26 снежня 2024, Чацвер, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар не паехаў у Маскву і ўводзіць кантроль на мяжы з Расеяй

149
Дыктатар не паехаў у Маскву і ўводзіць кантроль на мяжы з Расеяй

Беларусь у нядзелю накіравала ў Сакратарыят Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы ноту, у якой паведамляецца аб няўдзеле беларускай дэлегацыі ў паседжанні АДКБ.

У ноце адзначаецца, што нельга весці размову аб пытаннях забеспячэння вайсковай бяспекі ў межах АДКБ, калі па віне аднаго з удзельнікаў Арганізацыі падрываюцца асновы гэтай бяспекі, у прыватнасці эканамічнай бяспекі.

З афіцыйнай заявай па гэтай падставе выступіла Міністэрства замежных спраў Беларусі.

"У сітуацыі, якая склалася, Беларусь, якая чакала да апошняга моманту адмены дыскрымінацыйнай забароны (на пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею - заўв. Хартыі'97) і ўрэгулявання пытання ва ўсталяваным дзеючымі міжнароднымі пагадненнямі парадку, была вымушаная прыняць рашэнне аб адмене свайго ўдзелу ў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ 14 чэрвеня 2009 года ў Маскве", - заявіў прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў.

Распаўсюдзіла таксама адпаведную заяву прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

"На прасторы АДКБ у апошні час ярка выявіліся факты відавочнага падрыву эканамічнай бяспекі дзяржаваў — удзельніц Арганізацыі. І гэта пры тым, што ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу пытанні эканамічнай устойлівасці ўстаюць асабліва востра, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Таму было б проста насмешкай над разумным сэнсам спрабаваць сумясціць рашучыя крокі па стварэнні механізмаў вайсковага забеспячэння калектыўнай бяспекі і гандлёвыя войны адных удзельнікаў Арганізацыі супраць іншых.

Аксіёмай з'яўляецца тэзіс аб тым, што эканоміка служыць падмуркам нашай агульнай бяспекі. Аднак калі бліжэйшы саюзнік Беларусі па АДКБ спрабуе, цалкам усведамляючы адбывалае, знішчыць гэтую аснову, фактычна паставіць беларусаў на калены — як у такой сітуацыі можна казаць аб умацаванні калектыўнай бяспекі на агульнай прасторы Арганізацыі?", — вядзецца ў заяве прэс-службы Лукашэнкі.

Усё вырашылася на нарадзе па малацэ

Дадзеныя рашэнні былі прынятыя беларускім кіраўніком пасля нарады па сітуацыі з пастаўкамі малака і малочнай прадукцыі ў Расейскую Федэрацыю.

Як паведамляла афіцыйнае агенцтва БелТА, 13 чэрвеня Аляксандру Лукашэнку была дакладзеная карціна адбывалага. Па прадстаўленай інфармацыі, беларускі бок "няўхільна выконвае ўсе патрабаванні расейскага заканадаўства па пастаўках малака і малочнай прадукцыі". Лукашэнка быў праінфармаваны аб тым, што "нягледзячы на ўсе намаганні, прадпрынятыя беларускім бокам па выхадзе з крызіснай сітуацыі, расейскі бок дэманструе негатовасць да разрашэння праблемы".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адклаў да раніцы вылет у Маскву для ўдзелу ў сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Лукашэнка даў даручэнне прэм'ер-міністру, кіраўніку сваёй адміністрацыі, дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекі, кіраўнікам іншых дзяржорганаў па прыняцці мер, накіраваных на рашэнне дадзенай праблемы. Даручана таксама праінфармаваць кіраўнікоў іншых дзяржаваў - удзельніц АДКБ па сутнасці сітуацыі, якая склалася.

Сідорскі з Пуціным двойчы пагаварылі па тэлефоне

Як стала вядома БелТА, адбыліся дзве тэлефонныя размовы паміж прэм'ерам-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім і старшынём урада Расейскай Федэрацыі Ўладзімірам Пуціным, падчас якіх было прапанавана ў разрашэнні сітуацыі вакол паставак малака і малочнай прадукцыі кіравацца міжнароднымі пагадненнямі, заключанымі паміж Беларуссю і Расеяй.

У канфлікт умяшаліся Саўбезы абедзвюх краін

Адбылася тэлефонная размова дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Юрыя Жадобіна з сакратаром Савета Бяспекі Расейскай Федэрацыі Мікалаем Патрушавым, падчас якой да разумення расейскага боку была даведзеная пазіцыя Беларусі ў пытанні паставак малака і малочнай прадукцыі ў Расею.

У гутарцы было адзначана, што негатовасць расейскага боку да разрашэння крызіснай сітуацыі ставіць пад сумнеў магчымасць удзелу беларускай дэлегацыі ў сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, якая была вызначаная на 14 чэрвеня.

Беларусь можа хуткім часам увесці кантроль на беларуска-расейскай мяжы

Аляксандр Лукашэнка даручыў мытнаму і памежнаму ведамствам рэспублікі падрыхтаваць прапанову па ўвядзенні мытнага і памежнага афармлення на беларуска-расейскай мяжы па аналогіі з тым, якое ў цяперашні час ажыццяўляе расейскі бок, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» у суботу крыніца ў адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

«Кіраўнік беларускай дзяржавы даручыў Дзяржаўнаму мытнаму камітэту і Дзяржаўнаму памежнаму камітэту занесці прапановы па ўвядзенні мытнага і памежнага афармлення на беларуска-расейскай мяжы па аналогіі з тым, як гэтае афармленне ажыццяўляе ў цяперашні час расейскі бок», - адзначыў суразмоўца агенцтва.

Як паведамлялася, Расея ўвяла забарону на ўвоз і абарачэнне каля 1200 найменняў малочнай прадукцыі з Беларусі. У мінулую суботу Расспажыўнагляд забараніў увоз 600 найменняў беларускай малочнай прадукцыі па прычыне незахавання вытворцамі ў Беларусі новага расейскага тэхнічнага рэгламенту на малако.

У аўторак расейская санітарная служба забараніла яшчэ каля 600 найменняў малочнай прадукцыі з Беларусі, матывуючы сваё рашэнне выяўленымі парушэннямі ў санітарна- эпідэміялагічнай дакументацыі.

Менск аспрэчвае прынятыя на саміце АДКБ рашэнні

Тым не менш у адсутнасць Лукашэнкі 14 чэрвеня на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы было падпісанае пагадненне аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ.

Перад пачаткам саміту беларускі бок заявіў, што не даваў згоду на прыняцце рашэнняў на мерапрыемствах АДКБ. Каментуючы сітуацыю, якая склалася, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў, у прыватнасці, заявіў: «Немагчымасць прыняць рашэнне без кансенсусу ўсіх дзяржаваў — удзельніц АДКБ відавочная. Беларусь была вымушаная накіраваць адпаведную ноту ў Сакратарыят АДКБ толькі пасля таго, як, нягледзячы на ўсю відавочнасць гэтага, прагучаў шэраг заяваў з боку афіцыйных прадстаўнікоў адной з дзяржаваў — удзельніц арганізацыі, сутнасць якіх у тым, што неўдзел іншай дзяржавы — удзельніцы АДКБ у Савеце калектыўнай бяспекі павінны быць праігнараваны і што, маўляў, дакументы, вынесеныя на разгляд маскоўскай сесіі АДКБ, могуць быць ухваленыя і без удзелу гэтай дзяржавы. Гэта спроба ігнараваць не толькі прынцыповую пазіцыю дзяржавы — удзельніцы АДКБ, але і ігнараваць асноватворнае правіла арганізацыі — правіла кансенсусу пры прыняцці рашэнняў, якое гарантуе на практыцы няўхільны ўлік меркавання ўсіх без выключэння ўдзельнікаў арганізацыі ў такой важнай справе, як бяспека».

Напісаць каментар 149

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках