24 снежня 2024, aўторак, 5:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Налёт на хату, дзе праводзяць галадоўку пратэсту апазіцыянеры

7

У пятніцу ўвечары у Гомелі міліцыянты і людзі ў цывільным уварваліся ў прыватную хату дэмакратычнага актывіста.

Тут у знак пратэсту супраць судовага пакарання за акцыю памяці выкрадзенага экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі галадаюць яе ўдзельнікі, далучыўшыся да сухой галадоўкі актывіста апазіцыі Уладзіміра Кацоры, арыштаванага на трое сутак.

Як паведаміў «Радыё Свабода» старшыня абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, які таксама галадае ў хаце па адрасе Палеская, 52, людзі ў цывільным сарвалі расцяжку з надпісам «Галадоўка пратэсту». Налётчыкі замахваліся на Палякова з кулакамі.

Расцяжка была замацаваная ў двары паміж двума высокімі шастамі. Напісанае можна было чытаць з вуліцы.

Напярэдадні група міліцыянтаў сарвала аналагічную расцяжку, а таксама сцяг Еўразвяза і бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг з франтона хаты.

Расправіўшыся з плакатам пра галадоўку, міліцыянты ўвайшлі ў хату. Тут пачыналася літаратурна-музычная вечарына «Псалтыр Анатоля Сыса», прысвечаная 50-годдзю паэта. У мерапрыемстве прымалі ўдзел бард Андрэй Мельнікаў, паэтка Ларыса Раманава, мастак Алесь Пушкін. Міліцыянты перапісалі пашпартныя звесткі прысутных.

Сем гомельскіх апазіцыянераў 26 чэрвеня абвясцілі пра пачатак галадоўкі ў знак пратэсту супраць незаконнага пераследу ўдзельнікаў акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей». Акцыя была праведзеная 7 траўня, у дзесятую гадавіну знікнення былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.

Нагадаем, што 25 чэрвеня сухую галадоўку абвесціў арганізатар акцыі Уладзімір Кацора, асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту. 26 чэрвеня да галадоўкі далучыліся ўдзельнікі акцыі Васіль Палякоў, Анатоль Паплаўны, Юры Захаранка і Пётр Кузняцоў, а таксама салідарныя з імі Уладзімір Сякерка, Валеры Рыбчанка і Святлана Міхальчанка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках