24 лiстапада 2024, Нядзеля, 2:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка: Прапанова Расеі па нафтавых пошлінах - найгоршы варыянт

38

Пры гэтым віцэ-прэм'ер не раскрыў падрабязнасці ходу перамоваў з Расеяй па пастаўках нафты.

Прапанова Расеі па адмене ўвазных пошлінаў на нафту для Беларусі ў абмен на вяртанне пошлінаў на нафтапрадукты з'яўляецца найгоршым варыянтам для Беларусі. Пра гэта заявіў 22 кастрычніка журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, перадае БелаПАН.

Пры гэтым ён адзначыў, што гэты варыянт «ледзь-ледзь лепшы за тое, што мы маем цяпер».

Нагадаем, 21 кастрычніка міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў паведаміў журналістам, што Беларусь можа пагадзіцца пералічваць у расейскі бюджэт 100% экспартных пошлінаў на нафтапрадукты ў абмен на адмову Расеі ад экспартных пошлінаў на нафту для Беларусі. «Як мы можам не пагадзіцца, калі ў аснове гэтай тэмы ляжаць роўныя ўмовы дзейнасці і рэалізацыі на экспарт нафты для беларускіх і расейскіх НПЗ? Мы ўдзельнічаем у перамовах на гэты конт. Гэта і ёсць тое, да чаго мы імкнуліся», - сказаў Снапкоў.

У сваю чаргу, Сямашка не раскрыў падрабязнасці ходу перамоваў з Расеяй па пастаўках нафты. «Мы пакуль не падпісалі пагадненне, таму што лічым яго несправядлівым», - заявіў ён. «Для адзінай эканамічнай прасторы - нонсэнс уводзіць пошліны на галёшы, валёнкі, нафту і нафтапрадукты. Гэта сапраўды несправядліва», - лічыць Сямашка.

«Мы ж амартызуем заводы, перапрацоўваем нафту і ўсю гэтую увазную пошліну павінны аддаць у бюджэт Расеі? - Задаўся пытаннем віцэ-прэм'ер. - Нам гэта [перапрацоўка нафты] дорага дастаецца. У кожны завод мы ўкладваем 150-250 млн. даляраў штогод для іх развіцця».

Па словах Сямашкі, такія інвестыцыі прывядуць да таго, што ўжо ў 2013 годзе Мазырскі і Наваполацкі НПЗ будуць працаваць з глыбінёй перапрацоўкі 92-93%. «Гэта азначае, што з адной тоны нафты мы будзем атрымліваць 920-930 кг светлых нафтапрадуктаў, якія дорага каштуюць», - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

«Калі я адрываю ад бюджэту, укладваю грошы, даю заводам льготы і прэферэнцыі, дык чаму я павінен аддаваць гэтую пошліну», - заявіў Сямашка.

«Калі расейцы паставілі Беларусі такія ўмовы, што пастаўляюць якуюсьці колькасць нафты бяспошлінна, а ільвіную долю - тры чвэрці - з пошлінай, дык якая розніца, дзе зараз купляць нафту», - сказаў ён.

Сямашка адзначыў, што, калі нафта была бяспошліннай, Беларусь «адназначна купляла» яе ў Расеі. «Сёння нас паставілі перад альтэрнатывай: купляй у Азербайджане, Казахстане, Венесуэле, Ратэрдаме. Мы ўбачылі, што там танней», - заявіў ён.

Пры гэтым віцэ-прэм'ер адзначыў, што венесуэльская нафта, якая зараз пастаўляецца ў Беларусь, значна больш якасная за расейскую. Так, пры апрацоўцы расейскай нафты маркі Urls атрымліваецца 30% мазуту, які танней за саму нафту. Венесуэльская ж нафта «Санта Барбара» пры перапрацоўцы дае 7-8% мазуту і значна больш дарагой прадукцыі - бензіну, газы, дызпаліва. «Таму цвярозы розум, эканоміка кажуць пра тое, што мы павінны перапрацоўваць тое, што выгадна і разумна», - заявіў Сямашка.

«Мы выжылі ў гэтай сітуацыі з дапамогай Венесуэлы», - лічыць ён. Першы віцэ-прэм'ер паведаміў, што з верасня беларускія НПЗ загружаныя на 100% і працуюць рэнтабельна. «У далейшым мы будзем працаваць яшчэ лепш», - лічыць Сямашка.

Пра гатоўнасць Расеі адмовіцца ад экспартных пошлінаў на нафту для Беларусі ў абмен на ўсе пошліны, якія Беларусь будзе атрымліваць ад экспарту сваіх нафтапрадуктаў, заявіў 19 кастрычніка намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў.

«Мы хочам атрымаць [кампенсацыю] ад Беларусі. Пакуль варыянт - гэта істотнае падвышэнне пошлінаў на нафтапрадукты з тым, каб яны пералічвалі нам усе экспартныя пошліны на нафтапрадукты, якія будуць вывозіцца з Беларусі», - сказаў Шаталаў.

Ён адзначыў, што зараз стаўка пошлінаў на нафтапрадукты ўсталяваная на ўзроўні 55% ад пошліны на нафту. «Гэта значыць мы даціруем нафтаперапрацоўку [Беларусі]. Мы не хочам даваць гэтыя датацыі беларускім прадпрыемствам», - падкрэсліў намеснік кіраўніка Мінфіна.

Па словах Шаталава, стаўка пошлінаў на нафтапрадукты можа павялічыцца да 85-90% ад пошліны на сырую нафту ўжо ў 2011 годзе. «Сэнс у тым, каб падвысіць у цэлым экспартныя пошліны на нафтапрадукты не толькі для Беларусі, але і для Расеі», - сказаў ён.

Зараз Беларусь купляе нафтапрадукты ў Расеі з выплатай 100% пошліны. З 1 кастрычніка стаўка экспартнай пошліны на светлыя нафтапрадукты складае 191,8 даляра за тону, на цёмныя - 103,3 даляра. Паводле дадзеных Белстата, за студзень-жнівень сярэдні кошт адной тоны нафтапрадуктаў, якія закупляюцца ў Расеі, павялічыўся на 78,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Каля двух трацінаў усёй нафты, якая закупляецца ў Расеі, таксама імпартуецца Беларуссю з выплатай 100% пошліны. З 1 кастрычніка стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту складае 266,5 даляра за тону. За студзень-жнівень сярэдні кошт адной тоны расейскай нафты павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 30,5%.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках