26 снежня 2024, Чацвер, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: «Для павелічэння экспарту застаецца дэвальвацыя»

9

На думку незалежных экспертаў, Беларусь здолее павялічыць сваю прысутнасць на знешніх рынках толькі за кошт істотнага зніжэння цэн.

Продажам тавараў на расейскім рынку Беларусь зарабляе менш, чым за межамі СНД. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, за чэрвень бягучага года экспарт тавараў ў краіны па-за СНД вырас ў коштавым выразе больш за 1 млрд. даляраў — з 5,063 млрд. даляраў за студзень-чэрвень да 6,187 млрд. за студзень-ліпень. Экспарт у Расею вырас толькі на 600 млн. даляраў — з 2,906 млрд. даляраў да 3,521 млрд. даляраў, адзначаюць «Белорусские новости».

Агулам беларускі экспарт за 7 месяцаў знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 46,1%. Пры гэтым ў краіны па-за СНД зніжэнне склала 46,2%, а ў Расею – 46,5%. Прычым за ліпень у краіны па-за СНД зніжэнне скарацілася на 1,6 адскоткавых пункта, у той час як у Расею – на 0,4 адсоткавыя пункты.

Аднак, на думку незалежных экспертаў, у бліжэйшыя некалькі год Беларусі не атрымаецца сур’ёзна мінімізаваць сваю экспартную прывязансць да Расеі.

«Калі ў бліжэйшыя некалькі год Беларусь не адновіць экспарт у Расею, то я наогул не ўяўляю, што будзе з вашай эканомікай», — заявіў падчас міжнароднай канферэнцыі «Беларусь-Расея: ракіроўка ці перазагрузка», якая прайшла ў Менску, расейскі палітык, член федэральнай палітрады аб'яднанага дэмакратычнага руху «Салідарнасць» Уладзімір Мілаў.

Доля Расеі ў агульным аб’ёме экспарту беларускіх тавараў па-ранейшаму вялікая – 32,9%. Па шматлікіх групах расейскі рынак – асноўны. Так, на Расею прыходзіцца 99,9% экспарту мяса, абутку — 93,6%, тэлевізараў — 96,9%, дарожнай тэхнікі — 82,8%, металаапрацоўчых станкоў — 85,6%, рыбы — 81,3%, рухавікоў унутранага згарання — 79,1%, халадзільнікаў — 76,7%, мэблі — 70,7%.

Такая залежнасць прыводзіць да таго, што як толькі расейскі рынак пачынае прабуксоўваць і не набываць нашу прадукцыю, беларуская эканоміка захворвае. За першае паўгоддзе 2009 года, па дадзеных незалежных экспертаў, толькі на экспарце сродкаў наземнага транспарта ў Расею наша краіна недаатрымала ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года амаль 1 млрд. даляраў. Экспарт у Расею прадукцыі хімічнай галіны летась за 6 месяцаў прынёс 127 млн. даляраў, у гэтым — 77 млн. даляраў. Продаж тэкстылю і вырабаў з яго суседзям у студзені-чэрвені гэтага года ў параўнанні са студзенем-чэрвенем мінулага года знізіўся на 34%.

Па меркаванні экспертаў, дзеля таго, каб актывізаваць гандль не толькі з Расеяй, але і з іншымі краінамі, патрэбныя інвестыцыі і мадэрнізацыя вытворчасці.

Як лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў, у перыяд крызісу складана правесці тэхналагічнае абнаўленне, а распрацаваная праграма прыцягнення інвестыцый няўдалая. Што тычыцца прыватызацыі, як спосабу мадэрнізацыі вытворчасці, і спроб МВФ абавязаць беларускія ўлады прадаваць беларускія прадпрыемствы ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі, то і тут не ўсё так бясхмарна.

«Прыватызацыя закранае інтэрасы бюракратыі, самога Лукашэнку. Лібералізацыя прыватызацыйных працэсаў — гэта істотная страта ўлады над эканомікай. І бюракратыя нічога не хоча выпускаць з рук», — перакананы эксперт.

Беларусь моцна адстала ад шматлікіх краін у тэхналагічным плане, і павялічыць сваю прысутнасць на знешніх рынках зараз можа толькі за кошт істотнага паніжэння цэн. «Таму, на мой погляд, — кажа Леанід Злотнікаў, — на бліжэйшыя гады застаецца адзіны варыянт павелічэння продажаў за мяжой — гэта паніжэнне ўзроўня жыцця ў імя экспарту. Інакш кажучы, правядзенне дэвальвацыі, якая дапаможа экспарцёрам трохі выйграць у кошце».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках