24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК праігнараваў амаль усе прапановы кампаніі «За справядлівыя выбары»

10

З усяго пакета прапановаў Цэнтрвыбаркам пагадзіўся толькі на адну метадычную праўку.

Прапановы ў выглядзе шасці праектаў пастановаў Цэнтрвыбаркама былі накіраваныя ў ЦВК 19 кастрычніка, перадае БелаПАН.

Праект першай пастановы прадугледжвае фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій у першую чаргу з прадстаўнікоў палітычных партый.

Другая тычыцца правядзення перадвыбарнай агітацыі і сустрэчаў кандыдатаў у прэзідэнты з выбарнікамі. Кампанія «За справядлівыя выбары» прапаноўвае даць усім кандыдатам у прэзідэнты роўнае права адначасова ўдзельнічаць у сустрэчах з выбарнікамі па-за залежнасцю ад таго, хто арганізоўвае гэтыя сустрэчы і інш.

У праекце трэцяй пастановы тлумачыцца парадак выкарыстання дзяржаўных СМІ пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

Праект чацвёртай пастановы прадугледжвае прадастаўленне назіральніку права знаходзіцца ў дзень выбараў у памяшканнях для галасавання з моманту пламбавання альбо апячатвання скрыняў для галасавання да заканчэння падвядзення вынікаў галасавання. Пры гэтым пры падліку галасоў назіральнік мае права знаходзіцца на тым месцы, дзе ён можа бачыць змест выбарчага бюлетэня.

У праекце пятай пастановы тлумачыцца парадак падліку галасоў на ўчастку для галасавання.

Апошні праект тычыцца агульных патрабаванняў да выбарчага бюлетэня.

Як заявіў на сённяшнім пасяджэнні ЦВК каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін, цяперашняя практыка выбарчых кампаній «не адпавядае духу правядзення дэмакратычных выбараў».

Паводле яго словаў, пастановы, якія прапаноўваецца прыняць Цэнтрвыбаркаму, дапамогуць зраўняць правы розных суб'ектаў выбарчых камісій.

Калякін таксама падкрэсліў, што прыняцце гэтых пастановаў не ўносіць змяненняў у заканадаўства, а толькі растлумачвае яго.

Аднак як заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, шэраг палажэнняў праектаў патрабуе ўнясення заканадаўчых зменаў, у прыватнасці пра прыярытэт уключэння ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партый.

На думку чальцоў ЦВК, прапановы кампаніі «За справядлівыя выбары» не адпавядаюць практыцы правядзення выбараў у Беларусі.

Сярод іншага Цэнтрвыбаркам адмовіўся прыняць пастанову, якая прадастаўляе назіральнікам права бачыць пры падліку галасоў, за каго канкрэтна пададзены бюлетэнь.

ЦВК пагадзіўся ўнесці ў метадычныя рэкамендацыі толькі адну праўку, паводле якой назіральнікам «прадастаўляецца магчымасць назірання, якое забяспечвае агляднасць падліку галасоў».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках