23 лiстапада 2024, Субота, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Радыё Рацыя»: Гамельчукі сустракалі Саннікава як зорку (Фота)

12

Заявы кандыдата ў прэзідэнты на сцэне ДК «Фестывальны» 5 снежня многія гамельчукі сустрэлі стоячы і воплескамі.

У Гомелі распачаліся сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Першым абласны горад наведаў Андрэй Саннікаў. Больш за тысячу чалавек 5 снежня на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты. Яго заявы на сцэне ДК «Фестывальны» многія гамельчукі сустрэлі стоячы і воплескамі, перадае «Радыё Рацыя».

Зала дома культуры, разлічаная на 700-800 месцаў, была цалкам запоўненая жыхарамі Гомеля. Сустрэча доўжылася дзве гадзіны.

Андрэй Саннікаў распачаў свой выступ з таго, што адзначыў сваю сувязь з Гомелем.

«Гомель для мяне не чужы горад. Тут у 1928 годзе нарадзіўся мой бацька. Таму гэты горад – радзіма майго бацькі, што вельмі важна ў жыцці кожнага чалавека», - падкрэсліў Саннікаў.

Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў казаў пра тое, што быць апошняй дыктатурай у Еўропе – гэта ганьба для краіны і народа, які заслужыў лепшую долю. 16 год беларусам абяцалі райскае жыццё для ўсіх: для студэнтаў, для пенсіянераў, для працоўных... А насамрэч атрымалі падачкі замест пенсіяў, кабальную кантрактную сістэму замест абароны правоў працоўных, немагчымасць студэнтам рэалізаваць сябе ні ў Беларусі, ні ў Еўропе.

«Я іду ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, каб змяніць нашае жыццё. Беларусь зачакалася пераменаў. 16 год – гэта вельмі шмат. Большасць людзей за перамены. Да мяне зараз падышоў малады чалавек і сказаў, што яны праводзілі апытанне сярод студэнтаў, паводле якога 70% за перамены. У першую чаргу мы павінны змяніць гэтую ўладу. Адстаяць выбар народу. Гісторыя робіцца сёння. Гісторыю робім мы. І разам мы пераможам!», - зазначыў Андрэй Саннікаў.

Гамельчукі задавалі Саннікаву мноства пытанняў. Да мікрафона выходзілі прадпрымальнікі, грамадскія лідэры, пенсіянеры, студэнты.

Напрыклад, адзін з тых, хто прышлі на сустрэчу, задаў пытанне пра ўшчамленне правоў чалавека ў Беларусі.

«У нашай краіне за апошнія 16 год было прынята шмат незаконных рашэнняў суда. Скажыце, пасля таго, як вы станеце прэзідэнтам, а я ў гэтым не сумняюся, ці зможаце Вы выдаць закон, які дазволіць людзям, чые правы былі парушаныя за гэтыя 16 год, зноў звярнуцца ў суд? Даць гэтым людзям магчымасць адстаяць свае правы?», - пацікавіўся мужчына.

На гэтае пытанне Андрэй Саннікаў адказаў станоўча.

«Так, гэта прадугледжана. І пра гэта напісана ў маёй праграме, пра гэта я кажу падчас сваіх выступаў. У нас абсалютнае беззаконне. І законы ў нас прымаюцца такія, якія супярэчыць адзін аднаму», - падкрэсліў Саннікаў.

Другога ўдзельніка сустрэчы цікавіла, як Андрэй Саннікаў будзе змагацца з вертыкаллю, якая паводле яго словаў «усё-ткі сіла», што прыбыла ў колькасці 2,5 тысячаў чалавек на «усебеларускі сход».

«Вы сказалі, што 2,5 тысячы - гэта сіла, але гэта слабасць. Гэта спроба паказаць паслухмяных людзей, якія паслухмяныя не ўсе. Паверце мне. Таму што беларусы, нават тыя, хто працуюць на рэжым, яны цудоўна разумеюць: тое, што Лукашэнка прапаноўвае сёння – гэта шлях у тупік», - сказаў палітык.

Студэнт вну пацікавіўся ў Саннікава, ці прызнае ён Абхазію і Паўднёвую Асетыю, калі стане прэзідэнтам Беларусі.

«Не, я не стану прызнаваць. То бок я не буду ставіць пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. Так жа, як не буду ставіць пытанне і адносна незалежнасці Косава. Гэта небяспечныя пытанні», - падкрэсліў Саннікаў.

Пасля сустрэчы гамельчукі яшчэ надоўга затрымалі Андрэя Саннікава ў фае ДК «Фестывальны». Распавядалі яму пра свае праблемы, задавалі пытанні, бралі аўтографы і фатаграфаваліся з кандыдатам у прэзідэнты.

Меркаванні пра мерапрыемства ва ўдзельнікаў сустрэчы склаліся станоўчыя.

«Уражаны тым, колькі людзей падтрымліваюць Саннікава. Гэта ж зала на тысячу чалавек! І месцаў яшчэ не хапіла. Гэта нешта ўзрушаючае», - кажа захоплены мужчына.

Актыўна выказваліся ў падтрымку Саннікава і пенсіянеры.

«А можна і я скажу. Любы кіраўнік, калі ён доўга сядзіць на сваёй пасадзе, ён пачынае псавацца», - упэўнены пенсіянер.

Ёсць і даўнія знаёмыя кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

«Я даўно яго ведаю, чытаю яго сайт, захапляюся. Увогуле, я за Саннікава», - цвёрда ўпэўненая гамяльчанка.

Андрэй Саннікаў пракаментаваў для «Радыё Рацыя» прайшоўшую сустрэчу з жыхарамі Гомеля.

«Гомель сустрэў цудоўна. Вы ж самі ўсё бачылі. Народ насамрэч паверыў, што перамены магчымыя, што ёсць шанец. Ёсць велізарная падтрымка. Вельмі добра тут працавалі падчас збору подпісаў. Зараз мы пабачылі, што ў Лукашэнкі няма аніякай падтрымкі. Яна ёсць у дэмакратыі», - падкрэсліў Саннікаў.

Карэспандэнт: Спадар Андрэй, ці плануюцца нейкія мерапрыемстве на 19 снежня ў Гомелі. Гэта ўсё ж такі другі па велічыні горад.

-- Я зараз не магу адказаць на гэтае пытанне. Таму што мы зараз кожны дзень думаем і абмяркоўваем гэта.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках