28 лiстапада 2024, Чацвер, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Светлакоў: Перакрываць «Пражэктарпэрысхілтан» - дурныя дзіцячыя гульні

54
Сяргей Светлакоў: Перакрываць «Пражэктарпэрысхілтан» - дурныя дзіцячыя гульні

Адзін з вядучых папулярнай тэлепраграмы у эксклюзіўным інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 пракаментаваў увядзенне беларускімі ўладамі цэнзуры на жарты пра Лукашэнку.

Нагадаем, што размяшчэнне відэа непажаданай беларускім уладам тэлепраграмы магло стаць адной з прычын масіраванай DdoS-атакі, якая паралізавала працу нашага сайта ў гэтыя дні.

-- Сяргей, як вы пракаментуеце той факт, што беларускія ўлады цэнзуруюць праграму «Пражэктарпэрысхілтан» і не прапускаюць вашыя жарты з нагоды Лукашэнкі?

-- Дзякуй богу, ёсць Інтэрнэт, і той, хто шукае, той заўсёды знойдзе. Вось так я пракаментую.

-- Чаму Лукашэнка так баіцца Светлакова, Урганта, Марцірасяна і Цэкала?

-- Мне здаецца, ён не нас баіцца. Ён больш сябе баіцца. Чаго нас баяцца? Баяцца жартаў? Пра Лукашэнку так даўно ўжо жартуюць (і ў КВЗ, і ў «Comedy Club»), што ў яго ўжо павінен выпрацавацца імунітэт. Мы таксама жартуем і каментуем рэчы, якія адбываюцца ў свеце са сваіх асабістых пазіцый.

Перакрываць у Беларусі праграму «Пражэктарпэрысхілтан» - дурныя дзіцячыя гульні. Той, хто хоча паглядзець – усё роўна паглядзіць. Правільна? Калі я даведаўся, што нас перакрываюць у Беларусі, я гэтаму абсалютна не здзівіўся. Не бачу ў гэтым ніякіх праблем і сенсацый.

-- Ці разумееце вы, што цяпер самі сталі «адмарозкамі»?

-- Гэта як у хіміі: ёсць два элементы, і не абавязкова яны павінныя злучыцца, нават калі знаходзяцца ў адной колбе. Ніякіх высноваў я не раблю. У праграме «Пражэктарпэрысхілтан» я абмяркоўваю канкрэтныя ўчынкі. Чалавек нешта зрабіў -- я выказваю сваё меркаванне. І не хачу быць прылічаным ні да «адмарозкаў», ні да «жопалізаў». Я выказваю сваё асабістае стаўленне. І, дзякуй Богу, што ў мяне для гэтага ёсць рупар. У дадзеным выпадку на Першым канале.

-- Дарэчы, вы, мусіць, спецыяльна не ўдзельнічалі ў апошняй праграме «Пражэктарпэрысхілтан», таму што ведалі, што гнеў Лукашэнкі будзе страшным?

-- Ды глупа нечага баяцца. Я і ў нашай краіне нічога не баюся, і ў іншай не баюся. Нажаль, вярнуўшыся з ЗША, я трохі прыхварэў, таму не змог прыняць удзел у праграме. Хоць вельмі моцна хацеў.

На самой справе ўсё можна, калі асцярожна, з розумам. Я супраць усяго радыкальнага. Пра ўсе можна жартаваць, з усімі можна дамаўляцца. Галоўнае ў крайнасці не ўпадаць: не выходзіць са зброяй на вуліцы і азадак не лізаць. Вось і ўсё.

-- Вы даўно былі ў Беларусі? Як вы ставіцеся да перспектывы, што пасля віртуальных персон нон грата вам рэальна забароняць уезд у Беларусь?

-- У Беларусі я быў у апошні раз дзесьці паўгады таму. Да гэтага я бываў часцей, раз у тры-чатыры месяцы. У любым выпадку тут у мяне шмат сяброў. Бывае перыядычна нейкая праца. Я езджу ў Менск па сяброўстве і па працы. А з нагоды таго, што я стану персонай, якой забаронены ўезд у краіну, то я моцна сумняюся, што гэта адбудзецца. Я нават у Амерыку зараз з'ездзіў, так што, думаю, у Беларусь мяне ўпусцяць.

Калі я прыйшоў у амерыканскую амбасаду, амерыканцы на ангельскай мове казалі «Пражэктарпэрысхілтан» і пыталіся: «Амерыка ням-ням-ням?». Я казаў «Ну, так…». Думаў, візу мне, вядома, не дадуць. Але далі з задавальненнем, сказалі: «Едзь, усё нармальна. Жартуйце, як хочаце наогул». Што датычыцца Беларусі, то я думаю, што наш прыезд выкліча большы скандал, чым наш непрыезд.

А канцэрт наш, магчыма, будзе ў Менску. Калі-небудзь. Прапанова з нагоды канцэрту «Пражэктарпэрысхілтан» існуе даўно. Думаю, у любым выпадку, калі ён адбудзецца, гэта будзе вельмі вясёлы канцэрт.

-- А чаму яго не было ў Менску дагэтуль?

-- Проста нас чацвярых цяжка сабраць разам. Тым больш улетку мы наогул усе раз'яжджаемся. Адзін з'ехаў у Еўропу на паўтара месяцы, іншы ў іншае месца. У гэтыя выходныя выходзіць апошні «Пражэктарпэрысхілтан», і перапынак будзе да восені. А ўвосень можа ўсё адбыцца. Увосень мы сапраўды куды-небудзь паедзем. Для нас гэта больш не камерцыя, а творчае развіццё, новая кроў, зносіны з народам.

-- Сяргей, што б Вы хацелі сказаць вашым гледачам у Беларусі і чытачам сайта Хартыі’97?

-- Я бы хацеў пажадаць усім вялікага здароўя і разумных думак.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках