24 лiстапада 2024, Нядзеля, 1:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар пакрывае вайсковага злачынцу, якога расшуквае Літва

41
Дыктатар пакрывае вайсковага злачынцу, якога расшуквае Літва

Аляксандр Лукашэнка выступіў у абарону генерала Уладзіміра Усхопчыка, які падчас трагічных падзеяў 13 студзеня 1991 года камандваў Віленскім гарнізонам.

Напярэдадні візіту ў Вільню, дзе адбудзецца Беларуска-літоўскі форум, Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю літоўскім СМІ.

У інтэрв’ю газеце «Lietuvos rytas» беларускі кіраўнік заявіў, што адносіны Беларусі з Літвой вельмі добрыя, а тое, што ён як прэзідэнт палітычна камусьці падаецца непадыходзячым, то гэта ўжо не яго праблема. «Шчыра кажучы, не ўскладняю сябе думкамі пра тое, чаго можна чакаць ад гэтага візіту. Нашыя адносіны з Літвой вельмі добрыя», – сказаў Лукашэнка.

Ён пацвердзіў, што ў адносінах асабліва важнае пытанне транзіту.

«Яшчэ з савецкіх часоў мы працавалі праз Калінінградскі порт – праз нашую і вашую Клайпеду. Клайпеда недалёка, нам добра вядомы шлях грузаў. Значная частка бюджэту Літвы – гэта прыбыткі за беларускі транзіт праз Клайпедскі порт. Мы з гэтага шляху зворочваць не збіраемся. (…) Кажучы гэта, хачу падкрэсліць: у нас няма вялікіх эканамічных праблем. Не ўзгадаю ніводнага факта пра эканамічныя праблемы з Літвой. Не хвалююся з-за нашых адносін з Літвой», – сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік сцвярджае, што чакае сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ: «Чакаю добрай сустрэчы са сваёй калегай прэзідэнтам Літвы – у нас ёсць пра што пагаварыць. Мы незакрытыя людзі і ведаем, чаго чакаюць нашыя народы», – сказаў ён.

«Лукашэнку ў Літве дэманізавалі, як і ў некаторых краінах Еўропы. Я ужо шмат гадоў займаю пасаду прэзідэнта. Быць можа, вам ужо надакучыла, што я ўсё яшчэ на гэтай пасадзе. Але гэта праблема кожнага чалавека ў Літве і Беларусі», – сказаў Лукашэнка.

Дыктатар заявіў, што быў сярод тых, хто падтрымліваў незалежнасць Літвы, паводле яго словаў, крытыкуючы кіраўніка Беларусі былы старшыня Вярхоўнага Савета - Аднаўленчага Сойма Літвы Вітаўтас Ландсбергіс пра гэта забывае.

«Ведаеце, дзе быў Лукашэнка ў найскладанейшы гістарычны момант, калі ў Вільні стралялі? У Вільні, у Вярхоўным Савеце. Праз барыкады мы прабіраліся ў Вярхоўны Савет да Вітаўтаса Ландсбергіса, каб выказаць салідарнасць. Мы хочам, каб у Літве быў мір», – сказаў Лукашэнка.

І ўсё ж, паводле яго словаў, зараз Ландсбергіс называе яго ворагам. «Зараз гэтага дэпутата Лукашэнку называюць дыктатарм і ворагам. Ворагам мяне лічыць і Ландсбергіс. У яго кароткая памяць», – сцвярджае Лукашэнка.

Беларускі дыктатар таксама аспрэчвае абвінавачванні ва ўкрывальніцтве віноўніка падзей 13 студзеня 1991 года Уладзіміра Усхопчыка, які аддаў загад страляць па пратэстуючым літоўцам.

«Я не ведаю такі факт, каб гэты генерал аддаваў каманду страляць. Калі б ён страляў у людзей, ён бы не толькі не атрымаў гэтую пасаду, але і дня б не прабыў тут. Чаму вашыя ўлады не прадставілі мне доказы? Мы пра гэта чуем толькі ад журналістаў», – сцвярджаў Лукашэнка і запэўніў, што калі б звярнуліся літоўскія пракуроры, то гэтае пытанне было б расследавана.

«Такое пытанне нельга ігнараваць. Калі літоўскай пракуратуры спатрэбіцца інфармацыя, мы адкажам. Гэта вашае пытанне, не нашае. У нас няма інфармацыі пра тое, што яны – ворагі. Яны сумленна, высакародна служылі Беларусі. У мяне няма да іх прэтэнзій. Наколькі мне вядома, яны ўжо на пенсіі», – сказаў Лукашэнка.

Пераклад з літоўскай – DELFI

Даведка www.charter97.org:

Нагадаем, што генерала Уладзіміра Усхопчыка ўжо шмат гадоў расшуквае літоўская пракуратура па абвінавачванні ў датычнасці да забойстваў людзей. У студзені 1991 года генерал Усхопчык камандваў Віленскім гарнізонам, менавіта яго падначаленыя стралялі ў змагароў за незалежнасць Літвы.

Вітаўтас Ландсбергіс, былы старшыня Вярхоўнага Савета Літвы, прадставіў суду запіс тэлефонных перамоваў з Усхопчыкам, калі той пагражаў ужыць сілу супраць дэманстрантаў. Ландсбергіс неаднаразова заяўляў, што «генерал Усхопчык быў актыўным удзельнікам студзеньскіх падзей, ён кіраваў Віленскім гарнізонам, і па яго загадзе танкі і бронетранспарцёры пайшлі на бяззбройных людзей».

Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ад беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта Уладзіміра Усхопчыка ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

На фота зверху: Намеснік міністра абароны Беларусі Уладзімір Усхопчык падчас вайсковага параду ў Менску 3 ліпеня 2001 года.

13 студзеня 2001 года, Вільня

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках