26 снежня 2024, Чацвер, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнкаўскую «палатку» не пусцілі ў ПАРЕ

32
Лукашэнкаўскую «палатку» не пусцілі ў ПАРЕ

Статут спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы будзе вернуты «парламенту» Беларусі на год толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Канчатковае рашэнне прыме Бюро ПАРЕ 7 верасня.

Абмеркаванне беларускага пытання на сесіі пачалося з выступу спецдакладчыка ПАРЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні. Ён прадставіў даклад і праект рэзалюцыі, якая прадугледжвае вяртанне беларускаму парламенту статусу спецзапрошанага.

На дэбатах, якія адбыліся затым, віцэ-старшыня камітэта ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Хрыстас Пургурыдзес прапанаваў вярнуць статус спецыяльнага запрошанага толькі пасля ўвядзення ў краіне мараторыя на смяротнае пакаранне, перадае БелаПАН.

Кажучы пра важнасць ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, Пургурыдзес падкрэсліў: «У Беларусі расстрэльваюць людзей, а сем'ям пакараных не выдаюць іх целы і не паведамляюць, дзе іх пахавалі».

Паводле яго словаў, «неабходна зрабіць яшчэ вельмі вялікую працу», перш чым надаць беларускаму «парламенту» статус спецыяльнага запрошанага.

«У Беларусі адбываецца шмат няправільнага. Надаючы статус, нам неабходна высунуць беларускім уладам пэўныя ўмовы», — перакананы Пургурыдзес.

Большасць дэпутатаў ПАРЕ прагаласавалі за прыняцце гэтай папраўкі ў рэзалюцыю.

У рэзалюцыі адзначаецца: «Прымаючы пад ўвагу, што Беларусь далёкая ад стандартаў Рады Еўропы ў галіне дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, але за апошні час яе ўлады распачалі важныя крокі ў правільным накірунку, Асамблея пастанаўляе стымуляваць краіну да працягу гэтага працэсу шляхам усталявання з уладамі палітычнага дыялогу, у той жа час працягваючы садзейнічаць умацаванню дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці ў краіне».

Адзначаецца таксама, што за апошні час у Беларусі «адбыліся важныя падзеі». У прыватнасці, у 2008 годзе былі вызваленыя дзевяць актывістаў апазіцыі, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін.

«У выніку гэтага ў Беларусі не засталося міжнародна прызнаных палітычных зняволеных. Асамблея вітае такі істотны прагрэс і заклікае зрабіць яго незваротным», — кажацца ў рэзалюцыі.

Сярод іншых станоўчых крокаў Менска называецца рэгістрацыя руху «За свабоду!», вяртанне ў сістэму дзяржаўнай рэгістрацыі і распаўсюду газетаў «Народная воля» і «Наша Ніва», стварэнне грамадска-кансультацыйных радаў, сыход у адстаўку з пасады міністра ўнутраных справаў Беларусі Уладзіміра Навумава, які «лічыцца датычным да знікнення чатырох палітычных апанентаў у 1999—2000 гадах».

«Дадатковую значнасць гэтым падзеям надае тое, што яны з'яўляюцца адказам на канкрэтныя патрабаванні еўрапейскіх арганізацыяў і што гэтыя дзеянні зробленыя ў кантэксце аднаўлення палітычнага дыялогу з кіраўніцтвам Беларусі», — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Разам з тым, кажацца ў дакуменце, нягледзячы на пазітыўныя змены, «сітуацыя ў Беларусі працягвае выклікаць заклапочанасць».

У прыватнасці, парламенцкія выбары ў верасні 2008 года не адпавядалі еўрапейскім стандартам, працягваецца пераслед і запалохванне актывістаў апазіцыі, палітычныя і праваабарончыя арганізацыі па-ранейшаму «сутыкаюцца з перашкодамі пры рэгістрацыі», журналісты недзяржаўных і замежных СМІ сутыкаюцца са складанасцямі пры атрыманні акрэдытацыі.

ПАРЕ заклікала ўлады да правядзення незалежнага расследавання па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў з тым, каб «высветліць, ці з'яўляюцца гэтыя асобы палітвязнямі, і калі гэта так, дамагчыся іх вызвалення».

Акрамя таго, Асамблея заклікае Менск зняць судзімасць з былых палітвязняў для забеспячэння ім магчымасці ў поўным аб'ёме карыстацца сваімі грамадзянскімі і палітычнымі правамі; устрымацца ад пераследу і запалохвання актывістаў апазіцыі; спыніць практыку прымусовага прызыву на ваенную службу; дазволіць рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі «Наша вясна»; забяспечыць захаванне правоў грамадзянаў на свабоду сходаў, асацыяцыяў, свабоду слова і меркаванняў; рэфармаваць выбарчае заканадаўства Беларусі з улікам рэкамендацыяў АБСЕ.

Асобна радком у рэзалюцыі абумоўлена: пакуль у беларускім «парламенце» «не будзе належным чынам прадстаўленая апазіцыя», дэлегацыя пазапарламенцкай апазіцыі будзе абавязкова запрашацца на кожную сесію ПАРЕ, а таксама «кожны раз, калі пытанне аб Беларусі будзе фігураваць у парадку дня камісіі ПАРЕ».

Беларусь у 1993 годзе атрымала статус «спецыяльна запрошанага» ПАРЕ. Аднак у 1996 годзе пасля рэферэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта на шкоду парламенту, просьба аб уступленні была «замарожаная». У 1997 годзе Менск быў пазбаўлены гэтага статусу. З гэтага моманту беларускія ўлады неаднаразова рабілі спробы вярнуцца ў Страсбург.

«Парламенцкія выбары» у Беларусі, якія прайшлі ўвосень мінулага годы, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю таксама несвабоднымі і недэмакратычнымі.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках