25 снежня 2024, Серада, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Я буду змагацца да перамогі»

55
Андрэй Саннікаў: «Я буду змагацца да перамогі»

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў даў прэс-канферэнцыю ў рэдакцыі газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Пытанні Андрэю Саннікаву задавалі журналісты агенцтваў «Інтэрфакс-Захад», БелаПАН, «Асашыэйтэд Прэс», «Рэйтар», газетаў «Наша Ніва», «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Першае пытанне ў журналістаў было, якія пасады кандыдат у прэзідэнты прапануе сваім супернікам у выпадку перамогі на выбарах. «Усе знойдуць сваё месца ў новым урадзе. У новай дэмакратычнай Беларусі працы будзе столькі, што ўсім прафесіяналам знойдзецца работа. Галоўнае, каб гэта былі прафесіяналы і дзейнічалі ў рамках закона», - адказаў Саннікаў.

На пытанне, ці гатовы ён знайсці якую-небудзь працу для Аляксандра Лукашэнкі, палітык адказаў «Не. Я не бачу, да чаго ён прыдатны».

Адносна развіцця падзей 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы Менска Андрэй Саннікаў заявіў:

«Плошча – гэта народ. Будзе кансалідацыя лідараў. Мы цяпер усе працуем, каб людзі прыйшлі на плошчу. І я бачу, што вельмі шмат людзей гатовыя гэта зрабіць. І не толькі ў Менску, але і ў шматлікіх гарадах, куды мы цяпер ездзім, людзі сапраўды настроеныя рашуча, гатовыя выйсці на плошчу, дачакацца вынікаў выбараў і выказаць сваё стаўленне да гэтых вынікаў».

Ці чакаецца прыезд людзей з рэгіёнаў? «Так, людзі збіраюцца прыязджаць у Менск, маюць намер збірацца і ў сваіх гарадах. Пайшла нармальная самаарганізацыя лідараў дэмакратычных сілаў. З'яўляюцца вельмі моцныя людзі ў рэгіёнах. Сапраўды новыя людзі, вельмі цікавыя, вельмі актыўныя. Гэта цешыць», - адказаў Саннікаў.

Журналісты выказалі здагадку, што 19 снежня камунікацыі рэгіёнаў з Менскам могуць быць абцяжараныя. «У сэнсе, па старым сцэнары? Перакрываць дарогі, здымаць з цягнікоў? Ну, а як жа лібералізацыя, якая патрэбная для таго, каб атрымаць грошы ад Еўропы? Гэта, безумоўна, адразу стане вядома, і мы аператыўна будзем паведамляць пра ўсе гэтыя факты міжнародным назіральнікам, і тым людзям, якія вырашаюць, даваць ці не даваць беларускім уладам крэдыты», - запэўніў Саннікаў.

Цікавіла СМІ і тое, які сцэнар рэалізуе ў Беларусі Крэмль, і ці ёсць у Расеі свой кандыдат на цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах.

«Тое, што я бачу і магу зразумець: Крэмль паслаў вельмі моцныя сігналы, што не будзе больш мець справу з Лукашэнкам. Ён не з'яўляецца партнёрам для Расеі. Лукашэнка не змог выканаць ніводнага сур'ёзнага абавязальніцтва, якія ён на сябе браў. Я думаю, што цяпер у Расеі вельмі ўважліва назіраюць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Яны адсочваюць заявы і праграмныя выступы кандыдатаў у прэзідэнты, і прымаць нейкае рашэнне будуць альбо падчас падвядзення вынікаў выбараў, альбо пасля. Гэта адзін са сцэнараў, якія я цяпер бачу.

Што тычыцца таго, ці ёсць у Крамля кандыдат на выбарах… Быў Лукашэнка. Яны яго 16 гадоў утрымоўвалі. А цяпер – не ведаю. Не думаю, што яны могуць вельмі хутка прыняць такое рашэнне. Паводле майго меркавання, прамога кандыдата няма. Але ёсць вельмі вялікі інтарэс да таго, як тут разгортваюцца падзеі, хто можа быць кіраўніком Беларусі вельмі хутка», - лічыць Саннікаў.

Пракаментаваў кандыдат у прэзідэнты і нядаўнюю заяву лідара руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча пра тое, што Лукашэнка можа пазбавіцца ўлады праз год-два.

«Ёсць такая памылковая тэндэнцыя. Кшталту як цяпер давайце неяк нададзім Лукашэнку легітымнасці, а потым паглядзім. Галоўная задача Лукашэнкі - утрымацца ва ўладзе. І калі гэта адбудзецца, то гэта будзе велізарная памылка і наступствы будуць адмоўнымі і для Беларусі, і для нашых суседзяў. Ужо сёння адбываецца эканамічны жах. Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў паведаміў мне, што Беларусі сёння для таго, каб утрымаць эканоміку, трэба штомесяц 1 мільярд даляраў. Вось гэта паказнік таго, што будзе адбывацца з эканамічнай, фінансавай сістэмай, калі Лукашэнка застанецца ва ўладзе», - заявіў Саннікаў.

Паколькі Андрэй Саннікаў выступае за інтэграцыю Беларусі ў Еўразвяз і стратэгічнае партнёрства з Расей, яго спыталі, які лёс чакае такія структуры як АДКБ, Мытны саюз, Еўразійскі эканамічны саюз.

«Мы будзем размаўляць па ўсіх гэтых пытаннях. Цяпер увесь рэгіён рухаецца ў іншы бок – у бок Еўразвяза. Я вельмі рады таму, што пачуў ад прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева і прэм'ер-міністра Уладзіміра Пуціна пра стратэгічнае партнёрства з Еўразвязам, пра стварэнне гарманічнай супольнасці эканомік ад Лісабона да Уладзівастока, пра бязвізавы рэжым, якія абмяркоўваюць цяпер і Расея, і Украіна. Расея цяпер рашуча рухаецца ў СГА, нягледзячы на тое, што існуе Мытны саюз. РФ і НАТО цяпер абмяркоўваюць стварэнне сістэмы СРА. Гэта ператвараецца ў магутную тэндэнцыю ва ўсім рэгіёне, а мы працягваем правальвацца ў «багну». Возьмем так званую «саюзную дзяржаву». Калі я быў на круглым стале ў Дыпакадэміі ў Маскве, там былі прыхільнікі Лукашэнкі. Так крытыкаваць «саюз» Расеі і Беларусі, як яны крытыкавалі, нават я б не змог. Гэта такое палітыка-ідэалагічнае ўтварэнне, якое нічога не дае нашым адносінам з Расеяй», - сказаў палітык.

Адносна ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, Саннікаў адзначыў: «У мяне ёсць досвед абмеркавання гэтага пытання яшчэ напачатку 90-х гадоў. Тады ўжо ішла гутарка пра стварэнне новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе. І цяпер аднаўляюцца пэўныя элементы гэтага абмеркавання. Тады гаворка ішла (і нават Расея ўдзельнічала ў гэтых размовах), што НАТО павінна змяніцца, стаць падмуркам новай бяспекі ў Еўропе, так званае hard power. А АБСЕ павінна было стаць soft power. Гэтага не адбылося. Але гэтыя параметры я лічу найболей перспектыўнымі. АДКБ - дзіўная для Беларусі арганізацыя, таму што яна разлічаная, перш за ўсё, на Сярэднюю Азію. Магчыма, для статыстыкі, для нейкай карцінкі Беларусі яна патрэбная была, але мы нічога не атрымалі ад гэтай арганізацыі і нічога мы не далі гэтай арганізацыі. Мы апынуліся па-за працэсамі ў рэгіёне. Сёння Расея і Украіна маюць нашмат больш шчыльныя стасункі з НАТО, а мы зноў нічога не робім у гэтым кірунку. Але пад нашым уплывам, пад уплывам Расеі і Украіны трэба будзе па-іншаму рэагаваць на сённяшнія выклікі. Пры гэтым адзначу, што я не бачу Беларусі ў НАТО».

Кандыдат у прэзідэнты пракаментаваў сумесную дэкларацыю ЗША і РБ, у якой выказвалася падтрымка Беларусі за яе рашэнне адмовіцца ад высокаўзбагачанага ўрана да 2012 года.

«Я добра ведаю амерыканцаў. Яны, каб пазбавіцца ад небяспек, звязаных з ядзернай зброяй, гатовыя пайсці на такія неардынарныя крокі.

Прычым хачу адзначыць, што мы ўжо адмовіліся ад узбагачанага ўрана. Проста Лукашэнка, як і ў выпадку з вывадам ядзерных ракетаў, стаў на «дыбы». І калі гаворка ідзе пра ядзерную зброю ці зброевае рэчыва – плутоній ці ўран – амерыканцы вельмі нервова рэагуюць і гатовыя на такія крокі ісці.

Але паказнік стаўлення да рэжыму Лукашэнкі не гэтая дамова, а тое, што амерыканцы не скасавалі свае санкцыі. Гэта ацэнка сітуацыі ў Беларусі. Я не думаю, што рыторыка неяк зменіцца. У назіранні за выбарамі ў Беларусі ўдзельнічаюць і амерыканцы, і я думаю, яны здольныя аб'ектыўна ацаніць карціну ў краіне», - лічыць Саннікаў.

Гучалі пытанні і пра тое, наколькі Беларусі выгодныя сёння пастаўкі нафты з Венесуэлы. «Танней нафты, чым з Расеі няма. Таму трэба будзе дамаўляцца з Расеяй, і гэтыя кошты павінны быць гарантаваныя. Я думаю, што пасля Лукашэнкі можна будзе дамовіцца купляць нафту і газ на ўзаемавыгадных умовах. Тое, што цяпер адбываецца з Венесуэлай – дурасць. Там такі ж рэжым, блізкі да лукашэнкаўскага. Таму нельга гарантаваць выкананне нават тых дамоваў, якія яны падпісалі», - адказаў кандыдат у прэзідэнты.

Цікавілі журналістаў і пытанні сацыяльныя. Што будзе пры прэзідэнце Саннікаве з ільготамі, ці будуць датаваць паслугі ЖКГ і навошта пераназываць міліцыю ў паліцыю.

«Паліцыя – гэта еўрапейскія стандарты. У самім слове «міліцыя» закладзены ваенны кампанент. Гэты ваенізаваны кампанент трэба прыбіраць. Паліцыя падтрымлівае парадак у гарадах, і гэта тое, што нам трэба. І потым, нам трэба будзе сур'ёзна рэфармаваць і скарачаць міліцыю. Хай пад новым брэндам, пад новай маркай заваёўваюць давер насельніцтва.

ЖКГ трэба рэфармаваць. Трэба абавязкова пускаць туды бізнэс. Датацыі на першым этапе павінны захавацца, але абавязкова павінна паляпшацца якасць абслугоўвання, таму што гэтыя датацыі сёння закопваюцца ў снег. Я які дзень хаджу на 13-ы паверх пешшу, таму што ліфт увесь час ламаецца. Але ліфт магілёўскі, таму я разумею, чаму. Напэўна, нічога іншага чакаць не варта.

З нагоды льготаў – школьнікам, студэнтам, пенсіянерам праезд, нейкія яшчэ паслугі абавязкова павінны датавацца. Гэта проста павага дзяржавай сваіх грамадзян», - упэўнены кандыдат у прэзідэнты.

«Камсамольскую праўду ў Беларусі» цікавіла, як да рашэння Андрэя Саннікава балатавацца на пост прэзідэнта паставілася яго сям'я.

«Я прымаў рашэнне, абмеркаваўшы гэта з сям'ёй. Усе мяне падтрымалі. Былі, вядома, асцярогі ў маці, ведаючы гэты рэжым, але, тым не менш, цяпер толькі станоўчыя эмоцыі. Малодшы сын, трохгадовы Даня таксама прымае пасіўны ўдзел у маёй кампаніі. Напрыклад, калі развешваліся плакаты з партрэтам, ён агітаваў на вуліцах, крычаў «Тата! Тата!». Мінакі ўсміхаліся, спыняліся», - распавёў палітык.

Нягледзячы на тое, што хуткія выбары відавочна будуць несвабоднымі і недэмакратычнымі, Андрэй Саннікаў заявіў, што гатовы «змагацца да перамогі».

«Адразу ж былі падставы не прызнаваць гэтыя выбары. Лукашэнка не мае права балатавацца ў прэзідэнты. Ён парушыў усе законы, якія ёсць. Мы ўдзельнічаем у гэтай кампаніі, ведаючы гэта, і ведаючы, што падліку галасоў не будзе. І нават тое, што ён цяпер рабіў - не прыйшоў падаць заяву пра рэгістрацыю, выкарыстоўвае нашыя грошы на сваю піяр-кампанію – усё гэта ў нармальнай дзяржаве было б падставай для зняцця з выбараў. Тое, што кіруе ЦВК Ярмошына, супраць якой дзейнічаюць міжнародныя санкцыі менавіта за фальсіфікацыі – гэта здзек з народа Беларусі. І тое, што яна напярэдадні кампаніі сказала, што з'яўляецца чальцом каманды Лукашэнкі, азначае, што нам адразу сказалі: не будзе выбараў у нас, не разлічвайце. Я і не разлічваю. Рэйтынг Лукашэнкі сёння ўсяго каля 20%. Я буду змагацца да канца – да перамогі. Гісторыя робіцца сёння, і разам мы пераможам», - перакананы кандыдат у прэзідэнты Беларусі.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках