2 лiстапада 2024, Субота, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікі з пікетаў дыктатара: «Такой ганьбы мы не ведалі за ўсё жыццё!»

148

У Менску настаўнікаў і выхавацеляў дзіцячых садкоў прымусілі збіраць подпісы за Лукашэнку.

Як паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у сярэдняй школе N 71 настаўнікі атрымалі своеасаблівую «разнарадку» на колькасць подпісаў, якія яны павінны сабраць з бацькоў. У дзіцячым садку N 241 выхавацелям выдалі падпісныя лісты, у якіх, па задуме начальства, павінны падпісацца бацькі, якія забіраюць дзяцей дахаты. Некаторыя мамы і таты адмаўляюцца, нават абураюцца. Іншыя ж, паводле іх словаў, ставяць подпісы «толькі з павагі да выхавацеляў» ці «шкадуючы бедных педагогаў». Пры гэтым бацькі дадаюць, што галасаваць за Лукашэнку яны не будуць ні ў якім выпадку.

У школах сталіцы становіцца ўсё больш выпадкаў, калі настаўнікаў прымушаюць стаяць у вулічных пікетах па зборы подпісаў. Нельга не адзначыць практычна абсалютную бясплённасць іх працы: менавіта да пікетаў з партрэтам Лукашэнкі падыходзіць менш за ўсё людзей. Нярэдкія выпадкі, калі мінакі набліжаюцца да іх не з мэтай паставіць свой подпіс, а прысароміць зборшчыкаў. Часам эмоцыі грамадзянаў праяўляюцца даволі агрэсіўна, у выніку чаго настаўнікі пачынаюць адмаўляцца збіраць подпісы за Лукашэнку на вуліцах.

Напрыклад, назіральнікі сталі сведкамі выпадку, калі дзве менскія настаўніцы спрачаліся з дырэктарам школы, па загадзе якога дарэмна мерзлі ў пікетах усе выходныя. «Такой ганьбы, такога прыніжэння мы не бачылі яшчэ за сваё жыццё! Людзі, якія ведаюць нас, жыхары нашага роднага раёна, падыходзяць і проста лаюцца! Колькі абразаў мы пачулі!» - скардзіліся педагогі. Адна з іх наогул заявіла: «Лепш прайсці па вуліцы п'янай ці голай, чым так ганьбіць сябе! Больш вы нас туды не загоніце!»

Адна з удзельніц пікету БРСМ за Лукашэнку ў Малінаўцы на словы мінакоў, што Аляксандр Лукашэнка ўсім даўно надакучыў і яму час сыходзіць, прызналася: «Я згодная з вамі на 200 адсоткаў, але мы не самі збіраем подпісы - нас прымусілі».

Дзяржслужбоўцы, якія прымусова збіраюць подпісы, часта стаяць незадаволеныя ці, пазяхаючы, абыякава заклікаюць: «Хто хоча падпісацца за квітнеючую Беларусь?»

Часам, нібыта спецыяльна, яны выбіраюць для размяшчэння партрэтаў кіраўніка дзіўны фон. Напрыклад, афішу са словамі «Прытулак зла» ці камедыю «Зноў ты». Каля аўтавакзала «Маскоўскі» прадстаўнікі «Белай Русі» паставілі пікет на тле шыльды: «Запрашаем па квіткі ў Галандыю, Чэхію, Польшчу, Германію ...». Як толькі журналісты сталі гэта фатаграфаваць, жанчыны падхапілі партрэт Лукашэнкі і пайшлі ў двор вакзала. «Куды мы яго нясём?» - смяшліва перапытвалі яны адна адну. «Нясіце куды падалей!» - хмурна кінуў, праходзячы міма, мужчына сярэдніх гадоў. Пікетоўшчыцы спыніліся і паставілі партрэт Аляксандра Рыгоравіча каля іншай шыльды - «Выхад» ...

Напісаць каментар 148

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках