24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Абалонь»: Беларускія чыноўнікі торгаюць бізнэс, як ляльку за вяроўкі

17

Рахункі імпарцёра ўкраінскага піва «Абалонь» у Беларусь кампаніі «Араміс і К» па-ранейшаму заблакаваныя.

У сувязі з арыштам рахункаў кампаніі-імпарцёра пастаўкі ўкраінскага піва ў Беларусь у нядаўнім мінулым былі істотна абмежаваныя. Як справы з пастаўкамі ўкраінскага піва ў Беларусь ідуць сёння? Чаму ў «Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі» узніклі прэтэнзіі да аднаго з найменняў украінскага піва? Як сітуацыя, якая склалася, можа паўплываць на далейшыя пастаўкі ў краіну імпартнага піва? Начальнік юрыдычнага аддзела найбуйнейшай піваварнай кампаніі Украіны «Абалонь» Андрэй Вітчанка адказаў на пытанні карэспандэнта БДГ-online.

- Падставай для арышту рахункаў кампаніі «Араміс і К» стала рэалізацыя беларускім імпарцёрам піва «Абалонь Светлае» з фантазійным найменнем «Вогнетушыцель». Якія, на ваш погляд, сапраўдыя прычыны праблемы, што ўзнікла?

- Уся гэтая гісторыя пачалася не на роўным месцы, а з падачы нашых канкурэнтаў на беларускім рынку. Беларуская кампанія «Сябар», якая ўваходзіць ў галандскі холдынг Heineken, вырашыла апраўдаць сваю назву і паставіцца да нас «па-сяброўску». Яны напісалі паклёп у Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі (БелДІМ), я яго асабіста трымаў у руках. У гэтым лісце «Сябар» рэкамендуе дзяржаўнаму органу: паглядзіце, «Абалонь» гандлюе несертыфікаваным прадуктам… Усё пачалося з гэтага ліста.

- Вы абвінавачваеце Heineken у нядобрасумленнай канкурэнцыі на беларускім рынку?

- Дэ-юрэ ў нас да Heineken не можа быць прэтэнзіяў. Нашыя канкурэнты могуць пісаць на нас лісты куды заўгодна і калі заўгодна. Аднак гэты прыклад - праява некарэктных паводзінаў з боку канкурэнта. «Абалонь» ніколі ў жыцці ні на кога са сваіх канкурэнтаў нікуды не пісала ніякіх лістоў. Нават калі мы бачым, што ў канкурэнта ёсць праблемы і можна гэтым скарыстацца, падставіўшы яму «падножку», мы паклёпы не пішам. Ёсць, у рэшце рэшт, кодэкс гонару, які кажа пра тое, калі трэба падказаць, а калі - прамаўчаць. Дык вось у гэтым выпадку Heineken не падказаў, не прамаўчаў, а напаклёпнічаў.

У якасці «праблемы» нашыя канкурэнты ўбачылі чырвоную бутэльку, у якую было разлітае піва з фантазійным найменнем «Вогнетушыцель». Піва ў гэтай бутэльцы ў Беларусі вельмі добра прадавалася, а прадстаўнікі Heineken напісалі на нас скаргу, маўляў, бутэлька не прайшла сертыфікацыю, трэба разабрацца.

А разбірацца няма з чым! БелДІМ павінен сертыфікаваць прадукт, а не тару, у якой гэты прадукт прадаецца. Калі чалавек бярэ ў краме піва, цалкам зразумела, што ён будзе піць ячменны напой, а не ўжываць бутэльку, слоік, куды яно разлітае. Таму сертыфікацыі падлягае толькі прадукт, гэта значыць піва, якое ўтрымліваецца ўнутры бутэлек. БелДІМ заўсёды гэтым і займаўся. Піва «Абалонь Светлае», разлітае ў бутэльку з фантазійным найменнем «Вогнетушыцель», прайшло сертыфікацыю БелДІМа.

Больш за тое, беларускімі стандартамі прадугледжаны такі тэрмін як «фантазійнае найменне». Гэта якраз наш выпадак. Для піва «Абалонь Светлае» прадугледжана фантазійнае найменне «Вогнетушыцель». Таму мы не парушылі беларускае заканадаўства.

- Нам паведамілі, што «Абалонь» у сувязі з арыштам рахункаў кампаніі «Араміс і К» заключыла дамову з іншай кампаніяй на пастаўку свайго піва ў Беларусь. Як наогул зараз ідуць справы з пастаўкамі вашага піва ў нашую краіну?

- Мы сапраўды заключылі дамову з іншай беларускай кампаніяй на пастаўку піва ў вашую краіну. Мы не хочам губляць рынак у Беларусі. У нашай кампаніі сёння на беларускім рынку вельмі сур'ёзная доля - 6%, і мы не хочам яе губляць. Мы разумеем, што калі мы зараз знікнем з беларускага рынка, нашыя пазіцыі зоймуць канкурэнты - той жа Heineken. Таму мы зараз у спешным парадку, прымаючы да ўвагі, што рахункі «Араміс і К» заблакаваныя, імкнемся аднавіць пастаўкі нашай прадукцыі на беларускі рынак.

- Вы збіраецеся аднаўляць адносіны з кампаніяй «Араміс і К» ці будзеце надалей працаваць з іншымі партнёрамі для вядзення бізнэсу ў Беларусі?

- Я б не казаў пра тое, што ў нас спыніліся адносіны з кампаніяй «Араміс і К». Мы спадзяемся, што цвярозы сэнс пераможа, і мы зноў зможам супрацоўнічаць з гэтай кампаніяй. З «Арамісам і К» нашыя адносіны ў цяперашні час замарожаныя папросту таму, што беларуская кампанія не ў стане зараз займацца гаспадарчай дзейнасцю. Рахункі кампаніі «Араміс і К» у цяперашні час заблакаваныя. З іншага боку, да кампаніі «Араміс і К» мы ставімся вельмі добра.

- Сёлета, пакуль не ўзніклі праблемы ў вашага імпарцёра, пастаўкі ўкраінскага піва ў Беларусь увесь час павялічваліся. Аднак да імпарту афіцыйныя асобы Беларусі праяўляюць сёння вельмі насцярожанае стаўленне. Як вы думаеце, арышт рахункаў кампаніі «Араміс і К» можа быць звязаны з жаданнем беларускага боку абмежаваць пастаўкі ўкраінскага піва ў рэспубліку?

- Я не выключаю гэтага. У Беларусі рынкавая эканоміка мае злёгку адміністрацыйнае ўмяшальніцтва. Ведаю гэта не па чутках. У Беларусі я пражыў 20 гадоў, пры гэтым паспеў тры гады папрацаваць у бізнэсе. Так што мне добра вядомыя асаблівасці эканамічнай мадэлі ў Беларусі. Беларускія чыноўнікі часам умешваюцца ў эканамічныя законы, торгаючы бізнэс як ляльку за вяроўкі. Бізнэс трэба «акучваць», але нельга яго увесь час торгаць.

На мой погляд, беларускія чыноўнікі такімі дзеяннямі часам падстаўляюць прэзідэнта. Часцяком гэта можа прыводзіць да таго, што меры, якія прымаюцца чыноўнікамі, супрацьлеглыя тым даручэнням, якія даваў прэзідэнт Лукашэнка. Я далёкі ад думкі, што Лукашэнка камусьці даручаў забараніць увоз у краіну імпартнага піва. Хутчэй за ўсё, было сказана так: узмацніце пазіцыі беларускага піва. Аднак мы разумеем, што выканаць гэтае даручэнне можна па-рознаму. Можна падвышаць якасць беларускага піва, ствараць для развіцця піваварнай галіны спрыяльныя эканамічныя ўмовы. А можна паляпшаць пазіцыі айчыннага піва цалкам іншымі спосабамі - адразаючы ўнутраны рынак ад імпартнага піва.

Таму я не выключаю, што арышт рахункаў кампаніі «Араміс і К» можа быць выкарыстаны для абмежавання доступу замежных кампаніяў на рынак Беларусі. Але так нельга рабіць у сучасным свеце! Украіна сёння купляе вялікую колькасць беларускай прадукцыі. І калі будуць несяброўскія дзеянні з боку Беларусі, дык невыключана, што мы будзем праяўляць актыўнасць з мэтай абмежаваць доступ беларускіх тавараў на ўнутраны рынак Украіны. Я б не хацеў, каб падзеі развіваліся такім чынам. Ад узаемных прэтэнзіяў могуць пацярпець спажыўцы двух краінаў, гэтага дапускаць нельга.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках