23 лiстапада 2024, Субота, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскія акцёры падпісалі петыцыю ў падтрымку свабоднай Беларусі

16
Брытанскія акцёры падпісалі петыцыю ў падтрымку свабоднай Беларусі

Петыцыю падпісалі Джуд Лоў, Джэрэмі Айрэнс, Кейт Уінслет і шмат іншых вядомых акцёраў.

Беларускі «Свабодны тэатр» паказаў у Лондане два спектаклі - «Спасцігаючы каханне» і «Лічбы».

Упершыню ўдзел у пастаноўках тэатра прымалі не толькі акцёры тэатра, але і галівудскія знакамітасці: Джуд Лоў, Іан Маккелен, Сэмюэль Уэст і іншыя. Такім чынам артыстычная грамадскасць выказала салідарнасць як са «Свабодным тэатрам», так і з беларускім грамадствам.

5 снежня ў адным з найбуйнейшых тэатраў Вялікабрытаніі, лонданскім «Young Vic», адбыўся так званы «гала-эвент» беларускага «Свабоднага тэатра». Былі паказаныя два спектаклі: «Лічбы» ў пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня, а таксама «Спасцігаючы каханне» у пастаноўцы Мікалая Халезіна. Упершыню ў практыцы беларускага тэатральнага мастацтва ў мерапрыемстве прынялі ўдзел выбітныя тэатральныя і кінаакцёры Брытаніі і ЗША. Вось што распавёў «Радыё Свабода», прыляцеўшы ў менскі аэрапорт, мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Халезін.

«Гэта было вельмі магутнае мерапрыемства. Былі практычна ўсе акцёры, якія і павінны былі быць, за выключэннем толькі Кейт Уінслет. Яе замяніла Сіена Мілер, якая разам з Джудам Лоў грала Ірыну і Анатоля Красоўскіх. Іншая пара - гэта Сэмюэль Уэст і Аджуа Анда. Адкрывалася ўрачыстасць спектаклем «Лічбы» з трылогіі «Зона маўчання», пасля чаго пачаўся спектакль «Спасцігаючы каханне». Былі задзейнічаныя тры пары акцёраў: Марына Юрэвіч і Алег Сідорчык, іх у сярэдзіне спектакля замянілі Джуд Лоў і Сіена Мілер, нарэшце пасля іх выйшлі Сэм Уэст і Аджуа Анда. У фінале зноў працавалі нашыя акцёры, а заключную сцэну ўсе сыгралі разам. Мерапрыемства атрымалася вельмі цікавым і з мастацкага пункту гледжання, і таксама з грамадскага: усе акцёры працавалі бясплатна і нават выказалі нам вялізную падзяку за тое, што іх запрасілі папрацаваць разам», - падкрэсліў Мікалай Халезін.

Нагадаем, што ў аснову сюжэту спектакля «Спасцігаючы каханне» пакладзеная рэальная гісторыя ўзаемаадносінаў Ірыны і Анатоля Красоўскіх. Бізнэсовец і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі знік пры загадкавых абставінах у верасні 1999 года разам з палітыкам Віктарам Ганчаром. Спектакль-ілюстрацыя «Лічбы» ўваходзіць у трылогію «Зона маўчання» разам з работамі «Легенды дзяцінства» і «Іншыя» і сцэнічным чынам дэманструе, як ва ўмовах цяперашняга рэжыму адбываецца «маніпуляванне лічбамі» ў Беларусі.

Трупа «Свабоднага тэатра» ў ліпені ўжо была ў Лондане. Разам з артыстамі брытанскую сталіцу наведаў і лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які сустрэўся з Томам Стопардам - сусветна вядомым драматургам.

Напярэдадні, падчас сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева з выбарнікамі на Прывакзальнай плошчы ў Менску, Саннікаў атрымаў маральную падтрымку з Лондана.

«Том Стопард патэлефанаваў, каб падтрымаць мяне, і сказаў, што душой і ў думках ён з намі - з усімі, хто змагаецца за свабоду Беларусі», - распавёў Андрэй Саннікаў.

Але, як распавёў Мікалай Халезін, падтрымку беларусам выказалі і іншыя прысутныя на спектаклях «Свабоднага тэатра».

«Было вельмі шмат журналістаў, вельмі шмат палітыкаў і лордаў, было шмат юрыстаў, праваабаронцаў, натуральна, акцёраў і проста грамадскіх дзеячаў. Усяго - 450 чалавек.

У канцы зала хвілінаў 10 стоячы зладзіла ўсім авацыю. Усе сышліся ў меркаванні: ніхто нават прадбачыць не мог, што прыём будзе менавіта такім. Пасля гэтага мы атрымалі вельмі шмат прапановаў на далейшыя выступы ў Вялікабрытаніі. Таксама трэба адзначыць, што выйшла петыцыя, якую падпісалі вельмі шмат акцёраў - каля 60 чалавек. Акрамя таго, падпісалі яе і больш за 100 грамадскіх дзеячаў. Гэтая петыцыя ў падтрымку свабоднай Беларусі і «Свабоднага тэатра». Там ёсць такія імёны, як і Кейт Уінслет, і Джэрэмі Айрэнс, і вялікай колькасці іншых зорак. На днях мы гэтую петыцыю апублікуем цалкам», - распавёў Мікалай Халезін.

«Свабодны тэатр» - андэграўндны тэатральны праект, створаны ў Менску ў 2005 годзе па ініцыятыве Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды. Трупа не мае ні ўласнай сцэны, ні фінансавання, ні памяшкання для рэпетыцыі, таму ў Беларусі спектаклі праходзяць пераважна на прыватных кватэрах. Гледачоў на паказы запрашаюць персанальна, асабліва не афішуючы «яўкі» - некалькі гадоў таму міліцыя затрымала падчас спектакля некалькі дзясяткаў артыстаў і гледачоў, сярод якіх было нямала замежнікаў.

Між тым, усё гэта не перашкаджае аднадумцам мець міжнароднае прызнанне: у красавіку 2008 года ў грэчаскіх Салоніках «Свабодны тэатр» атрымаў прэстыжную тэатральную прэмію «Еўропа - тэатру». Гастролі тэатра з поспехам праходзілі ў Еўропе, у ЗША, Аўстраліі, Японіі, а таксама ў шэрагу праблемных рэгіёнаў Цэнтральнай Афрыкі, у прыватнасці, у Руандзе і Угандзе.

Ідэі «Свабоднага тэатра» падтрымлівалі і падтрымліваюць выдатныя творцы сучаснасці: Том Стопард, Вацлаў Гавел і іншыя. Дарэчы, нобелеўскі лаўрэат Гаральд Пінтэр яшчэ пры жыцці даў тэатру права пастаноўкі ўсіх сваіх п'ес. «Свабодны тэатр» уваходзіць у Еўрапейскую тэатральную канвенцыю.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках