24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: Дэмакратычная Беларусь будзе актыўна ўдзельнічаць у рэгіянальных працэсах (Фота)

5

На гэтым тыдні прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў правёў шэраг важных сустрэч у Берліне.

У аўторак адбылася публічная дыскусія, прысвечаная перадвыбарнай сітуацыі ў Беларусі. Спікерамі выступілі прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў, дэпутат Бундэстага Ута Цапф, прадстаўнік ініцыятывы «Еўрапейскі абмен» Стэфані Шыфер, і дырэктар Нямецкага таварыства ўсходне-еўрапейскіх даследаванняў Габрыэла Фрэйтаг, паведамляе europeanbelarus.org.

Таксама ў дыскусіі прынялі ўдзел былы амбасадар Германіі ў Беларусі Марцін Хекер, паслы і прадстаўнікі амбасадаў, размешчаных у Берліне, журналісты, эксперты, прадстаўнікі МЗС Германіі і беларускія студэнты, якія вучацца ў Берліне.

Таксама ў сталіцы Германіі адбыліся сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў, у Ведамстве федэральнага канцлера Германіі, з былым амбасадарам АБСЕ ў Беларусі Хансам-Георгам Вікам, дэпутатамі Бундэстага Марылуізай Бек і Фрыдрыхам Астэндофам, з журналістамі ўплывовых выданняў.

«Час паездкі быў вельмі ўдалым, паколькі цяпер інтэнсіўна ідзе абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі. Германія актыўна ўдзельнічае ў гэтых працэсах і вядзе размову пра гэта не толькі з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі, але і з Расеяй і Польшчай. Сведчаннем гэтаму - нядаўна адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы і Расеі і сумесная паездка міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі ў Беларусь 2 лістапада.

Акрамя таго, традыцыйны «Менскі форум» будзе адкрываць Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі Рональд Пафала. На ўсіх сустрэчах з афіцыйнымі прадстаўнікамі Германіі, дэпутатамі Бундэстага абмяркоўвалася новая сітуацыя, якая ўзнікла ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Можна сказаць, што нямецкія палітыкі - таксама, як і кіраўніцтва Расеі не лічаць Лукашэнку партнёрам для будучых стасункаў з Беларуссю. Германія на працягу многіх гадоў прапаноўвала розныя варыянты ўзаемадзеяння з рэжымам Лукашэнкі, аднак ніякіх вынікаў не дамаглася, і сітуацыя ў Беларусі застаецца на тым жа ўзроўні.

Цяпер Расея, Германія, Еўразвяз выпрацоўваюць новыя падыходы да палітыкі ў дачыненні да Беларусі і рэгіёна ў цэлым. Гэта звязана з неабходнасцю хутка прымаць рашэнні і аператыўна адказваць на выклікі часу. У немалой ступені гэта адбываецца з-за таго, што і ў Беларусі вельмі хутка мяняецца палітычная сітуацыя. Дыктатура Лукашэнкі не дазваляе Беларусі гуляць актыўную ролю ў гэтых працэсах, перашкаджае нармальнаму развіццю адносінаў з Еўропай, у тым ліку і з Германіяй. Нямецкія палітыкі і эксперты разумеюць, што паляпшэнне ўмоваў для вядзення бізнэсу ў Беларусі, для пашырэння беларуска-нямецкіх сувязей магчымыя толькі пры дэмакратычным развіцці нашай краіны. Разумеюць яны таксама, што адзінай перашкодай для нармальных адносінаў з'яўляецца дыктатура ў Беларусі», - распавёў пра паездку Андрэй Саннікаў.

Публічная дыскусія

Андрэй Саннікаў з дэпутатам Бундэстага Утай Цапф

Андрэй Саннікаў з дэпутатамі Бундэстага Марылуізай Бек і Фрыдрыхам Астэндофам

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках