24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сурыкаў: «Ураду Беларусі трэба ствараць умовы і не ківаць на Расею»

7

Амбасадар Расеі пацвердзіў, што расейскі бок не будзе пастаўляць бяспошлінную нафту ў Беларусь звыш аб'ёму.

Расея не плануе павялічваць сёлета аб'ёмы бяспошлінных паставак нафты ў Беларусь, нягледзячы на стварэнне з 1 ліпеня Адзінай мытнай тэрыторыі ў рамках Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана. Пра гэта, як перадае «Інтэрфакс», заявіў журналістам у Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

«Пратакол да міжурадавага пагаднення падпісаны. Беларускі і расейскі бакі вызначыліся па аб'ёмах нафты для ўнутраных патрэбаў Беларусі. Больш ніякіх дзеянняў не робіцца, дакумент падпісаны і чакае сваёй ратыфікацыі», - адзначыў расейскі амбасадар. Паводле яго словаў, «усе астатнія надзеі могуць быць пакінутыя па-за рамкамі гэтага дакумента».

Сурыкаў не выключыў, што «могуць пачацца нейкія дадатковыя размовы ў частцы фармавання ўзаемавыгадных бізнэсаў. Але гэта справа наступная».

Расейскі амбасадар выказаў надзею, што беларускі і расейскі бок у вызначаныя тэрміны правядуць унутрыдзяржаўныя працэдуры па падпісаным пратаколе па пастаўках нафты ў Беларусь.

«Калі дакумент не будзе ратыфікаваны, то тады складана лічыць яго ўступіўшым у дзеянне», - адзначыў амбасадар. Ён сумняецца, што «тады расейскія кампаніі будуць ажыццяўляць бяспошлінны пастаўкі нафты».

Каментуючы выказванне беларускага боку аб тым, што расейскім нафтавым кампаніям стала нявыгадна весці свой бізнэс у Беларусі, Сурыкаў заявіў: «Тут існуюць даччыныя прадпрыемствы расейскіх кампаній. Усе працоўныя месцы выключна беларускія, усе да апошняй капейкі падаткі - беларускія. Так каму нявыгадна? Безумоўна, Рэспубліцы Беларусь».

У гэтай сувязі, адзначыў ён, «ураду Беларусі трэба ствараць умовы і не ківаць на Расею».

Паводле словаў Сурыкава, «трэба менш задаваць пытанняў, а садзіцца за стол, дзе вядуцца перамовы і прымаць рашэнні». «Губляе ў дадзеным выпадку не Расея, а губляе выключна Беларусь», - сказаў расейскі амбасадар.

Сурыкаў адзначыў, што прадугледжаныя пратаколам пастаўкі 6,3 млн тон бяспошліннай нафты «могуць быць нармальна размеркаваныя паміж перапрацоўшчыкам нафты, каб даваць пэўную эканамічную выгаду пры дадатковай перапрацоўцы нафты, якая пастаўляецца па сусветнай цане».

«Патрэбныя разумныя падыходы, бо дадатковых аб'ёмаў бяспошліннай пастаўкі нафты няма і не будзе», - падкрэсліў амбасадар РФ у Беларусі.

Пастаўкі газу - па расейскім сцэнары

Сурыкаў таксама заявіў, што Расея пакуль не адрэагавала на прапанову Беларусі аб захаванні леташняй цаны на газ.

«Пакуль рэакцыі няма», - сказаў Аляксандр Сурыкаў.

Паводле яго словаў, «кантракт паміж «Белтрансгазам» і «Газпромам» падпісаны яшчэ ў 2006 годзе, у ім агучаныя параметры, умовы паставак газу ў Беларусь». «Кантракт ёсць, цэны ёсць, газ пастаўляецца», - заявіў амбасадар.

Разам з тым ён не выключыў, што «калі будуць нейкія дамоўленасці, то, мажліва весці перамовы».

Раней прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі заявіў, што Беларусь разлічвае на дасягненне дамоўленасцяў з ААТ «Газпрам» аб захаванні ў 2010 годзе для Беларусі леташніх цэн на газ, з улікам накіраваных расейскай кампаніяй інвестпраектаў.

Паводле Сурыкава, Расея таксама не атрымлівала ад Беларусі прапаноў па ўдзеле ў прыватызацыі беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў.

«Не магу сказаць. Канкрэтных прапаноў няма, ёсць толькі жаданне (беларускага боку) папрацаваць над імі», - адзначыў расейскі амбасадар.

Сурыкаў сказаў, што «гэтыя размовы ў галіне нафтаперапрацоўкі вядуцца з 90-х гадоў». «Але далей за размовы справа не ішла», - сказаў амбасадар. Паводле яго, «хацелася, каб беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы выказалі свае пазіцыі і выйшлі з добрымі талковымі прапановамі». «Хацелася б, каб ад слоў пераходзілі да справы», - заявіў амбасадар РФ у Беларусі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках