24 снежня 2024, aўторак, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 запаведзяў выбашчыка

27
10 запаведзяў выбашчыка

Як абраць лідэра дзяржавы, каб не ныць на кухні ўсе бліжэйшыя гады.

Абірай галавой

Абірай галавой, а не «душой» ці «сэрцам», да чаго заклікаюць некаторыя кандыдаты. Выбары «сэрцам» сканчаюцца сумна – пасля ўсіх падобных «кардыя-плебісцытаў» на сэрцы выбаршчыка застаюцца раны, якія не загойваюцца ў наступныя 4-5 гадоў. Кандыдаты на пасаду прэзідэнта, якія асабліва перажываюць за ўключэнне душы электарата ў выбарчы працэс, употай спадзяюцца, што вы прагаласуеце любым іншым органам, акрамя галавы.

Забудзься слова «харызма»

Абсалютная большасць палітыкаў, якія валодаюць гэтай самай «харызмай» – ці страшэнныя мярзотнікі, ці людзі, якія страцілі адчуванне рэальнасці на глебе ўсведамлення ўласнай значнасці. Вацлаў Гавал ці Нэльсан Мандэла харызмай не валодалі, але валодалі нясхільнай воляй, неверагоднай прыстойнасцю і паталагічнай сумленнасцю. На чале спісу палітыкаў-харызматыкаў знаходзяцца Адольф Гітлер, Іосіф Сталін, Беніта Мусаліні, Садам Хусейн... Калі хочаце бесперапынны Хэлоўін – галасуйце за харызматыка, калі Каляды і Вялікдзень – абірайце нармальнага чалавека.

Галасуй за мір, а не за вайну

Абірай таго палітыка, які прапануе мірную перспектыву, а не звядзенне рахункаў з ворагамі. Дамагацца справядлівай кары павінны праваахоўныя органы, а не кіраўнікі дзяржаваў. Іх справа – узважаныя рашэнні, кансенсус у грамадстве і адмова ад любой канфрантацыі. Лідэры, якія прыйшлі да ўлады з праграмай «знайсці крайніх», знаходзяць іх без цяжкасцяў – спачатку ў асяроддзі апазіцыі, затым у сваім асяроддзі, а потым «яны ідуць да вас».

Уключай уяўленне

Ацэньваючы кандыдата ў прэзідэнты, фантазіруй. Напрыклад, уяві яго побач з Брытанскай Каралевай. Калі глядзіцца арганічна і годна – галасуй за яго. Калі ж у тваіх фантазіях ён ушчынуў Яе вялікасць, паправіў ёй карону, распавёў пахабную показку ці падараваў «Буквар» – нават не чытай яго перадвыбарчую праграму, у жыцці ён усё адно будзе шчыкацца, казаць непрыстойнасці і дарыць буквары, і табе будзе за яго бясконца сорамна.

Думай пра сям'ю

Абіраючы новага прэзідэнта, думай перш за ўсё не пра абстрактную дзяржаву, а пра сваю канкрэтную сям'ю. Думай пра яе перспектывы і фінансавае становішча, пра бяспеку і магчымасці, якія адкрываюцца, пра адукацыю дзяцей і абарону бацькоў. Ведай, што адзіны шлях да паляпшэння жыцця сям'і – зрабіць правільны выбар.

Сумнявайся

Сумнеў – шлях да спазнання. Давярай сабе і сваім пачуццям, давярай кандыдатам і іх праграмам, давярай сваім сваякам і сябрам. Давярай, але сумнявайся. Ты сам будзеш апускаць бюлетэнь у скрыню, а значыць і сам павінен зрабіць высновы. Задавай пытанні і атрымлівай адказы; размаўляй з аўтарытэтнымі людзьмі, меркаванню якіх давяраеш; вывучай праграмы кандыдатаў і інфармацыю пра іх у інтэрнэце. Спынішся сумнявацца – абярэш дэмагога, таго, хто наабяцае больш за ўсіх, але нічога не зробіць.

Размаўляй з людзьмі

Увесь час размаўляй з людзьмі. Па-першае, ты зможаш сабраць больш інфармацыі пра кандыдатаў; па-другое, гэта дазволіць табе адчуць, што ты не самотны ў сваіх перакананнях; і, па-трэцяе, ты даведаешся шмат новага пра тых людзей, побач з якімі жывеш.

Узгадвай

Калі вырашаеш аддаць свой голас за кагосьці з кандыдатаў, узгадай, чым ён займаўся ў папярэднія гады: што зрабіў для краіны, што казаў, як паводзіў сябе ў розных сітуацыях. Памятай, што знаходзячыся ля стырна краіны, яго паводзіны наўрад ці зменяцца, а некаторыя адмоўныя рысы характару здабудуць паталагічныя формы.

Абараняй свой выбар

Прагаласаваўшы, не разлічвай на тое, што твой голас правільна падлічаць. Улада заўсёды «памыляецца на сваю карысць», а таму будзь гатовы да таго, каб абараніць сваё права на выбар. Па меры сілаў, кантралюй правільнасць выканання працэдуры падліку галасоў. Размаўляй з чальцамі камісіяў, заклікаючы іх да сумленнага выканання сваіх абавязкаў. Выходзь на плошчу пасля выбараў, каб выбарчыя камісіі разумелі, што іх дзеянні кантралююцца грамадствам. Не дазваляй падманваць сябе.

Не будзь дурнем

Будзь разумным – гэта тваё жыццё, і ніхто не мае права зрабіць так, каб ты выкрэсліваў з яго гады.

Мікалай Халезін, kilgor-trautt

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках