Коля Лукашэнка паказаў Мядзведзеву свой пісталет (Фота, абноўлена)
108- 29.09.2009, 13:37
Назіранне за беларуска-расейскімі вучэннямі прэзідэнт РФ пачаў са знаёмства з сынам Лукашэнкі.
Прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў 29 верасня прыбыў у Беларусь для назірання за актыўнай фазай аператыўна-стратэгічных вучэнняў «Захад-2009».
Самалёт расейскага прэзідэнта прызямліўся на аэрадроме 61-й знішчальна-авіяцыйнай базы Узброеных сілаў Беларусі, размешчаным у Баранавіцкім раёне Берасцейскай вобласці, паведамляе БелаПАН.
За вучэннямі Дзмітры Мядзведзеў будзе назіраць са сваім беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам і яго малодшым сынам Мікалаем. Коля Лукашэнка па прыкладзе свайго бацькі апрануты ў камуфляжную форму з беларускім гербам на пагонах. На поясе ў Колі кабура з пісталетам залацістага колеру, які хлопчык і прадэманстраваў Мядзведзеву.
Расейскі прэзідэнт апрануты не па-вайсковаму — у «цывільных» джынсах і скураной куртцы.
Як паведамляе РИА Новости, калі Лукашэнка прадставіў Мядзведзеву свайго сына, прэзідэнт РФ звярнуў увагу на пісталет залацістага колеру, які вісеў на поясе ў хлопчыка.
«Пакуль не зарадзілі», - адзначыў Лукашэнка.
Мядзведзеў пацікавіўся, ці падабаецца хлопчыку пісталет.
«Добры пісталет, таму што прэзідэнт Расеі падарыў», - падказаў Лукашэнка сыну адказ.
Фота РИА Новости