25 снежня 2024, Серада, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатка» яшчэ «папрацуе» над пытаннем Паўднёвай Асеціі і Абхазіі

13

Над пытаннем аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі «беларускія дэпутаты» будуць працаваць у міжсесіённы перыяд.

Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс- Захад» у сераду старшыня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі Сяргей Маскевіч.

«Натуральна, мы будзем працаваць над гэтым пытаннем. У цяперашні час яно знаходзіцца ў нашай камісіі», - адзначыў Маскевіч.

«Відавочна, што для Расеі гэтае пытанне з'яўляецца важным. Але яно ніколі не ставілася імі ў якасці прынцыповага, асабліва значнага, пытання, якое магло б паўплываць на двухбаковыя адносіны», - сказаў кіраўнік парламенцкай камісіі, кажучы пра магчымую рэакцыю расейскіх калегаў на тое, што пытанне па Паўднёвую Асецію і Абхазію засталося неразгледжаным беларускім «парламентам» на вясновай сесіі.

Пры гэтым, адзначыў Маскевіч, «напэўна, незадавальненне ў той ці іншай ступені прысутнічае. Іншая справа, што з іх боку ёсць і разуменне», - сказаў беларускі «палатачнік».

Нагадаем, што на дадзены момант Паўднёвую Асецію і Абхазію прызнала толькі Расея. Таксама пытанне аб прызнанні выносіў на абмеркаванне прэзідэнт Нікарагуа, аднак парламент адхіліў яго прапанову. Астатнія краіны лічаць Абхазію і Паўднёвую Асецію часткай Грузіі.

Пра тое, што Беларусь прызнае незалежнасць Абхазіі Паўднёвай і Асеціі, Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ ў верасні мінулага года. Пазней прэзідэнт непрызнанай Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты паведаміў, што беларускі кіраўнік яму асабіста абяцаў прызнанне незалежнасці ПА і Абхазіі. Затым палітычная кан'юнктура змянілася, а Лукашэнка адкрыта заявіў, што з прызнаннем незалежнасці «спяшацца не будзе».

У траўні прэзідэнт Абхазіі Сяргей Багапш прыняў кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзіміра Макея і першага намесніка кіраўніка яго справамі Мікалая Корбута. У адміністрацыі Лукашэнкі і Міністэрстве замежных справаў Беларусі адмаўляліся казаць пра мэты візіту беларускіх чыноўнікаў у непрызнаную рэспубліку.

18 траўня спікер Дзярждумы РФ Барыс Грызлоў заявіў, што беларускія ўлады абяцалі прызнаць незалежнасць тэрыторый Грузіі яшчэ ў красавіку.

У інтэрв'ю расейскім СМІ у пачатку чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Расея патрабуе ад яго прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ў абмен на крэдыты. Аднак шматлікія незалежныя эксперты ацанілі гэтую заяву як падлашчванне да Еўразвяза для атрымання еўрапейскіх грошай.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках