25 снежня 2024, Серада, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Праляскоўскі: Ідэолагаў у крызіс скарачаць не будуць

16

Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры адміністрацыі Лукашэнкі крытычна ацаніў антыкрызісныя прапановы беларускага праваабаронцы.

Як паведаміў БелаПАН мазырскі актывіст апазіцыі і праваабаронца Павел Ноздра, у красавіку ў адміністрацыю Лукашэнкі ён накіраваў свае прапановы па выхадзе з крызісу. Для эканоміі сродкаў бюджэту і падвышэнні рэйтынгу краіны ў вачах замежных інвестараў праваабаронца прапанаваў скараціць ідэалагічны апарат, ліквідаваўшы пасады ідэолагаў, а ГА "БРСМ" перавесці на самафінансаванне. Прапановы актывіста таксама датычыліся адмены ільгот дэпутатам парламента, абмежавання максімальнай заработнай платы кіраўнікам прадпрыемстваў і дзяржслужчыноўнікам. Ноздра прапаноўваў спыніць рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў, бо дадзеныя дзеянні адпуджваюць замежных інвестараў.

У адказе за подпісам кіраўніка цэнтра Алега Праляскоўскага з нагоды скарачэння ідэолагаў адзначана, што "прапаноўваючы ліквідаваць пасады ідэалагічных працаўнікоў, Ноздра тым самым прапаноўвае ўладам бяззбройную палітыку". "Зразумела, такой прапановы ніякая ўлада прыняць не можа, таму што яна носіць антыдзяржаўны характар. Прапанова аб скарачэнні ідэалагічнага апарата шляхам ліквідацыі пасад ідэалагічных працаўнікоў з’яўляецца невырашальнай супярэчнасцю, бо нельга скараціць апарат, калі будуць ліквідаваныя ягоныя працаўнікі, паколькі ў такім разе няма чаго будзе скарачаць", - растлумачылі чыноўнікі.

Паводле адказу, прапанова аб пераводзе БРСМ да 2010 года на самафінансаванне ўжо змяшчаецца ва ўказе Лукашэнкі.

Што датычыцца дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў", то, паводле адказу Праляскоўскага, яны не валодаюць ніякімі персанальнымі ільготамі, якія выходзяць за межы іхняй прафесійнай дзейнасці. Прапанова аб абмежаванні максімальнага заробку працаўнікоў прадпрыемстваў, у тым ліку і кіраўнікоў прадпрыемстваў, па словах супрацоўнікаў цэнтра, "з эканамічнага пункту гледжання абсурдная, а з палітычнай - наіўная". Актывіста запэўнілі, што заробак дзяржчыноўнікаў не перавышае ўзроўня заробку кваліфікаваных спецыялістаў у прамысловасці і іншых сферах.

"Прапанова аб спыненні рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў невыканальная па той простай прычыне, што нельга супрацьдзейнічаць чамусьці, чаго няма ў рэчаіснасці. Таму казаць аб нейкіх рэпрэсіях у нашай рэспубліцы супраць дэмакратычных актывістаў проста несур'ёзна", - лічаць чыноўнікі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках