27 снежня 2024, Пятніца, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

НТВ: Менск у чаканні выкрыццяў (Відэа)

39

Гэты сюжэт пра выбарчую кампанію ў Беларусі ўчора быў выразаны цэнзурай і не паказаны на тэрыторыі краіны.

У Беларусі афіцыйна стартавала агітацыйная кампанія па выбарах прэзідэнта краіны. Галасаванне намечанае на 19 снежня, і за пасаду кіраўніка дзяржавы маюць намер змагацца 10 чалавек.

Усе яны, ці іх прадстаўнікі, сёння атрымалі ў выбаркаме адпаведныя пасведчанні і зараз цалкам гатовыя да барацьбы, якая абяцае быць гарачай. Нават кіраўнічка беларускага Цэнтравыбаркаму выказала здагадку, што ў хуткім часе рэспубліку чакае хваля выкрыццяў, прэтэнзіяў і скаргаў.

Карэспандэнт НТВ Георгі Грывенны перадае з Менска.

На менскім Палацы рэспублікі, дзе ў чацвер Цэнтральная выбарчая камісія апавяшчала імёны кандыдатаў у прэзідэнты, вісяць плакаты, здавалася б, зусім не палітычнага зместу. Менск рыхтуецца прыняць дзіцячае «Еўрабачанне».

Мяркуючы па мясцовых дзяржаўных каналах няма ў краіне зараз падзеі важней. Кожны дзень і ў кожным выпуску сюжэты: удзельнікі прыляцелі, размясціліся, сходзілі ў буфет. Пра палітыку — практычна ані словы. Але ў людзей, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу са сцягамі і плакатамі, — свая музыка.

Так сустракалі кандыдатаў, якія выходзілі. Тыя паказвалі свежаатрыманыя пасведчанні. За некалькі хвілінаў да гэтага запаветныя зялёныя кніжачкі ім уручала старшыня ЦВК. У адказ практычна кожны прад'яўляў выбаркаму прэтэнзіі, наракаў на першапачаткова няроўныя ўмовы перадвыбарчай барацьбы, патрабаваў доступу да дзяржаўных СМІ і абяцаў калі не перамагчы, дык хоць пазмагацца.

Мікалай Статкевіч, кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі: «Я хачу, каб вы перадалі ўладальніку вашага вясёлага цырка, што я не збіраюся быць клоўнам. Я буду дамагацца, каб улада дала нам свабодныя выбары».

Андрэй Саннікаў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі: «Я абяцаю, што зраблю ўсё для таго, каб у новым годзе Беларусь стала свабоднай і дэмакратычнай. Гісторыя робіцца сёння. Гісторыю робім мы, і мы пераможам!»

Дзеючы прэзідэнт, а з гэтага дня яшчэ і кандыдат у прэзідэнты, Аляксандр Лукашэнка, пасведчанне атрымліваць не прыехаў. Кіраўнік дзяржавы зараз наогул практычна не заўважаны ў палітычнай рыторыцы.

Прэзідэнт кажа больш пра надзённае. Называе хлуснёй чуткі пра хуткую дэвальвацыю беларускага рубля, якія гуляюць па краіне, і заклікае насельніцтва не скупляць даляры: попыт на замежную гатоўку ў Беларусі за апошні месяц вырас у шэсць разоў.

Станіслаў Багданкевіч, у 1991–1995 гадах — старшыня Нацыянальнага банка Беларусі: «Сёння клянецца Аляксандр Рыгоравіч, што не будзе дэвальвацыі. І такое ўжо было ў снежні 2008 года. А ў студзені 2009-га зрабілі дэвальвацыю на 20 %. Усё абясцэнілі».

Экс-кіраўнік нацбанка Станіслаў Багданкевіч кажа: галоўная праблема беларускай эканомікі ў тым, што яна не рынкавая, як у Расеі, а планавая, як у Савецкім Саюзе. Гэта значыць міністэрствы спускаюць на заводы план, тыя яго выконваюць, але далей за склад прадукцыя ідзе з вялікай цяжкасцю.

Канкурэнцыі яна часта не вытрымлівае, пакупніка не знаходзіць, даход бюджэту не прыносіць. У выніку дзяржава вымушаная ўвесь час займаць грошы за мяжой.

Станіслаў Багданкевіч: «За тое, што дзярждоўг вырас у 2,2 раза за адзін толькі год, мы жывем не па сродках — мы жывем у доўг».

У кожнага з 10 кандыдатаў у прэзідэнты, вядома ж, ёсць свой погляд на тэму, як уладкаваць Беларусь. Зараз свае праграмы яны павінны данесці да выбаршчыка. І вось першая маленькая перамога тых, хто называе сябе апазіцыяй. ЦВК вырашыла, што перадвыбарчыя дэбаты на тэлебачанні і радыё пройдуць у прамым эфіры.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках