26 снежня 2024, Чацвер, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў у інязе: БРСМ будзе распушчаны, размеркаванне адмененае (Фота, відэа)

65
Саннікаў у інязе: БРСМ будзе распушчаны, размеркаванне адмененае (Фота, відэа)

Кандыдат у прэзідэнты заклікаў студэнцтва выйсці 19 снежня ў 20.00 на Кастрычніцкую плошчу, каб абараніць свой выбар.

Каля 500 чалавек прынялі ўдзел у сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым 29 лістапада ў Менскам дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, які палітык у свой час скончыў.

Улады перашкаджалі арганізацыі гэтай сустрэчы рознымі шляхамі. За некалькі дзён ва ўніверсітэце былі сарваныя ўсе аб'явы, якія запрашаюць на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты. У дзень сустрэчы адміністрацыя вну таксама забараніла размясціць запрашэнні на дошцы аб'яваў. Адна з выкладчыцаў на ўмовах ананімнасці паведаміла сайту charter97.org, што выкладчыцкі склад вну папярэдзілі, што на сустрэчу з апазіцыйным палітыкам «лепш не хадзіць».

Намеснік рэктара па выхаваўчай працы Ігар Пучэня да апошняга часу не дазваляў павесіць на сцэне банэр з партрэтам Саннікава і словамі «Гісторыя робіцца сёння». Атрымалася павесіць транспарант толькі пасля тэлефанавання ў ЦВК.

Тым не менш, на сустрэчу прыйшлі студэнты не толькі самога іняза, але і іншых вну Менска, а таксама простыя менчукі – людзі сярэдняга і сталага ўзросту.

Разам з Саннікавым з выбаршчыкамі сустракаўся першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, рэгіянальны каардынатар Зміцер Бародка і рэдактар інтэрнэт-сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Адкрываючы сустрэчу, Саннікаў сказаў, што для яго гонар выступаць у сценах альма-матэр, якую ён скончыў у 1977 годзе. Пры гэтым палітык адзначыў што нават у СССР было больш свабоды, чым у сучаснай Беларусі. У 1996 годзе, заявіў ён, Аляксандр Лукашэнка ўзурпаваў уладу, але сёння «ў нас ёсць унікальны шанец зрабіць краіну свабоднай, прычым гэты шанец ёсць у кожнага чалавека».

Па словах палітыка, беларусам павінна быць сорамна жыць пры дыктатуры. «Нам шмат гадоў кажуць, што Беларусь — гэта рай зямны, але гэта — хлусня. Мы жылі за кошт ільготных коштаў на нафту і газ, але тым не менш такія кошты калі-небудзь сканчаюцца», — адзначыў Саннікаў.

«Лукашэнка кажа, што мы знаходзімся да яго ў апазіцыі, — сказаў кандыдат, — але гэта ён знаходзіцца ў апазіцыі да народа».

Саннікаў заявіў, што выбары, прызначаныя на 19 снежня, не будуць свабоднымі і справядлівымі. Паводле яго словаў, народ можа і павінен абіраць урад. Палітык заклікаў усіх тых, хто сабраўся, выйсці 19 снежня ў 20.00 на Кастрычніцкую плошчу, каб абараніць свой выбар ці адсвяткаваць перамогу.

Станіслаў Шушкевіч заявіў, што Саннікаў з'яўляецца найбольш прымальным кандыдатам у прэзідэнты, у яго ёсць праграма і каманда. «У палітычным, эканамічным і маральным сэнсе Саннікаў — прыклад таго, як сябе павінен паводзіць кандыдат у прэзідэнты», — лічыць ён.

Шквал апладысментаў выклікалі словы Шушкевіча, які сам доўга займаўся выкладчыцкай дзейнасцю і цяпер чытае лекцыі ва ўніверсітэтах па ўсім свеце, што ў студэнтах ён больш за ўсё шануе жаданне вучыцца. «А паглядзіце, якія адзнакі былі ў Лукашэнкі? Сорамна сказаць. Ды ў яго на твары напісана, што ён жыве па прынцыпе «я начальнік, ты – дурань!».

На сустрэчы Андрэю Саннікаву былі зададзеныя дзясяткі пытанняў. Чарга да мікрафона не сканчалася, і кандыдат нават не паспеў адказаць на пытанні ўсіх ахвотных. Больш за ўсё выбаршчыкаў цікавіла: як змагацца з фальсіфікацыямі выбараў, што рабіць, калі кіраўніцтва вну прымушае галасаваць датэрмінова, пытанні сацыяльнай абароны, зарплатаў, пенсіяў, будучых эканамічных і палітычных рэформаў.

Адказы Саннікава зрывалі апладысменты. Найбольшае захапленне ў студэнцтва выклікаў намер кандыдата распусціць БРСМ, скасаваць ідэалогію і адмяніць прымусовае размеркаванне. А таксама словы, што першым указам Саннікава як прэзідэнта стане вяртанне нацыянальных сімвалаў у Беларусі. «Далоў захад над балотам!», - крычалі людзі з залы.

Сустрэча прайшла спакойна. У канцы адчувалася, што кандыдат крыху стаміўся. За чатыры дні гэта ўжо была восьмая сустрэча Саннікава з выбаршчыкамі. Да гэтага палітык наведаў Салігорск, Слуцк, Барысаў, Кобрын, Берасце, Баранавічы, Дзяржынск.

Сапраўдным урокам для будучых перакладчыкаў і дыпламатаў сталі словы адной выбаршчыцы. Сталая жанчына ведала Саннікава яшчэ па працы ў МЗС БССР. Яна ўзгадала адно паседжанне ў міністэрстве яшчэ ў 1989 годзе пры Савецкім Саюзе. «Калі казаў Саннікаў – стаяла цішыня. Яго слухалі. А ён казаў: «МЗС не павінен служыць адной партыі, а павінен служыць беларускаму народу».

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках