24 лiстапада 2024, Нядзеля, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Указ №60 для афіцыйных сайтаў не ўказ

9

Падаецца, што нормы ўказа аб цэнзуры інтэрнэту павінны распаўсюджвацца толькі на апазіцыйныя сайты.

Як піша сайт Electroname.com, задоўга перад і асабліва заўзята пасля падпісання Указа №60 беларуская дзяржаўная прэса «з пенай ля рота» распавядала пра навядзенне парадку ў Сетцы і светлую будучыню, якая надыйдзе пасля навядзення гэтага парадку. І ледзь не галоўным аргументам неабходнасці адрэгуляваць беларускі інтэрнэт было жаданне прымусіць блогераў і іншых «ананімшчыкаў» выконваць аўтарскія правы і, як мінімум, пазначаць гіперспасылку на першакрыніцу. Лагічна дапусціць, што самі агітатары і прапагандысты пакажуць нам з вамі прыклад, як трэба выконваць наказы Лукашэнкі.

Усе, хто не першы год займаюцца кантэнт-праектамі, добра знаёмыя з сітуацыяй, калі ў інтэрнэт трапляе нявопытны чалавек і робіць першыя крокі, публікуючы тэксты на сайце. Ні пра якое веданне HTML і гаворкі быць не можа і добра, калі ў адміністрацыйнай панэлі CMS ёсць візуальны рэдактар. Пройдзе не адзін год, перш чым чалавек з лёгкасцю і карэктна пачне ўказваць неабходныя гіперспасылкі. Да таго ж, часта працэс публікацыі размеркаваны і не зразумела, на якім этапе гэтая самая гіперспасылка павінна ў тэксце з'явіцца. Таму такое жосткае патрабаванне Ўказа аб гіперспасылках на першакрыніцы нічога акрамя ўсмешкі не выклікае. Пачынаць трэба было са школьнага курсу па асновах HTML-пісьменнасці.

Але вернемся да прыкладаў і паглядзім на «вітрыну» законнасці і правапарадку ў інфармацыйнай прасторы Беларусі - сайт Міністэрства інфармацыі. У сайта ёсць стужка копіпастаў «Публікацыі», у яе збіраюцца цікавыя, на думку рэдактара, матэрыялы беларускай прэсы. І што? Гіперспасылка адсутнічае як клас. Ці то CMS сайта не дазваляе ўстаўляць HTML у тэкст, ці то рэдактар не ўмее гэтага рабіць - не важна. І гэтыя людзі будуць сачыць за захаваннем указа? Дык давайце будзем паслядоўнымі і заблакуем парушальніка ўказа яшчэ да 1 ліпеня, у прафілактычных мэтах.

Ці вось яшчэ прыклад. У апошнія дні ўсе сочаць за паведамленнямі СМІ пра сітуацыю з Польскім домам у Івянцы. Чытаем сённяшнюю «Советскую Белоруссию». А там свята нейкае. Аўтар не горш за шыфравальшчыка перакідаецца цытатамі і і пляўкамі з ананімнымі суразмоўцамі, што знаходзяцца ў цені. Суразмоўцы настолькі ананімныя, што адгадаць іх можна толькі па выкрадзеных цытатах. Пакінем за кадрам, што павінна адбывацца ў галовах у мэтавай аўдыторыі газеты дзе-небудзь у Лельчыцах. Але гіперспасылкі на першакрыніцы дзе? Ці штатны прапагандыст вырашыў, што Указ яму не ўказ?

Ствараецца ўражанне, што нормы Указа павінны распаўсюджвацца толькі на нас, шэраговых інтэрнэтчыкаў, а «правільныя» журналісты і дзяржслужачыя пад дзеянне ўказа не падпадаюць. Дык пра гэта трэба было напісаць у самім указе, зрабіць афіцыйнае выключэнне, а не распавядаць пра бар'еры і «заслоны» піратам.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках