26 снежня 2024, Чацвер, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Лукашэнка пастаўляў зброю ў Чачню і пастаўляе ў Венесуэлу

18

Эксперты падзяляюць заклапочанасць Кангрэса ЗША пастаўкамі беларускай зброі тэрарыстам.

Ніхто не бярэцца ацаніць аб'ёмы паставак зброі Беларусі ў праблемныя краіны, у спісе якіх - Судан, Іран, Венесуэла. Кангрэс ЗША адкрыта выказаў сваю заклапочанасць гэтай тэмай, прыняўшы да разгляду «Акт аб уліку беларускіх паставак зброі». Кангрэсмены маюць намер даследаваць ваенныя кантакты Менска з «краінамі, якія падтрымліваюць тэрарызм ці якія адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з ЗША у контртэрарыстычных аперацыях», перадае «Радыё Свабода».

У 1995 годзе, падчас вайны на тэрыторыі былой Югаславіі, у Адрыятычным моры перахапілі карабель са стралковай зброяй і боепрыпасамі, які накіроўваўся да зоны баявых дзеянняў. Тады дзейнічала забарона ААН на пастаўку зброі ўдзельнікам канфлікту, а сілы НАТА правяралі ўвесь падазроны транспарт. Паводле дакументаў, зброю набылі камерсанты-пасярэднікі, але крыніцу паставак зброі вызначылі аператыўна - Беларусь.

«Цікава было, як Аляксандр Лукашэнка потым тлумачыў: мы, маўляў, прадаем законна, а хто затым куды гэта прадае, мы адказнасці не нясем. Так гэта было», - узгадвае аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Кангрэс ЗША прыводзіць такія звесткі: Беларусь за 1999-2006 гады зарабіла на гандлі зброяй каля мільярда даляраў, што выводзіць краіну на 11 месца ў свеце па экспарце зброі.

Кангрэс мае намер абавязаць дзярждэпартамент ЗША штогод прадстаўляць парламентарам справаздачы аб «аб'ёмах і механізмах экспарту ўзбраенняў і спадарожных паслугаў урадам Беларусі і беларускімі прадпрыемствамі, уключаючы прыбыткі ад такіх пагадненняў». Пры гэтым іх таксама цікавіць «патэнцыйная роля ўрада і прадпрыемстваў Расеі ў гэтым экспарце».

Швецкі Міжнародны інстытут даследаванняў міру падлічыў, што за 1997-2001 гады Беларусь зарабіла на гандлі зброяй 1,5 мільярды даляраў. У розныя часы куплялі ў Беларусі зброю Іран, Перу, В'етнам, Уганда, Лівія, Кітай, Індыя. Афіцыйныя беларускія крыніцы дапаўняюць названы спіс Кот-д'Івуарам, Алжырам, Суданам. Пастаўкі зброі ў Судан з пачаткам грамадзянскай вайны ў пачатку 2000-х быццам бы спыніліся, але незалежныя назіральнікі ў гэта не вераць. Ёсць інфармацыя, што Беларусь страціла ў раёне Афрыканскага рога два вялікія транспартныя самалёты, а дзейнасць у гэтым рэгіёне беларускіх пасярэднікаў выклікае сур'ёзныя падазрэнні.

Але больш за ўсё Кангрэс ЗША занепакоены тым, што зброя, якую Беларусь прадае Ірану і Судану, можа патрапіць у рукі тэрарыстаў, і тое, што Менск можа прадаць Ірану расейскія ракетныя комплексы С-300, і падвысіць абараназдольнасць гэтай краіны пастаўкамі самалётаў і авіяцыйных рухавікоў.

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі нагадвае пра сувязі беларускіх кіроўных колаў з расейскімі ў справе таемнага гандлю зброяй яшчэ часоў чачэнскіх войнаў. Спачатку Беларусь апынулася датычнай да паставак стралковай зброі ў Лівію, а затым гэтая зброя апынулася ў чачэнскіх паўстанцаў:

«Ніхто дагэтуль мяне ў гэтым не абверг. У тым ліку гэтыя звесткі не абверг у прыватнай гутарцы чачэнскі эмісар на Захадзе Закаеў, з якім я сустракаўся ў Страсбурзе», - кажа Раман Якаўлеўскі.

У той час Саветам бяспекі Расеі кіраваў генерал Сяргей Іваноў, а ў Беларусі Савет бяспекі ўзначальваў Віктар Шэйман, які пазней патрапіў у спіс невыязных на Захад з прычыны магчымай датычнасці да арганізацыі палітычных знікненняў. Цяпер Віктар Шэйман кіруе спецыяльнай камісіяй па супрацоўніцтве Беларусі і Венесуэлы. Цяперашняя сітуацыя ў Венесуэле і павінна прыцягваць увагу Кангрэса ЗША, лічыць Раман Якаўлеўскі:

«Прэзідэнт Чавес кажа, што Венесуэла цяпер амаль знаходзіцца ў стане вайны з Калумбіяй, Венесуэла імкліва ўзбройваецца. Дарэчы, некалькі гадоў таму ў Калумбіі пры разгроме базы мясцовых паўстанцаў у кампутары былі выяўленыя звесткі пра дамову на пастаўку зброі праз Венесуэлу, і ў гэтых звестках фігураваў усё той жа Віктар Шэйман».

Раман Якаўлеўскі адзначае, што маршрут замежных візітаў Леаніда Мальцава, які на працягу апошніх 10 гадоў узначальваў Міністэрства абароны, амаль цалкам супадае са спісам краінаў, які фігуруе ў законапраекце Кангрэса ЗША: Судан, Іран, праблемныя краіны Блізкага Усходу. Не ездзіў Мальцаў толькі ў Лівію, але там ужо пабываў новы міністр абароны Юры Жадобін, які толькі ўступіў у пасаду. Назіральнікі адзначаюць, што менавіта праз Лівію забяспечваюцца пастаўкі зброі і запчастак для ваеннай тэхнікі ў краіны Афрыкі, якія ваююць.

Назіральнікі адзначаюць: Беларусь захавала і нават палічыла свой патэнцыял у якасці рамонтнай базы былой савецкай ваеннай тэхнікі - танкаў, самалётаў. Не выключана, што гэтая тэхніка прызначаецца не толькі краінам, гандляваць з якімі ААН не забараняе.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках