палякаў Беларусі збіраліся сёння ехаць з Гародні ў Валожын (Менская вобласць), дзе павінен быў адбыцца суд над кіраўніком Івянецкай арганізацыі СПБ Тэрэзай Собаль.

Намесніка старшыні СПБ Мечыслава Яскевіча і прэс-сакратара арганізацыі Ігара Банцара затрымалі яшчэ ў Гародні, калі яны сядалі ў аўтамабілі. Супрацоўнікі міліцыі ўручылі ім позвы ў суд за акцыю, якая прайшла на мінулым тыдні ў знак салідарнасці з актывістамі непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў, якія церпяць пераслед, і адвялі пад канвоем у РУУС. Пра гэта сайту charter97.org паведаміў актывіст арганізацыі, журналіст Анджэй Пачобут.

А 12 гадзіне ў Ленінскім судзе Гародні прэс-сакратар Саюза палякаў Ігар Банцар быў асуджаны на 5 сутак арышту за арганізацыю акцыі ў падтрымку Тэрэзы Собаль 10 лютага.

Гадзінай пазней да 5 сутак арышту быў прысуджаны і намеснік старшыні Саюза палякаў Мечыслаў Яскевіч. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў той жа акцыі.

Ігар Банцар абвесціў галадоўку ў знак нязгоды з рашэннем суда.

Анджэй Пачобут, у якога ўжо была позва ў суд на 15.00, змог спынам дабрацца да Іўя, аднак там яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Міліцыянты заявілі, што актывіст СПБ падобны да злачынца, які расшукваецца за разбойны напад ў Гародні, і павезлі яго назад у горад.

Суд Ленінскага раёна прысудзіў Анджэя Пачобута да 5 сутак арышту таксама за ўдзел у акцыі салідарнасці з Тэрэзай Собаль.

У Івянцы была затрыманая лідэр Саюза палякаў Анжаліка Борыс. Яе пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі ў суд у Гародню. За ўдзел у акцыі 10 лютага старшыня СПБ прысуджаная да штрафу ў памеры 1 мільён 50 тысяч рублёў (360 долараў ЗША).

Як паведаміў «Радыё Свабода» адзін з актывістаў Саюза палякаў, які ехаў у суд у Валожын, на пад'ездзе да горада міліцыянты затрымалі шмат машын. Каля 40 чалавек на працягу некалькіх гадзін знаходзіліся ў апорным пункце міліцыі недалёка ад Валожына. У затрыманых забралі дакументы.

Дзесяткі чалавек, у асноўным сталага ўзросту, дабіраліся ў Валожын пешшу, бо машыны, на якіх яны ехалі, затрымалі на пад'ездзе да горада.

Тым часам, у Валожыне сёння праходзіў закрыты суд над Тэрэзай Собаль. Старшыню Івянецкай арганізацыі непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў абвінавачваюць у тым, што яна нібыта «самавольна» захапіла будынак Польскага дома. Пазоў супраць Собаль падаў у суд лідэр мясцовага аддзялення праўладнага Саюза палякаў Станіслаў Бурачэўскі.

Працэс адбыўся не ў будынку суда, а на тэрыторыі вайсковай часткі. Туды нікога не пускалі, тлумачачы, што сёння «праходзяць вучэнні».

Не пусцілі на працэс таксама польскага консула Марэка Мартынека, які прыехаў з Менска. У будынку, дзе праходзіў суд, супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён фатаграфаваў на мабільны тэлефон дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія не дапускалі на тэрыторыю часткі актывістаў СПБ.

Была таксама затрыманая рэдактар польскамоўнай газеты «Glos znad Niemna na uchodzstwie» Ірэна Валюсь. У дачыненні да яе быў складзены пратакол. Міліцыянты палічылі, што журналістка абражала кіраўніка праўладнай арганізацыі Саюза палякаў у Івянцы Станіслава Бурачэўскага. Адміністрацыйны пратакол супраць Ірэны Валюсь будзе разглядацца ў бліжэйшыя дні ў Гародні.

Як паведаміў БелаПАН сябра галоўнай рады арганізацыі Анджэй Пісальнік, з боку адказчыка ў судзе ўдзельнічалі Тэрэза Собаль і яе адвакат Аляксандр Галіеў, з боку істца - старшыня Івянецкай арганізацыі праўладнага СПБ Станіслаў Бурачэўскі і старшыня Менскага абласнога аддзела афіцыйнага саюза Мечыслаў Лысы.

Паводле словаў Пісальніка, Галіеў заявіў некалькі хадайніцтваў, у тым ліку аб неабходнасці апытання сведак і складання новага акту вопісу маёмасці ў Доме польскім. «Адвакат мяркуе, што першы акт вопісу маёмасці, складзены без удзелу прадстаўнікоў незарэгістраванага СПБ, не ў поўнай меры адпавядае рэчаіснасці», - сказаў Пісальнік.

Суд па справе Тэрэзы Собаль прызначыў другое папярэдняе паседжанне. Пра дату другога папярэдняга судовага паседжання яго ўдзельнікі будуць апавешчаныя позвамі.

Нагадаем, што 8 лютага Польскі дом быў захоплены супрацоўнікамі міліцыі. Усіх актывістаў СПБ на чале з Тэрэзай Собаль адтуль выгналі з ужываннем сілы, а ўвялі туды пад аховай міліцыі менавіта Станіслава Бурачэўскага.

Саюз палякаў быў расколаты ў 2005 годзе. Частка яго, лаяльная уладам, з'яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага СПБ на чале з Анжалікай Борыс пераследуецца ўладамі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках