27 лiстапада 2024, Серада, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Вайцюшкевіч: Праспяваем усе на Плошчы!

19
Зміцер Вайцюшкевіч: Праспяваем усе на Плошчы!

Вядомы беларускі бард распавёў пра мастацкі сцэнар плошчы 19 снежня.

Адзін з тых, хто выступаў у чацвер увечары на плошчы Свабоды, выканаўца і кампазітар, адзін з фронтмэнаў апошніх перадвыбарных акцый Зміцер Вайцюшкевіч распавёў «Радыё Свабода» пра тое, якія галоўныя песні могуць праспяваць дзясяткі тысячаў беларусаў на плошчы 19 снежня.

— Зміцер, выбарнікі на сустрэчах з кандыдатамі ўсе гэтыя дні задаюць ім найчасцей адно пытанне: ці ёсць палітычны сцэнар плошчы? У вас запытаю: ці ёсць мастацкі сцэнар плошчы?

— Апошнім часам, як мне падалося, мастацкі сцэнар вызначаецца ўжо там, на плошчы. Ёсць, канечне, песні, якія варта і трэба выконваць на плошчы. Але ёсць эмацыйныя кропкі, на якія можна націснуць падчас нейкага ўсплёску, бо той самы «Сцяг», або «Дзе мой край» Уладзіміра Караткевіча абы-дзе не заспяваеш. І яшчэ – патрэбнае добрае абсталяванне, прынамсі не горшае, чым было ўчора на сустрэчы з Андрэем Саннікавым і Уладзімірам Някляевым.

— А якую песню Някляева будуць спяваць 19 снежня на плошчы?

— Яна ўжо запісаная, і будзе дзве версіі: адна гітарная, якая гучала на перадапошняй акцыі каля чыгуначнага вакзала, а ўжо ўчора мы спявалі як раз такі маршавую версію песні «Сцяг» Уладзіміра Някляева. Маршавая дазваляе не проста стаяць, але і ісці, рухацца. І не мерзнуць. Бо ўсё ж такі асаблівасць цяперашняй і папярэдняй акцыі ў тым, што было страшэнна халодна, таму патрэбныя такія песні, каб было цяплей.

— Сапраўды, Зміцер, мы разумеем, што людзі прыйдуць на плошчу не на канцэрт, што гэта будзе пратэст. Плошча адбудзецца тады, калі будзе ясна прадэманстраваная палітычная воля народа. Я хачу ўспомніць велізарнае патрасенне, калі ў свой час увесь кіеўскі Майдан спяваў украінскі гімн. Якая песня можа з'яднаць беларусаў, што дарэчы было б спяваць уначы на марозе.

— Якраз з песнямі ў нас ёсць пэўная праблема, бо сённяшні гімн, які ёсць – не сакрэт, як улады з гэтым ні змагаюцца – яго ніхто не можа вывучыць, а калі і вывучваюць механічна, то сэрцам яго ні спартоўцы, ні «культурныя» дзеячы... ну, не спяваецца ён у іх. Таму, відаць, на плошчы ў кожнага будзе свая песня. Або і тая версія «Сцяга», што ёсць – яна ўжо знаёмая людзям, для якіх і сцяг і герб не чужыя. Так што гэта можа быць «Сцяг», могуць быць песні NRM, той самы «Паветраны шар», «Лепей не будзе». Пакуль што песня, якая б усіх аб'яднала і якую б усе ведалі – як «Бывайце здаровы» ці тая няшчасная «Купалінка» - у кожнага свая версія гэтых песняў...

— Ну, а магчыма, беларусы маглі б узяць тыя самыя купалаўскія радкі, якія вельмі ўдала знойдзеныя на ўчорашняй акцыі, калі два кандыдаты чыталі па радку верш «А хто там ідзе», а людзі адказвалі ім хорам. Калі дзясяткі тысячаў адкажуць хорам «Беларусы!», дык, відавочна, гэта прагучыць пераканаўча.

— Па-першае, трэба, каб было добрае абсталяванне, якое б дазволіла, каб тыя тысячы людзей пачулі. Ну і для шмат каго з тых, хто прыйдзе – для гэтых людзей, на жаль, гэтыя радкі – гэта нешта новае, хоць яны і штодня друкуюцца ў «Народнай Волі»...

— У турме галадае мастак Алесь Пушкін, якога відавочна прэвентыўна затрымалі перад выбарамі. Суполка «Пагоня» прыняла з гэтай нагоды зварот. Як вы думаеце, ці нельга скарыстаць хвалю грамадскай салідарнасці больш актыўна, чаму маўчаць іншыя творцы?

— Увогуле дзіўна, што так адбываецца... Сэрца ўчора крычала, але проста не хапіла часу, бо акцыя была досыць шчыльная, а сэрца прасіла хоць два словы сказаць у падтрымку «хулігана» Пушкіна. Бо атрымліваецца, што адзін «хуліган» - а гэта ж адзінае, што яму інкрымінуюць – трымае напярэдадні выбараў у страху ўсю крупскую міліцыю. Варта засяродзіць увагу на гэтай справе – Алеся ўжо другі раз садзяць, каб не дай бог Крупскі раён не паўстаў і Пушкін не павёў са сцягам на змаганне з крывавым рэжымам. Варта і 19-га і раней падтрымаць Пушкіна, які ўсё ж цяпер не з намі.

— З’явілася інфармацыя, што вы, як і іншыя вядомыя творцы – Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч пагадзіліся быць назіральнікамі на выбарах. Вы вызначыліся з участкам і наколькі вы гатовыя да назірання?

— Вызначаемся, сёння мне павінны сказаць, я дакладна ведаю, што гэта будзе дзесьці ў раёне плошчы Перамогі. Форма назірання таксама будзе ўдакладняцца, бо для мяне гэта справа новая – не паспяваеш прывыкаць да нейкіх новых іпастасяў... Але мы хутка вучымся, як і ўсе беларусы.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках