27 снежня 2024, Пятніца, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Перамовы па нафце сарваныя па ўказанні Лукашэнкі

69

Мяркуецца, што ўлады Беларусі свядома «тармозяць» вырашэнне нафтавага пытання.

Пасля чарговага этапу расейска-беларускіх перамоваў па нафце, які скончыўся двухдзённым тайм-аўтам і адлётам беларускай дэлегацыі ў Менск, расейскі бок абураецца. Як толькі да працэсу далучыўся першы намеснік беларускага прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, усё пайшло наперакос, паведамляюць расейскія СМІ.

«Да далучэння да перамоваў Уладзіміра Сямашкі ўсё ішло добра: былі урэгуляваныя ўсе спрэчныя пытанні аж да механізму паставак і транзіту нафты, - паведаміла Life News крыніца, блізкая да перамоваў. - Але потым усё пайшло ўверх нагамі».

Узгадваючы нядаўні візіт беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Маскву, калі перамовы зацягнуліся на цэлых восем гадзін, прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта і цяпер пазнаюць «почырк» беларускага кіраўніка.

«Лукашэнка цалкам інфармаваны пра хаду перамоваў, - кажа крыніца. - Уладзімір Сямашка пастаянна на сувязі з адміністрацыяй».

У Мінэнерга РФ сцвярджаюць, што беларуская дэлегацыя просіць, каб Расея забяспечыла бяспошлінныя пастаўкі нафты не толькі для ўнутранага спажывання, але і на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ).

Перамоўшчыкі з боку Расеі абураныя такімі патрабаваннямі, сцвярджаючы, што Масква пайшла на беспрэцэдэнтны крок у дачыненні да Беларусі, прапанаваўшы бяспошлінныя пастаўкі нафты для ўнутранага спажывання ў аб'ёме 6,3 млн тон нафты штогод.

«Усяго Беларусь у год спажывае 8 млн тон нафты. 1,7 млн яна вырабляе сама, а 6,3 млн тон мы пагадзіліся даць для Менска без пошлін. Гэта зусім беспрэцэдэнтнае рашэнне», - адзначыла афіцыйны прадстаўнік Мінэнерга Расіі Ірына Есіпава.

Прапанова па бяспошлінных пастаўках расейскія эксперты называюць папросту субсідаваннем беларускай эканомікі, бо пры такіх умовах Беларусь захоўвае ў сваёй казне 1,8 млрд даляраў.

Але і гэтага мала беларускім перамоўшчыкам. Не дасягнуўшы кансенсусу, дэлегацыя ўзяла двухдзённую паўзу і вярнулася ў Менск. Назад у Маскве іх чакаюць у панядзелак. Але цвёрдай упэўненасці ў тым, што на гэты раз пагадненне будзе дасягнута, у расейскага боку няма.

На сённяшні дзень Расея «проста дае» нафту Беларусі: але з пачатку студзеня 2010 для паставак няма ніякай прававой базы.

«Кантракт з Беларуссю скончыўся ў канцы снежня. З 1 студзеня патрэбная была новая прававая база. І, хоць пагадненне так і не падпісана, Расея не спыніць пастаўкі для забеспячэння энергетычнай бяспекі», - заявіла Life News крыніца, блізкая да перамоваў.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках