23 снежня 2024, панядзелак, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла падаў у суд на Ярмошыну

52

Праваабаронца лічыць, што Аляксандр Лукашэнка фактычна ажыццявіў ў Беларусі канстытуцыйны пераварот.

Вядомы беларускі юрыст Гары Паганяйла атрымаў адмову суда Маскоўскага раёна Менска ва ўзбуджэнні справы па яго скарзе на дзеянні старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта прасіў суд прызнаць неправамоцнымі дзеянні Ярмошынай па разглядзе яго звароту ў ЦВК і абавязаць яе разгледзець гэты зварот калегіяльна, а не аднаасобна, перадаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Гаворка ідзе пра скаргу Гары Паганяйла ў ЦВК ад 20 верасня, у якой ён прапаноўваў сябрам Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў не рэгістраваць ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым зварот да сябраў ЦВК змяшчаў дэталёвае абгрунтаванне юрыдычных прычынаў, паводле якіх А. Лукашэнка не мае права балатавацца на чацвёрты тэрмін.

Гары Паганяйла падкрэслівае ў сваёй заяве ў Маскоўскі суд, што скарга ў ЦВК, «у адпаведнасці з прадпісаннямі ч. 2 арт. 33 Выбарчага кодэкса, падлягала разгляду Цэнтральнай камісіяй калегіяльна». «Аднак у парушэнне ўсталяванага парадку пытанне не было вынесенае на пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, а я атрымаў фармальную адпіску за подпісам старшыні Цэнтральнай камісіі Ярмошынай Л. М., - гаворыцца ў іскавай заяве ў Маскоўскі суд. - Як відаць з паштовых адзнак, мой пісьмовы зварот паступіў у Цэнтральную камісію 20.09.2010 г., а адказ датаваны 21.09.2010 г., гэта значыць задоўга да разгляду пытання аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатам у Прэзідэнты А. Г. Лукашэнкі. Яно адбылося толькі 27.09.2010 г.».

Гары Паганяйла спасылаецца, у прыватнасці, на ч. 4 арт. 32-1 Выбарчага кодэкса, згодна з якой пастаўленае ім пытанне павінна было разглядацца калегіяльна Цэнтрвыбаркамам у прысутнасці не менш як дзве трэці яго складу. Ён цытуе таксама арт. 59 Канстытуцыі, які ўскладае адказнасць за парушэнне правоў і свабод асобы на супрацоўнікаў дзяржаўных органаў, якія павінны ў межах сваёй кампетэнцыі гэтыя правы і свабоды абараняць.

Атрымаўшы 13 кастрычніка адмоўнае рашэнне Маскоўскага суда, вынесенае суддзёй Гусаковай, Гары Паганяйла, у сваю чаргу, напісаў прыватнае вызначэнне на дзеянні суда. Паводле яго словаў, цяпер яго заява вярнулася назад у Маскоўскі суд, і на гэты раз, верагодна, справа будзе ўсё ж такі ўзбуджаная. Больш за тое, іншыя юрысты БХК, якія таксама накіравалі ў ЦВК аналагічныя звароты і атрымалі падобныя адказы, звярнуліся ў суд.

На пытанне, як ён ацэньвае свае шанцы атрымаць станоўчы адказ, вядомы юрыст адказаў:

«Фактычна шанцаў ніякіх, таму што мы разумеем: судоў для нас няма. Але як юрысты мы павінны выкарыстаць прававыя механізмы для абароны Канстытуцыі».

На думку Гары Паганяйла, «спрабуючы ўтрымаць уладу неканстытуцыйным шляхам, Лукашэнка фактычна ажыццявіў канстытуцыйны пераварот, наша ліберальная Канстытуцыя апынулася перагорнутай». Кожны грамадзянін краіны мае права абараняць канстытуцыйны лад, так як гэта частка абароны сваіх правоў і, па сутнасці, самаабароны, кажа праваабаронца.

«Справа палітыкаў - прымаць рашэнні, у тым ліку неканстытуцыйныя. Але народ мае права абараняць Канстытуцыю любымі метадамі, і гэта выцякае з самой Канстытуцыі. Усе мы маем права на самаабарону», - сказаў Паганяйла.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках