24 лiстапада 2024, Нядзеля, 1:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» пагражае Беларусі судом і скарачэннем паставак газу (Абноўлена)

36

Расейская кампанія настойвае на выплаце беларускімі ўладамі доўгу ў памеры 244 мільёнаў даляраў.

ААТ «Газпрам» патрабуе выплаціць доўг у ліпені, паведаміў старшыня праўлення канцэрна Аляксей Мілер на прэс-канферэнцыі ў пятніцу.

«Доўг Беларусі складае $244 мільёна. Яны павінны аплаціць у ліпені гэтага года, у адваротным выпадку мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з умовамі кантракту. Мы можам звярнуцца ў суд і таксама можам пайсці на скарачэнне аб'ёмаў пастаўкі», - сказаў Мілер.

«Спадзяемся, што назапашаная з пачатку года запазычанасць будзе выплачаная», - дадаў ён.

Беларусь павінна аплачваць расейскі газ паводле дзейснага кантракту, гэта значыць па формуле кошту, а не па сярэднегадавым кошце газу, заявіў Мілер.

Ён адзначыў, што магчымасць аплаты Беларуссю газу па сярэднегадавым кошце сапраўды абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўніцтва краінаў. Аднак гэтае палажэнне не знайшло адлюстравання ў дадатковым пагадненні да раней падпісанага кантракту. Такім чынам, Беларусь павінна плаціць за газ па формуле з улікам каэфіцыентаў на 2009 год.

Нагадаем, што раней кампанія «Газпрам» патрабавала ад «Белтрансгаза» выплаціць запазычанасць у памеры 230 мільёнаў даляраў. «Газпрам» таксама настойвае на выплаце сумы запазычанасці за пастаўлены ў Беларусь у студзені-красавіку газ, на выплаце пені, а таксама штрафаў за недабор газу ў аб'ёмах, прадугледжаных кантрактам. Беларусь у сваю чаргу адказала, што ніякіх даўгоў перад Расеяй не мае.

15 чэрвеня расейская газета «Коммерсант» напісала, што ў сувязі з рэзкім пагаршэннем расейска-беларускіх адносінаў і апошнім дэмаршам Аляксандра Лукашэнкі, які адмовіўся ехаць у Маскву на саміт АДКБ, «ужо ў хуткім часе Масква можа пачаць новую атаку на Менск. Гэтым разам — газавую».

Пытанне пра кошт на газ для Беларусі абмяркоўвалася Дзмітрыем Мядзведзевым і Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў снежні 2008 года. Тады яны дамовіліся, што кошт будзе разлічвацца па наступнай формуле: сярэднееўрапейскі кошт з паніжальным каэфіцыентам 0,8 за вылікам транспартных выдаткаў і экспартнай пошліны. Праўда, у першым квартале 2009 года Менск «не заўважыў» падвышэння кошту на газ са 128 да 210 даляраў за тысячу кубаметраў і аплаціў пастаўкі па ранейшым тарыфе, назапасіўшы за зіму доўг перад «Газпрамам» каля 70 млн. У канцы сакавіка падчас перамоваў двух прэзідэнтаў у Завідава рашэнне, здавалася, было знойдзена. Масква дазволіла Менску аплачваць расейскі газ па сярэднегадавым кошце каля 150 даляраў за тысячу кубаметраў, прычым перыяд канчатковага разліку быў перанесены на канец года. Аднак гэтая дамоўленасць засталася вуснай. Гэтую акалічнасць Расея можа выкарыстаць як інструмант дадатковага ціску на Менск, патрабуючы выконваць умовы кантракту 2006 года і аплачваць пастаўкі газу паквартальна.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках