26 снежня 2024, Чацвер, 18:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лех Валенса: Лукашэнка падманвае Еўропу

28
Лех Валенса: Лукашэнка падманвае Еўропу

Былы прэзідэнт Польшчы і легендарны лідэр прафсаюза «Салідарнасць» даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту www.charter97.org.

-- Спадар Прэзідэнт, Вы – пераможца «імперыі зла». З перамогі «Салідарнасці» у Польшчы пачалося вызваленне Еўропы ад камунізму. Вы забяспечылі паступовае развіццё Польшчы на многія гады. У чым сакрэт Вашай перамогі?

-- Да 1980 года ўся наша барацьба за свабоду і незалежнасць, дзе і як бы яна не адбывалася, душылася. І камуністы, учыняючы разнастайныя правакацыі, спрабавалі паказаць, што нас, змагароў за свабоду, досыць мала, і мы раздробнены. Але насамрэч нас падтрымлівалі мільёны палякаў, якія давалі нам права на кіраванне краінай.

У 1980 годзе мы зрабілі з камуністамі тое, што яны рабілі ўвес час з намі. Мы сабралі працоўных і прадстаўнікоў іншых прафесій – лекараў, актораў, журналістаў, запрасілі тэлекамеры з усяго свету і адкрыта сказалі камуністам: «Вы ўвесь час хлусілі і працягваеце хлусіць! Мы вас не жадаем! Паглядзіце, колькі нас сабралося!». Нават калі б нас тады ўсіх расстралялі, то ўсё роўна па ўсіх тэлеканалах свету паказалі б, што палякі сказалі то, што хацелі і выказалі сваю волю.

Гэта была нашая самая вялікая перамога над камунізмам. Мы выкарысталі іх «козыры». Мы таксама паказалі палякам і ўсяму свету, што ў нашай краіне дзейнічае незалежная ад камуністычнай партыі арганізацыя. Дагэтуль усе арганізацыі ў Польшчы былі цалкам залежныя ад камуністаў. 2:0 на нашу карысць. Менавіта гэта разваліла камунізм. Усё астатняе было ўжо пасля.

-- Роля Каталіцкага касцёлу ў вызваленні Польшчы ад камунізму велізарная. Але касцёл у Беларусі баіцца казаць беларусам «Не бойцеся!». Чаму, на Вашу думку, так адбываецца?

-- Да, пазіцыя Касцёлу ў Беларусі больш слабая. Але рэч у тым, што ў палякаў быў Папа. Камуністы не давалі нам аб’ядноўвацца, заўжды рабілі ўсё, каб нас раз’яднаць. Але Ян Павал ІІ нас аб’яднаў. Аб’яднаў у малітве. Мільёны палякаў абудзіліся. Раней малаколькасныя арганізацыі адчулі гэта яднанне, і ўсё гэта прывяло да страйкаў і дэманстрацый. Без гэтага мы б не здолелі стварыць «Салідарнасць».

Нам дапамаглі два фактары – рэлігія, вера і аб’яднанне людзей, а таксама правільнае выкарыстанне ўсяго гэтага. Падобная сітуацыя была на Кубе: яны таксама аб’ядналіся, але пасля не здолелі гэта належным чынам выкарыстаць. Мы ж змаглі.

-- Зараз Еўропа спрабуе падладжвацца пад дыктатара Лукашэнку. Спроба наладзіць дыялог з ім прывяла да здрады дэмакратычным каштоўнасцям. Дыктатар атрымлівае мільярды крэдытаў, а апазіцыя забыта.

-- Справа ў тым, што Лукашэнка падманвае і хоча выкарастыць абодва бакі. Ён вельмі хітры. Ён бачыць сітуацыю наступным чынам: Еўропа сёння не дае мне шмат, Беларусь залежыць ад Расеі. Калі я адыйду ад яе, а Еўропа мяне не прыме – будзе зусім дрэнна. Лукашэнка хоча скарыстаць і тых, і другіх, каб выстаяць, а пасля (калі канешне Расея дазволіць) выбраць лепшы для сябе варыянт. Думаю, што ён разлічвае менавіта на гэта.

Што тычыцца таго, ці весці Еўропе дыялог з дыктатарам – няма добрага адказу. Адныя кажуць, што трэба весці дыялог, іншыя кажуць, што нельга гэтага рабіць. Важна прыняць правільнае рашэнне.

-- Беларускія дэмакратычныя сілы насцярожана аднесліся да праграмы «Усходняе партнёрства». Сама ідэя добрая, але далучэнне да гэтай праграмы лукашэнкаўскай Беларусі толькі прывяло да ўзмацнення рэпрэсій у краіне. Пытанне правоў чалавека ў межах «Усходняга партнёрства» не ўздымаецца. Чаму, на Вашу думку, гэта адбываецца?

-- Еўропа не ў стане зрабіць больш, бо сёння ў яе вельмі шмат уласных праблем. Калі яна ўладзіць свае справы, то абавязкова заўважыць, што мусіць сур’ёзна зацікавіцца Беларуссю.

-- Спадар Валенса, для нас Вы заўжды былі сімвалам барацьбы за свабоду і сімвалам перамогі ў гэтай барацьбе. Што б Вы маглі сказаць беларусам, якія жывуць пры апошняй дыктатуры Еўропы?

-- Беларусы павінны ведаць – Еўропа не існуе без Беларусі. Я вельмі хацеў, каб мы разам – Польшча, Беларусь і Украіна – увайшлі ў Еўразвяз. Зараз Беларусь ідзе па іншым шляху, і гэта дрэнна. Мы маглі б разам быць у Еўразвязе і падтрымліваць адно аднаго. Зараз трэба пачакаць, калі Еўропа ўмацуецца і будзе ў стане забяспечыць будучыню Беларусі.

Інтэрв’ю ўзяла Наталля Радзіна.

Дзякуем за дапамогу ў перакладзе супрацоўніцы Еўрапейскага цэнтра салідарнасці Караліне Патоцкай, а таксама амбасадзе Рэспублікі Польшча ў Беларусі і асабіста Паўлу Марчуку за магчымасць удзельнічаць у праграме «Экспрэс Салідарнасці».

Лех Валенса і журналіст сайта www.charter97.org Наталля Радзіна

Былы прэзідэнт Польшчы сустракаецца з удзельнікамі праграмы «Экспрэс Салідарнасці»

31 жніўня 2009 г. Фота Jurg Huber

Былы прэзідэнт Польшчы сустракаецца з удзельнікамі праграмы «Экспрэс Салідарнасці»

31 жніўня 2009 г. Фота Jurg Huber

Былы прэзідэнт Польшчы сустракаецца з удзельнікамі праграмы «Экспрэс Салідарнасці»

31 жніўня 2009 г. Фота Jurg Huber

Лех Валенса і знакаміты італьянскі кампазітар Эніа Марыконе. Марыконе даў канцэрт на Гданьскай судаверфі 30 жніўня ў гонар 20-угодак перамогі прафсаюза «Салідарнасць» на выбарах.

Стварэнне «Салідарнасці», 1980 г.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках