23 снежня 2024, панядзелак, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Подпісы лічаць без праваабаронцаў

13

Праваабаронцы адзначаюць, што ніякіх падлікаў пры іх не вядуць - даюць ужо гатовыя лічбы.

Магілёўскія праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын не патрапілі на пасяджэнні раённых выбарчых камісій, дзе адбываўся падлік колькасці здадзеных подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

«29 кастрычніка я аднёс сваю заяву ў Кастрычніцкую раённую выбарчую камісію з просьбай, каб мне паведамілі, калі адбудзецца пасяджэнне гэтай камісіі, - кажа праваабаронца Барыс Бухель. - Мне сказалі, што яно адбудзецца на наступны дзень, 30 кастрычніка, і мяне на яго запрашаюць. Раніцай жа высвятлілася, што ўсе здадзеныя ініцыятыўнымі групамі подпісы былі ўжо падлічаны, і зрабілі гэта сябры раённай камісіі ўвечары 29 кастрычніка пасля заканчэння працоўнага дня».

Барыс Бухель адзначае, што на пасяджэнні Ленінскага райвыбаркама яму толькі паведамілі колькасць здадзеных, выкрэсленых і подпісаў, што не падлягаюць праверцы, а таксама колькасць подпісаў з іншых раёнаў, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«Мне быў дадзены пісьмовы адказ пра тое, што камісія запрашае мяне на пасяджэнне па праверцы подпісаў 30 кастрычніка. Я прыйшоў, як мяне і запрашалі, але апынуўся гледачом самага сапраўднага спектакля, - кажа Барыс Бухель, - Частку подпісаў сябры камісіі не паспелі падлічыць увечары 29 кастрычніка і таму яны дараблялі гэтую працу ў маёй прысутнасці. Па маім патрабаванні мне паказвалі толькі тое, што сябры камісіі хацелі паказаць. Я сядзеў ўдалечыні і амаль нічога не бачыў. Ведаю толькі, што агучаныя раённай выбарчай камісіяй лічбы са здадзенай колькасцю подпісаў не стыкуюцца. Да падпісных лістоў мяне падпускалі толькі тады, калі ім неабходна было зафіксаваць сапсаваныя падпісныя лісты.

Калі чальцы камісіі адабралі 20% подпісаў, то я пацікавіўся, ці можна паглядзець адабраныя на праверку падпісныя лісты прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Рыгора Кастусёва, на што атрымаў адмову. Таксама мне не дазволілі прысутнічаць падчас татальнай праверкі адабраных подпісаў».

Праваабаронца Аляксей Колчын адзначае, што яго камісія спрацавала больш аператыўна і ніякіх падлікаў пры ім не вялі - далі ўжо гатовыя лічбы.

30 кастрычніка назіральнік Сяргей Гоўша наведаў Баранавіцкую гарадскую ТВК і пацікавіўся ў дзяжурнага сябра камісіі Леаніда Чухо, ці адбылося чарговае пасяджэнне камісіі. Леанід Асланавіч Чухо (палкоўнік савецкай арміі ў адстаўцы, высунуты Беларускім саюзам афіцэраў, сябра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за А. Лукашэнку па сумяшчальніцтве) адказаў яму, што не, і парэкамендаваў не спяшацца, паколькі падпісныя лісты ляжаць у сейфе, а на пасяджэнне ТВК назіральніка абавязкова запросяць. Сяргей Гоўша нагадаў сябру ТВК, што папярэдне напісаў заяву, каб яму паведамілі пра час і месцы праверкі падпісных лістоў, на што Л. Чухо адказаў, што камісія разгледзіць ягоную заяву абавязкова.

Якое ж было здзіўленне Сяргея Гоўшы, калі раніцай 1 лістапада старшыня ТВК Таццяна Латышава заявіла, што пасяджэнне камісіі ўжо адбылося 29 кастрычніка і поўным ходам ідзе праверка падпісных лістоў. А не паведамілі пра пасяджэнне назіральніку таму, што старшыня ТВК быў у адпачынку (!?). На просьбу Сяргея Гоўшы дапусціць яго да праверкі падпісных лістоў згодна пададзенай заяве Таццяна Латышава адказала, што законам гэта не прадугледжана.

Сяргей Гоўша лічыць, што пасяджэння выбарчай камісіі па размеркаванні падпісных лістоў для праверкі наогул не было, а іх размеркавала кіраўніцтва ТВК па сваім жаданні і, безумоўна, без назіральнікаў. Ці адбіраліся 20% згодна з законам, або праверцы будуць падвергнутыя ўсе подпісы за апазіцыйных кандыдатаў - застаецца невядомым. Цяпер разам з юрыстам Сяргей Гоўша рыхтуе скаргі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках