На змену скандальнай пастанове № 991 прыйшла пастанова № 1000 (Фота)
20- 27.08.2009, 14:06
Беларускія ўлады не адмовіліся ад ідэі кантраляваць закупку імпартных тавараў.
Праваліўшы адменай скандальнай пастановы №991 маштабны наступ на імпарцёраў і пасярэднікаў, улады не адмовіліся ад распачатай вайны за дасягненне прагнозных паказчыкаў знешняга гандлю, узяўшы на ўзбраенне тактыку правядзення менш публічных аперацый, паведамляе АФН.
На змену 991-ай пастанове прыйшла пастанова №1000, аб існаванні якой да цяперашняга часу ведалі нешматлікія з-за грыфа ДСК (для службовага карыстання).
Аднак копія пастановы №1000 была выкладзеная ў сетку інтэрнэт. «Сакрэтны» дакумент абавязвае суб'ектаў гаспадарання ўзгадняць пакупкі імпартных тавараў з кіраўніцтвам дзяржорганаў упраўлення (міністэрствы, ведамствы, менгарвыканкам і аблвыканкамы).
У тэксце пастановы не ўдакладняецца, на прадпрыемствы якой формы ўласнасці распаюсюджваецца дадзены дакумент. Аднак па грыфе ДСК можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра дзяржаўныя прадпрыемствы і прадпрыемствы з доляй уласнасці дзяржавы. Гэтую здагадку пацвярджае і загад Менгандлю Беларусі, які з'явіўся ў выкананне пастановы №1000.
Доля дзяржпрадпрыемстваў у беларускай эканоміцы складае больш за 80%, а таму не зусім зразумела спроба ўладаў засакрэціць дадзены дакумент. Занадта шырокае кола патэнцыйных выканаўцаў гэтай пастановы, а таму праз месяц дакумент не быў таямніцай для шырокай грамадскасці.
Ці можа дадзеная пастанова абмежаваць імпарт – вялікае пытанне. Але ланцужок узгадненняў гэты дакумент значна падаўжае. Акрамя таго з'яўленне гэтай пастановы яшчэ раз пацвярджае прыхільнасць урада метадам адміністрацыйна-каманднага кіравання эканомікай і адсутнасць якіх-небудзь дзейсных планаў па выхадзе краіны з крызісу ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Забараніць, абмежаваць, урэзаць – гэта адзінае, на што здольна цяперашняе кіраўніцтва, якое працягвае цешыць сябе надзеямі, што крызіс вось-вось скончыцца, адновіцца попыт і ВУП папрэ дакрызіснымі тэмпамі.
З такімі антыкрызіснымі мерамі дзень можа яшчэ і прастаім, але вось ноч сапраўды не пратрымаемся.
Нагадаем, што 28 ліпеня ў Беларусі ўступіла ў сілу пастанова Саўміна №991, якая адмяняе інстытут пасярэднікаў. Паводле пастановы, усе юрасобы павінны набываць тавары толькі ў непасрэдных вытворцаў або ў афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.
Кіраўнік урада Сяргей Сідорскі прывёў аргументы на карысць забароны пасярэднікаў. Па яго словах, розніца ў кошце на адзін і той жа тавар, які набываюць беларускія прадпрыемствы на тэрыторыі рэспублікі, складае ад 30% да 260%.
4 жніўня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прэм'ер-міністра «неадкладна разабрацца» з 991-ай пастановай. Увечары таго ж дня стала вядома, што Савет міністраў адмяніў гэты дакумент. Па словах бізнэсмэнаў, за дні вымушанага прастою з-за прынятай пастановы №991 беларускія кампаніі панеслі страты ад 5 да 100 тысяч даляраў.