24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Менску далі сто дзён

11
«Коммерсант»: Менску далі сто дзён

Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) прызнаў беларускага апазіцыянера Міхаіла Марыніча ахвярай палітычнай расправы.

Паводле дадзеных ААН, суд, які ў снежні 2004 года прызнаў яго вінаватым у крадзяжы аргтэхнікі ля амбасады ЗША і прысудзіў да пяці гадоў пазбаўлення свабоды, не быў справядлівым і незалежным, а ў ходзе следства апазіцыянера катавалі. Зараз беларускія ўлады павінны забяспечыць Міхаілу Марынічу належнае лячэнне і выплаціць яму кампенсацыю, піша газета «Коммерсант».

Кадравы дыпламат Міхаіл Марыніч да моманту прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі быў амбасадарам Беларусі ў Чэхіі. Лукашэнка вярнуў яго ў Менск, прызначыўшы міністрам знешнеэканамічных сувязяў. У 1999 годзе спадар Марыніч вярнуўся на дыпламатычную службу, заняўшы пасаду амбасадара Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Пад час прэзідэнцкіх выбараў 2001 года ён вырашыў перайсці ў публічную палітыку - напісаў заяву аб адстаўцы і выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак беларускі ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі. Тым не менш пасля выбараў Міхаіл Марыніч працягнуў палітычную дзейнасць. Ён узначаліў міжнародную грамадскую арганізацыю «Беларуская асацыяцыя «Справавая ініцыятыва», «актыўна ўдзельнічаў у стварэнні блока «За новую Беларусь», які пасля стаў грамадскім фондам, зарэгістраваным у Маскве.

У красавіку 2004 года былога дыпламата арыштавалі, абвінаваціўшы ў крадзяжы кампутараў з амбасады ЗША ў Менску. Справа адразу развалілася: амерыканская дыпмісія паведаміла, што спадар Марыніч кампутары не краў, а іх яму перадалі ў бязвыплатнае карыстанне. Аднак адсутнасць пацярпелага боку не стала аргументам для беларускай Феміды - у снежні 2004 года апазіцыянера асудзілі да пяці гадоў строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Пасля таго як міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Міхаіла Марыніча вязнем сумлення, былога дыпламата ў красавіку 2006 года вызвалілі. Тады ж спадар Марыніч звярнуўся ў ААН са скаргай на беларускія ўлады. У сваёй заяве ён указаў, што суд над ім быў палітычна матываваным, а ў ходзе следства яго катавалі.

У канцы мінулага тыдня КПЧ прызнаў, што суд над палітыкам «не быў справядлівым і незалежным». На думку камітэта, гэты працэс курыравалі беларускія спецслужбы, суддзі тэндэнцыйна ацэньвалі сабраныя падчас расследавання факты і паказанні сведак, гэта значыць, па сутнасці, крымінальная справа была палітычнай расправай. Больш за тое, КПЧ прызнаў, што ў дачыненні да палітыка ўжываліся катаванні і бесчалавечнае, прыніжаючае годнасць абыходжанне. Згодна з рашэннем камітэта, беларуская дзяржава абавязана забяспечыць Міхаілу Марынічу «належнае лячэнне, уключаючы выплату адпаведнай кампенсацыі, і правядзенне крымінальнага працэсу для ўстанаўлення адказнасці за ганебнае абыходжанне». У афіцыйнага Менска ёсць сто дзён, каб даць справаздачу перад ААН аб прынятых мерах.

Зрэшты, беларускія праваабаронцы ўпэўненыя, што рашэнне КПЧ наступстваў мець не будзе. Як заявіў «Коммерсанту» намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяла, ужо некалькі дзясяткаў беларускіх грамадзян выйгравалі працэсы супраць сваёй дзяржавы ў КПЧ, які прызнаваў іх ахвярамі беларускага судовага самавольства і катаванняў. Паводле дадзеных Паганяла, сярод гэтых спраў ёсць і непалітычныя. «Але беларускія ўлады не выканалі ні адно з гэтых рашэнняў, сцвярджаючы, што яны носяць рэкамендацыйны характар і прымаюцца, каб караць Беларусь за яе незалежнасць», - патлумачыў праваабаронца.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках