24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія СМІ нагадалі, чым заканчваюцца сустрэчы з дыктатарам

30
Нямецкія СМІ нагадалі, чым заканчваюцца сустрэчы з дыктатарам

У Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі і прававое бязмежжа, адзначаюць выданні ФРГ.

Упершыню з 1995 года чалец урада ФРГ прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам, піша «Frankfurter Allgemeine Zeitung». Гіда Вестэрвеле пабываў у Менску разам са сваім польскім калегам Радаславам Сікорскім і падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам запатрабаваў ад таго сумленных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 19 снежня.

Выбары ў снежні «стануць лакмусавай паперкай для вашай гатоўнасці да дэмакратыі», заўважыў міністр, звяртаючыся да кіраўніка, што знаходзіцца з 1994 года ва ўладзе. «У нас ніколі не было недэмакратычных выбараў», - парыраваў Лукашэнка, прапанаваўшы Вестэрвеле асабіста заняцца падлікам галасоў.

Апошні візіт высокапастаўленага ўрадавага чыноўніка ФРГ ў 1995 годзе скончыўся нічым, заўважае аўтар публікацыі Райнгард Везэр. «Лукашэнка праз год літаральна выключыў парламент з палітычнага жыцця краіны, забяспечыўшы сябе шырокімі паўнамоцтвамі і жорстка душачы пратэсты апазіцыі. ЕЗ прыняў рашэнне максімальна абмежаваць кантакты на вышэйшым узроўні».

Пасля падтасоўкі вынікаў выбараў у 2006 годзе ЕЗ увёў забарону на ўезд для вядучых функцыянераў рэжыму, у тым ліку і прэзідэнта. Аднак забарона ўпала пасля таго, як Менск у мінулым годзе выканаў умовы па вызваленні палітычных зняволеных, нагадвае выданне.

У выпадку «сумленных выбараў» Беларусь, паводле словаў Сікорскага, можа ў бліжэйшыя 3 гады разлічваць на фінансавую дапамогу ў памеры 3 млрд еўра. Беларусь сутыкнулася з сур'ёзнымі эканамічнымі праблемамі, якія ўскладняюцца яшчэ і тым, што Расея - на фоне двухбаковых адносін, што пастаянна пагаршаюцца - дэманструе усё меншую гатоўнасць забяспечваць суседа таннымі нафтай і газам.

«Нямецкая хваля» таксама адзначае, што шлях Беларусі ў Еўропу будзе залежаць ад таго, наколькі дэмакратычнымі і адкрытымі будуць прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца 19 снежня.

Радыёстанцыя паведамляе, што ўвечары 2 лістапада міністры замежных спраў Германіі і Польшчы правялі паўгадзінную прэс-канферэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў. Яна прайшла ў менскай гасцініцы «Еўропа», што само па сабе было дастаткова сімвалічным.

Гіда Вестэрвеле адразу ж закрануў тэму сустрэчы з патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі з апазіцыйнага лагера. Паводле словаў кіраўніка нямецкага МЗС, размова з апазіцыйнымі прэтэндэнтамі была вельмі інтэнсіўнай.

Вестэрвеле падкрэсліў, што ён і яго польскі калега атрымалі ад беларускай апазіцыі падтрымку ў імкненні прыцягнуць увагу еўрапейскай грамадскасці да хуткіх у Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. «Нашае пасланне дакладнае і яснае: мы падтрымліваем дэмакратычныя і адкрытыя выбары, і адразу ж па нашаму вяртанні на радзіму мы звернемся да ўсіх нашых еўрапейскіх калегаў, каб яны прынялі актыўны ўдзел у назіранні за гэтымі выбарамі», - адзначыў кіраўнік МЗС ФРГ.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы з Вестэрвеле і Сікорскім, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў лічыць праведзеную размову вельмі важнай. На думку палітыка, тое, што кіраўнікі германскага і польскага МЗС выслухалі ўсіх прысутных на сустрэчы апанентаў дзеючай беларускай улады, з'яўляецца правільным крокам.

«Яны выслухалі нашую занепакоенасць тым, што ў рэспубліцы спрабуюць адлюстраваць лібералізацыю, а насамрэч у нас ёсць палітвязні, у нас няма доступу апазіцыі да СМІ, асабліва дзяржаўных, няма свабоды прэсы, няма свабоды сходаў, у нас ёсць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія забараняюць дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, гэта значыць, мы выказалі ўсе свае занепакоенасці», - падкрэсліў Андрэй Саннікаў.

Палітык лічыць, што ўжо наступіў момант, калі ў Беларусі магчымыя сапраўдныя перамены, і Еўропа ў стане адыграць у гэтым працэсе даволі важную ролю, паколькі ў яе цяпер шмат рычагоў, асабліва пасля пашырэння Еўразвяза. Паводле словаў Саннікава, таваразварот з Еўропай перавышае таваразварот з Расеяй, гэта значыць, Еўропа стала для Беларусі важнейшым партнёрам.

Акрамя таго, Еўропа можа сумленна ацэньваць сітуацыю і дзейнічаць у залежнасці ад гэтай сітуацыі, гэта значыць, тое, што прапаноўваецца дапамога, у тым ліку і матэрыяльная, гэта сур'ёзны рычаг, адзначае лідэр «Еўрапейскай Беларусі». «Але павінна быць і наступнае тлумачэнне, што без дэмакратызацыі гэтай дапамогі не будзе», - падкрэсліў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках