23 снежня 2024, панядзелак, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша Ніва»: Саннікаў выйшаў у фаварыты

27
«Наша Ніва»: Саннікаў выйшаў у фаварыты

Саннікаў не гуляе ў «канструктыўную апазіцыю» - ён самы радыкальны крытык Лукашэнкі.

Сябры канкурэнтных ініцыятыўных групаў прызнаюць: найбольшыя чэргі ў Менску выстройваюцца каля агітацыйных пікетаў Андрэя Саннікава, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Саннікаў выйшаў на першае месца і ў абароненых ад падкрутак інтэрнэт-апытанках.

Пры гэтым Саннікаву ўдалося сабраць другую памерам ініцыятыўную групу сярод прадэмакратычных палітыкаў.

У чым ягоная прывабнасць? Ці гэта тлумачыцца тым, што ён аднолькава прымальны і для Захаду, і для Расіі, пра што выразна заявілі маскоўскія СМІ?

Думаецца, першасная прычына ў іншым.

Саннікаў — найбольш радыкальны крытык Лукашэнкі сярод усіх апазіцыйных кандыдатаў. Ён не гуляе ў «канструктыўную апазіцыю». Ён не абмінае маўчаннем мадам працэнтніцу. І не стамляецца паўтараць: дыктатара не перамагаюць на выбарах. Толькі Плошча можа паказаць краіне, што нацыя стаіць не за дыктатарам, а за перамены — ключавы момант для змены сістэмы.

Спецыфіка гэтых выбараў ці, калі хочаце, нават нацыянальнага характару палягае на тым моманціку, што нават людзі, якія ў выбары не вераць ды палітыкам не вераць, і каму дэмакратыя як сабаку пятая нага, і хто ўрэшце галасуе за Бацьку, бо як усе, нават гэтыя беларусы хочуць, каб Лукашэнку ўрэзалі хоць на словах. Каб быў выказнік той вялікай, экзістэнцыйнай крыўды, якую Беларусь зазнала ад Лукашэнкі і якую не адкупляе ніякі эканамічны рост. І Саннікаў, калючы Саннікаў, трапляе ў гэтыя чаканні.

Дарэчы, не такія ўжо і дурныя людзі ў гэткім сваім, здавалася б, куртатым жаданні. Толькі наяўнасць моцна артыкуляванай альтэрнатывы можа стаць рухавіком пазітыўных зменаў, хоць за дэмакратыі, хоць за дыктатуры.

Радыкалізм заўжды прывабны на этапе праймерыз, якімі ў беларускіх умовах фактычна і ёсць збор подпісаў.

Аднак справа не толькі ў радыкалізме. Саннікаў — ясны прамоўца. Ягоны стыль кантрастуе са стрыманым падыходам Мілінкевіча. Саннікаў не баіцца ісці на канфлікт. Гэты, думаюць актывісты, і на тэледэбатах з Лукашэнкам за словам у кішэню не палезе.

Саннікаў умела камбінуе беларускі патрыятызм і еўрапейскую перспектыву.

Ён мае пазнавальную біяграфію: дзед-купалавец; жонка, сустрэтая на незалежніцкіх барыкадах; права подпісу на перамовах па ядзернай зброі. Гэта выгадна вылучае яго сярод іншых правацэнтрысцкіх кандыдатаў, што выскачылі, як Піліпы з канапель.

Саннікаў таксама збірае плён прадуманай медыйнай працы. Ён стварыў самы папулярны апазіцыйны палітычны сайт — charter97.org, далёкі ад класічных уяўленняў пра СМІ. А цяпер Саннікава падтрымала і самая масавая папяровая газета — «Народная воля», палітычным аглядальнікам якой ён стаў.

Саннікаў згуртаваў вакол сябе шэраг знакавых постацяў незалежніцкага руху: Шушкевіч, Івашкевіч, акадэмік Гарэцкі ці лідэр зуброўцаў Афнагель.

Немалаважна ў структуры ягонай падтрымкі тое, што

Саннікаў абдумана і паслядоўна парушаў многія правілы — як тыя, якія навязвала дыктатура, так і тыя, якія стваралі сабе дысідэнты.

Ён не будаваў партыі — ва ўмовах, калі дыктатура талеравала клубныя партыі апазіцыі. Ён не дабіваўся рэгістрацыі сваёй суполкі. Ён акумуляваў рэсурсы — калі этыка патрабавала ад дысідэнцкіх групаў працы ў стане вечнага безграшоўя. «Хартыя’97» ад пачатку не захаплялася плюралізмам, а жорстка мадэравала свае форумы, каб выключыць магчымасці маніпулявання свядомасцю, якое лукашэнкаўцы ажыццяўляюць на некаторых іншых рэсурсах. «Дыктатуру можна перамагчы толькі адэкватнымі метадамі», — перакананыя многія разам з Саннікавым.

Несумненна, што ў абліччы Саннікава рэжым мае аднаго з самых дасведчаных праціўнікаў.

Ці можа Саннікаў стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі? Здавалася б, наяўнасць «Гавары праўду» такі шанец амаль выключае.

Усё ж галоўнае будзе залежаць не ад колькасці подпісаў, сабраных тым ці іншым кандыдатам, а ад сацыялогіі.

За год дзейнасці Някляеву не ўдалося істотна пацясніць Мілінкевіча. Калі сацыялогія зафіксуе, а расійскія тэлеканалы замацуюць рывок Саннікава, то, у адсутнасць Мілінкевіча, Саннікаў можа стаць супольным назоўнікам.

Але не трэба забывацца: пакуль Саннікаву ўдалося вылучыцца толькі сярод палітызаванай публікі, прычым мінскай.

У рэгіёнах ягоны сталічны, трохі снобскі стыль можа і не пакаціць. Там яго па-ранейшаму мала ведаюць, ініцыятыўныя групы яго там слабыя, а беларускія масы застаюцца ў ілюзіі, што Лукашэнка — гэта адзіны збаўца і паратунак нашай беднай старонкі. Такія ілюзіі мінуць не раней, чым калі людзі дазнаюцца пра шматтысячныя дэманстрацыі ў сталіцы.

Акурат сталіца і можа стаць апорай Саннікава.

Як толькі апазіцыйны кандыдат займее падтрымку большасці ў сталіцы, жыхарства гэта адчуе. А як толькі жыхары тое адчуюць, масавыя пратэсты супраць любых непраўдападобных вынікаў выбараў будуць гарантаваныя. Аднак ці мае Саннікаў ці хто-кольвек іншы шанцы на падтрымку большасці ў цяперашняй сітуацыі? Палітолагі Сіліцкі і Булгакаў мяркуюць, што ніхто з сёлетніх кандыдатаў у прэзідэнты няздольны сабраць Плошчу. Між тым толькі Плошчай можна вымераць іх уздзеянне на розумы.

Нарэшце, цікавы факт — зафіксаваны і рэпарцёрамі «Нашай Нівы», і блогерамі — мінчукі ў масе сваёй з абыякавасцю і кепікамі ставяцца да лукашэнкаўскіх пікетаў.

Андрэй Дынько, «Наша Ніва»

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках